У мінскім метро гучаць новыя абвесткі пра правілы карыстання метрапалітэнам: цяпер іх абвяшчаюць не на станцыях, а ў вагонах падчас прыпынку. Аднак абвяшчаюць іх выключна па-расейску.
Пры гэтым аб’явы пра наступныя станцыі гучаць па-беларуску, што стварае дадатковую моўную эклектыку.

«Так, мы насамрэч цяпер абвяшчаем правілы карыстання ў вагонах, — кажа начальнік службы рухомага састава Сяргей Сцяпанаў. — Мы пашыраем гэтую інфармацыю. На жаль, не ўсё ў метро зараз па-беларуску. Прыпынкі аб’яўляюць па-беларуску, але большасць рэкламы — па-расейску. Абвесткі на станцыях мы дублюем».

«Наша Ніва»: Аднак абвесткі ў вагонах, яны запісаныя толькі па-расейску?

Сяргей Сцяпанаў:

Так, бо метро ж карыстаюцца не толькі жыхары Мінска, але і госці сталіцы. Было вырашана правілы карыстання запісаць па-расейску, але ці настолькі гэта важна? Мы ж не можам усё запісаць.

«Наша Ніва»: Аднак гэта гучыць вельмі эклектычна: спачатку аб’яўляюць прыпынак па-беларуску, пасля правілы — па-расейску.

Сяргей Сцяпанаў: Так, згодны. Гэта не вельмі правільна. Аднак аб’яву наступнага прыпынку кожны зразумее, але не факт, што зразумеюць правілы.

Нагадаем, у канцы 2011 года ў метро русіфікавалі аб’яву, якая заклікала пасажыраў да ветлівасці. Аднак тады, пасля звароту грамадзян ролік пераклалі на беларускую мову.

* * *

Прапанаваць пераагучыць правілы карыстання метрапалітэнам можна, даслаўшы ліст па адрасе 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 6, дырэктару КУП «Мінскі метрапалітэн» Расціславу Станіслававічу Юрэню.

Апроч таго, просьбу варта прадубляваць на [email protected]. Яе можна выказаць і ў вуснай форме, патэлефанаваўшы па тэлефонах 8(017) 219-50-09, 8 (017) 200-51-22.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?