Сусветны банк пацвердзіў намер аб выдзяленні крэдыту ў памеры 150 млн долараў ЗША на рэканструкцыю аўтадарогі М-5 Мінск — Гомель на ўчастку Мінск — Бабруйск. Пра гэта паведамілі ў дэпартаменце «Белаўтадар» Міністэрства транспарту і камунікацый.

У дэпартаменце адказалі, што арыенціровачныя тэрміны падпісання пагаднення аб выдзяленні пазыкі запланаваныя на другое паўгоддзе 2010 года, а пачатак паступлення крэдытных сродкаў чакаецца ў першым квартале 2011 года. Сумесна з банкам вядзецца падрыхтоўка неабходных матэрыялаў па гэтым пытанні.

У «Белаўтадары» таксама падкрэслілі, што мэтанакіраваная праца па прыцягненні замежных інвестыцый для рэалізацыі дарожных праектаў вялася на працягу ўсяго мінулага года. Інвестыцыйныя прапановы па рэканструкцыі ўчасткаў аўтамабільных дарог, што злучаюць Мінск з абласнымі цэнтрамі, у тым ліку і дарогі М-5 Мінск — Гомель, з указаннем канкрэтных участкаў і прадугледжваемых аб’ектаў замежных інвестыцый былі адпраўлены і прапрацаваны: з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця; Сусветным банкам; японскім банкам «Намура» і яго прадстаўніцтвам у СНД. Праведзена работа з расійскімі «Банкам Масквы» і «Знешэканамбанкам», французскай кампаніяй «Буіг», італьянскім канцэрнам «Фінмеканіка», украінскай дзяржаўнай карпарацыяй «Укртрансбуд».

Дарожныя інвестыцыйныя праекты былі таксама паказаны на беларуска-літоўскім эканамічным форуме і на Беларускім інвестыцыйна-эканамічным форуме.

Падчас падпісанага з французскай кампаніяй «Буіг» мемарандума аб узаемаразуменні праводзіцца работа па інвестыцыйным праекце рэканструкцыі дарогі М-5 Мінск — Гомель на ўчастку Бабруйск — Жлобін.

Аўтадарога М5 Мінск — Гомель, якая супадае з еўрапейскім маршрутам E271, уваходзіць у склад галіны B дзевятага пан’еўрапейскага транспартнага калідора. Дарога адгаліноўваецца ад магістралі М4 у раёне пасёлка Прывольны і праходзіць міма Мар’інай Горкі, Асіповічаў, Бабруйска, Жлобіна да Гомеля.

У 1994–1998 гадах урад Беларусі прыцягваў крэдыт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў памеры 50 млн долараў ЗША для прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі патрабаваннямі аўтадарогі М1/Е30 Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі, якая мае працягласць па тэрыторыі Беларусі 610 км.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?