У. Канаплёў (у белай кашулі) узняў беларускі гандбол, фота Сяргея Гудзіліна

У. Канаплёў (у белай кашулі) узняў беларускі гандбол, фота Сяргея Гудзіліна

12:51

Віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Уладзімір Канаплёў, затрыманы праваахоўнымі органамі Беларусі, праз трое сутак, на працягу якіх праводзілася праверка, выйшаў на свабоду і вярнуўся да службовых абавязкаў, паведамляе Прессбол.

Начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Павел Травулька заявіў карэспандэнту «Прессбола»: «Крымінальнай справы ў дачыненні да Канаплёва Уладзіміра Мікалаевіча ў Следчым камітэце няма».

***

Адразу два віцэ-прэзідэнты Нацыянальнага алімпійскага камітэта — былы і цяперашні — затрыманыя праваахоўнымі органамі Беларусі, паведаміў Прессбол.

Работнікі КДБ праводзяць праверку па справе ўчорашняга чыноўніка аргкамітэта чэмпіянату свету па хакеі — 2014 Генадзя Аляксенкі і старшыні нацыянальнай федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва.

Начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Павел Травулька спачатку не пацвердзіў, але і не абверг інфармацыю аб затрыманні, аднак праз некаторы час выдаў выразную фармулёўку: «Крымінальнай справы ў дачыненні да Канаплёва Уладзіміра Мікалаевіча ў Следчым камітэце няма». Гэта можа азначаць, што расследаваннем займаюцца іншыя органы.

У федэрацыі гандбола паведамілі, што Канаплёва няма на месцы. Але не могуць пацвердзіць альбо аспрэчыць яго затрыманне: самі пра гэта прачыталі толькі ў інтэрнэце.

Уладзімір Канаплёў — адзін з найбліжэйшых сяброў Аляксандра Лукашэнкі яшчэ са Шклова.

Нарадзіўся ў 1954 у вёсцы Акулінцы Магілёўскага раёна. Скончыў Магілёўскі педінстытут (геафак). Працаваў выхавальнікам, інспектарам па справах непаўналетніх.

Доўгі час Уладзімір Канаплёў быў дэпутатам палаты прадстаўнікоў ад роднай, Шклоўскай акругі. У 2004— 2007 быў спікерам палаты прадстаўнікоў.

Затым цалкам засяродзіўся на працы ў гандбольнай федэрацыі, сышоў з пасады ў палаце нібыта па стане здароўя.

Жанаты, мае двух сыноў, якія таксама ў бізнэсе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0