Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі (за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў з улікам інфляцыі) за студзень—жнівень 2016 года знізіліся на 7,1% у параўнанні з аналагічным леташнім паказчыкам, паведаміў Белстат. Гэта самае глыбокае падзенне даходаў за апошнія 20 месяцаў.

Даходы насельніцтва падаюць з пачатку 2015 года: у студзені — на 1,4% у параўнанні з такім жа перыядам 2014 года; у студзені—лютым — на 2,3%; студзені—сакавіку — на 4%; студзені—красавіку — на 4,1%; студзені—маі — на 4,7%; студзені—чэрвені — на 5,3%; студзені—ліпені — на 5,4%; студзені—жніўні — на 5,5%; студзені—верасні і студзені—кастрычніку — на 5,6%; студзені—лістападзе — на 5,5%; за год — на 5,9%. У студзені 2016 года зніжэнне склала 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені—лютым — 6,4%, студзені—сакавіку — 6,5%, студзені—красавіку — 6,8%, у студзені—маі, студзені—чэрвені і студзені—ліпені — 7%.

Па выніках васьмі месяцаў 2016 года ў агульным аб'ёме грашовых даходаў аплата працы займала 61,8%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 8,3%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 23,9%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 6%.

На думку экспертаў, рост даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах будзе невялікім. «У гэтай пяцігодцы можна разлічваць на вельмі сціплы рост даходаў насельніцтва пры адсутнасці эканамічных рэформаў. І нават калі яны адбудуцца, эфект мы адчуем няхутка, так што і ў гэтым выпадку прарываў у частцы павелічэння даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах чакаць не варта», — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

«У 2016—2020 гадах мяркуецца, што эканоміка будзе расці на лічаныя працэнты. Ніякіх рэсурсаў, каб павышаць даходы насельніцтва больш хуткімі тэмпамі, у дзяржавы сёння (ва ўмовах значных выплат па ўнутраных і знешніх даўгах) няма», — мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Між тым Мінэканомікі чакала, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2016 года знізяцца на 1,5% да адпаведнага перыяду 2015 года, а ў першым паўгоддзі будуць на леташнім узроўні, па выніках дзевяці месяцаў вырастуць на 0,1%, па выніках года — на 0,5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?