Памёр Мухамед Алі — тытан сусветнага спорту ХХ ст.

У ЗША памёр адзін з самых знакамітых баксёраў ХХ ст. Мухамед Алі, паведамляюць амерыканскія СМІ. Яму было 74 гады.

04.06.2016 / 07:55

Reuters.com

Мухамед Алі памёр у бальніцы Фінікса, куды яго прывезлі некалькі дзён таму. Тады паведамлялася, што ў баксёра праблемы з лёгкімі, але ўчора яго стан рэзка пагоршыўся, і родным сказалі рыхтавацца да пахавання.

Мухамед Алі некалькі гадоў змагаўся з хваробай Паркінсона.

Sport Illlustrated

Мухамед Алі (Касіус Марсэлус Клей) нарадзіўся ў 1942 г. у Луісвіле. Меў мянушкі «Народны чэмпіён», «Найвялікшы», алімпійскі чэмпіён 1960 г., правёў 61 бой, з іх перамог у 56 (37 накаўтам), абсалютны чэмпіён свету ў цяжкай вазе (1964—1966, 1974—1978).

Неаднаразовы ўладальнік званняў «Баксёр года», быў прызнаны «спартоўцам стагоддзя» паводле версіі некалькіх спартыўных выданняў.

У 1964 г. памяняў імя на Мухамед Алі. На піку кар'еры адмовіўся праходзіць службу ў войску ЗША, пасля чаго быў пазбаўлены ўсіх тытулаў і адхілены ад удзелу ў спаборніцтвах больш чым на тры гады. Пасля вяртання ў спорт вярнуў сабе званне чэмпіёна свету ў барацьбе з найлепшымі баксёрамі «залатой эры бокса». 

Па завяршэнні спартыўнай кар'еры займаўся грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю, быў Паслом добрай волі ЮНІСЕФ.

Sport Illustrated

nn.by