Журналіст незалежнага расійскага тэлеканала «Дождь» напісаў раман пра падзеі сучаснай беларускай гісторыі.

«Былы сын» выйшаў напрыканцы 2013 у маскоўскім выдавецтве «Время». Цяпер кніга з’явілася ў продажы ў Беларусі. Яе аўтар, Аляксандр Філіпенка, нарадзіўся ў 1984 у Мінску. Вучыўся ў ліцэі імя Ахрэмчыка і ЕГУ. Калі апошні закрылі, з’ехаў у Санкт-Пецярбург. Працаваў журналістам і сцэнарыстам.

У цэнтры «Былога сына» падзеі сучаснай беларускай гісторыі. Дзеянне пачынаецца з трагедыі на Нямізе, а сканчваецца выбухам у метро.

Праз жыццё Францыска, галоўнага героя рамана, праходзіць пахаванне Васіля Быкава, смерць Алега Бябеніна, а таксама разгон Плошчы ў 2010 годзе. Але імёны гэтых асобаў не называюцца. Бо галоўнае — не назва краіны, дзе сышлі з жыцця вялікі пісьменнік і вядомы журналіст, а рэакцыя на тое ўлады і грамадства.

Нацыянальная адметнасць у «Былым сыне» прысутнічае:

аўтар прынцыпова выкарыстоўвае ў песнях, якія чуюць або спяваюць героі, беларускую мову (напрыклад, «Худсавет» N.R.M. з альбома «Тры чарапахі»). Але Філіпенка робіць стаўку на чытачоў, якія могуць наогул нічога ведаць пра Беларусь або маюць пра яе вельмі цьмянае ўяўленне.

Галоўным вобразам рамана становіцца кома. Францыск трапляе ў яе пасля трагедыі на Нямізе, а прачынаецца перад Плошчай 2010 года.

Увесь гэты час за жыццё Францыска змагаецца толькі яго бабуля Эльвіра Аляксандраўна. Яна ўвасабляе нацыянальную творчую інтэлігенцыю, яна памятае стары Мінск. Іншыя сваякі не вераць у выздараўленне Францыска. Цікава, што вобраз айчыма спісаны з доктара Віктара Сірэнкі, які падчас Плошчы «здаў» службоўцам Уладзіміра Някляева.

Істотна, што, пакуль галоўны герой знаходзіцца ў коме, у беларускім жыцці нічога не змяняецца. Стан Францыска параўноўваецца з жыццём усёй Беларусі. Згодна з версіяй аўтара, выхад на Плошчу з’яўляецца выхадам з гэтай комы. Але сканчваецца ён эміграцыяй і аўтара, і героя.

Аляксандр Філіпенка: «Я напісаў не агітку, а моцны раман

«Наша Ніва»: Для каго Вы пісалі кнігу: для беларусаў або для рускіх?

СФ: Для людзей. Пісаць кнігу для адной нацыянальнасці і не пісаць для іншай — гэта літаратурны фашызм. Я пісаў кнігу для сябе. Бо зразумеў, што не магу не напісаць гэтую гісторыю. Я пісаў для тых, у каго дагэтуль засталося жаданне купляць кнігі, вяртацца дадому, адкладаць усе справы і пераносіцца ў свет рамана.

«НН»: Хто ў выніку стаў чытачамі «Былога сына»: беларусы або рускія?

СФ: У мяне няма нацыянальнага рэестра пакупнікоў маёй кнігі. Я не праводжу падобныя апытанні і не прашу нікога пакідаць адбіткі пальцаў і ставіць штампы ў пашпарт. Кнігу чытаюць і ў Амерыцы, і ва Украіне, у Расіі і, вядома, у Беларусі. Які народ вырваўся наперад – я не ведаю - гэта ж не Алімпійскія гульні.

 «НН:» Наколькі расійскім чытачам цікавая беларуская тэматыка?

