Сёння дзень, які беларусам нельга, ні ў якім разе нельга забываць

Тыя, хто гэта прайшлі, ніколі не забудуць, піша Мікола Бугай.

26.04.2024 / 12:36

Прыпяць, пакінуты будынак. Фота: Наша Ніва

Людзі тады пакідалі свае хаты, думалі, што з'язджаюць на пару дзён. А яны не вярнуліся ніколі.

Не ведаю, ці глядзелі вы серыял «Чарнобыль». Там вельмі ўсё, вельмі праўдзіва паказана і растлумачана.

Праект Чарнобыльскай станцыі быў лажовы. Пры будаўніцтве ашчаджалі: замест негаручых дахавых матэрыялаў паклалі гаручыя, больш танныя. А потым тупыя ідэолагі камандавалі навуковымі эксперыментамі. Ну і рванула.

І вось уявіце: вы з'язджаеце з роднай хаты, ад родных яблынь, ад родных магіл назаўсёды. І так сотні тысяч людзей. Мне гэта так нагадвае цяперашнія драмы людзей.

А на Беларусь жа тады выпала 70 працэнтаў радыяцыі. Тут у нас аблокі рассейвалі, каб на Маскву і на Еўропу не даляцелі, каб свет не даведаўся. Свет то ўсё адно даведаўся… А нашы землі засталіся атручаныя. 

Так што давайце памятаць, не забываць і вучыцца на памылках. Гэта наша сапраўдная гісторыя.

Мікола Бугай