Гэтае фота распаўсюдніка сцяжкоў СССР зроблена непасрэдна перад нападам. 

Гэтае фота распаўсюдніка сцяжкоў СССР зроблена непасрэдна перад нападам. 

Жыхар Мінска Андрэй Кім расказаў, што сёння на яго напаў малады чалавек, які распаўсюджваў мініяцюрныя сцягі СССР.

Андрэй Кім знаходзіўся на паркоўцы ля гандлёвага цэнтра «Экспабел», калі заўважыў маладога хлопца, які прапаноўваў кіроўцам сцяжкі СССР.

«Сцяжкі былі з прысоскамі, каб мацаваць іх на шкло аўтамабіля. Я падышоў да хлопца і сказаў яму, што не варта прадаваць гэтыя сцяжкі, запатрабаваў каб той сышоў. На гэта хлопец пакруціў галавою — даў мне зразумець, што ён глухі і не чуе мяне. Тады я пачаў паказваць яму на мігі, што выклікаю міліцыю. Хлопец адышоў ад мяне і прапанаваў сцяжкі яшчэ аднаму кіроўцу. Той вельмі эмацыйна патлумачыў, што яму сцяжкі не патрэбныя, бо ад СССР было адно гора», — кажа Кім.

Кім вырашыў сфатаграфаваць распаўсюдніка сцяжкоў на мабільны тэлефон. Пабачыўшы гэта, малады чалавек праявіў агрэсію.

«Спачатку ён захацеў уцячы, але потым перадумаў і накінуўся на мяне. Ён спрабаваў ударыць мяне ў твар, але прамахнуўся. Потым ён паспрабаваў выхапіць мой мабільны тэлефон», — паведаміў Кім.

Андрэй Кім расказаў, што пасля няўдалай атакі хлопец сышоў з паркоўкі. Кім выклікаў міліцыю і напісаў заяву. «Міліцыянты сказалі мне, што будуць шукаць яго, скапіявалі сабе зробленыя фатаздымкі гэтага хлопца», — кажа Кім.

Падобныя распаўсюднікі сцяжкоў масава з'явіліся ў Беларусі з 2013 года. Звычайна гэта глухія маладыя людзі, якія прадаюць кіроўцам дзяржаўныя сцягі Расіі (часта разам з беларускім сцягам) ці сцяжкі СССР. У распаўсюднікаў няма пастаянных пунктаў — яны з'яўляюцца на скрыжаваннях ці паркоўках, працуюць кароткі час і хутка сыходзяць. Хто наймае глухіх распаўсюджваць сцяжкі, пакуль невядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?