СФ: Паслухайце, вы хочаце пачуць адказ на пытанне: «Наколькі рускім цікава чытаць пра тое, як у нас усё дрэнна», але раман не пра гэта. У Расіі раман выклікаў вялікую цікавасць, таму што… таму што ён напісаны добра. Кропка. Далей адны толькі здагадкі. Я не ведаю, каму што цікава. Мне піша кожны, напэўна, соты чытач. Паверце, ва ўсіх свае інтарэсы.

Магчыма, чытачы ў Расіі зразумелі, што абсалютна нічога не ведаюць пра Беларусь. Я не ведаю.

Усе вашыя пытанні вядуць да таго, што я напісаў маніфест або агітку. Але я напісаў раман, моцны раман — і гэта адзіны адказ на пытанне, чаму ў Расіі яго чытаюць.

Цікава чытаць кнігу ад першай да апошняй кропкі, а не асобныя яе абзацы, вырваныя з кантэксту.

«НН»: Рускія чытачы ўспрымалі беларускі антураж як замежны або свой (інакш кажучы, савецкі)?

СФ: Гэта пытанне не да мяне. Я ўпэўнены, што кожны чытач успрымае кнігу індывідуальна. Абагульняць, мяркуючы па вашых пытаннях, ваша прэрагатыва. Я не вельмі разумею, што такое «рускія чытачы». Гэта людзі з чырвонымі пашпартамі? Вы мяркуеце, яны ўсе аднолькавыя? Мне не вельмі цікава абмяркоўваць геаграфічнае пытанне ў літаратуры. Я не ведаю, як грамадзяне Расіі ўспрымалі антураж. Калі б вы спыталі пра людзей з якімі я размаўляў – я б, верагодна, адказаў. Размаўляць пра нацыянальнасці – гэта да іншых хлопцаў.

«НН»: Выбар нацыянальных беларускіх іменаў (напрыклад, Францыск) гэтя наўмысная спроба прадэманстраваць беларускую нацыянальную адметнасць? Ужыванне ў тэксце «тарашкевіцы» – гэта прынцыповая пазіцыя?

СФ: Так.

«НН»: Наколькі раман аўтабіяграфічны?

СФ: Любы твор так ці інакш аўтабіяграфічны. Пісьменнік не становіцца пісьменнікам толькі ў той момант, калі сядае за пісьмовы стол. Аўтар — памыйная яма, у якую 24 гадзіны ў суткі, як адыходы, звальваюцца перажыванні. Безумоўна, нешта пазней праяўляецца ў тэксце.

«НН»: Вы лічыце сябе рускім або беларускім пісьменнікам?

СФ: Я – грамадзянін Беларусі. І я не перастаю быць беларусам, калі выязджаю за межы Віцебскай вобласці.

Я беларус зараз, калі адказваю на вашыя пытанні ў Мюнхене, і буду ім паслязаўтра, калі прылячу ў Маскву. Толькі ці важна ўсё гэта? Я не веру ў нацыянальнасці. Я веру ў добрых і дрэнных людзей.

Я веру ў тое, што ў кожнай краіне на адзін квадратны метр іх аднолькава шмат і мала. Я веру ў чалавечыя ўчынкі. Ярлычкі вешаюць у сацыяльных сетках, у каментарах.

Я не веру, што асабіста вы перад уласным нараджэннем хадзілі і выбіралі беларускую вагіну, з якой вырашылі з'явіцца на свет. Асабіста вы нічога не зрабілі для таго, каб стаць беларусам. І ніхто не зрабіў. За нас вырашае Бог.

Таму ўсе гэтыя пытанні пра нацыянальнасць – гэта давайце хай хлопцы, якім няма чым рукі заняць, будуць пераціраць у каментарах. Мне ўсё роўна якім пісьменнікам мяне будуць лічыць, галоўнае каб не бельгійскім. Не люблю бельгійцаў. Жарт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?