Затрыманы па падазрэнні ў публічнай дэманстрацыі парнаграфіі 13 красавіка супрацоўнік ТДА «Рэдакцыя праграмы тэлевяшчання «БелМузТВ» растлумачыў свае дзеянні прыгнечаным псіхічным станам, які ўзнік у яго пасля таго, яка ён пасварыўся з дзяўчынай,паведаміў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта Беларусі па Мінску Аляксандр Герасімаў.
Паводле яго слоў, жыхар Мінска, ураджэнец Магілёва 1985 года нараджэння быў затрыманы 15 красавіка ў 0.45 у абласным цэнтры супрацоўнікамі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама сумесна з калегамі УУС Магілёўскага аблвыканкама. Гэтай жа ноччу яго даставілі ў Мінск. Цяпер з затрыманым праводзяцца следчыя дзеянні.
14 красавіка ўпраўленнем Следчага камітэта па Мінску ў дачыненні да яго была распачата справа па ч. 2 арт. 343 КК (публічная дэманстрацыя матэрыялаў парнаграфічнага зместу з выкарыстаннем сетак электрасувязі агульнага карыстання).
Дзеянні супрацоўніка тэлеканала «БелМузТВ», які ўключыў 13 красавіка ў эфірны блок парнаграфічны ролік, «былі накіраваныя супраць гледачоў»,заявіў дырэктар гэтага тэлеканала Аляксандр Капёнкін.
Тэлеканал, дадаў ён, ужо афіцыйна выбачыўся перад сваёй аўдыторыяй за «тэхнічны збой», размясціўшы адпаведную інфармацыю на сайце.