З Гародні прыйшла сумная вестка – на 84-м годзе жыцця не стала грамадскага актывіста, аднаго з пачынальнікаў гарадзенскай «Паходні», краязнаўца, педагога, актывіста ТБМ, мецэната і гісторыка Аляксандра Талерчыка.

Не стала майго таленавітага земляка, шчырага чалавека, патрыёта. Ён быў родам з вёскі Парэчча Слонімскага раёна. На Слонімшчыне прайшло яго маленства і юнацтва. А потым астатняе жыццё ён пражыў у Гародні.

Аляксандр Талерчык вельмі перажываў за Беларусь, за ўсё тое, што сёння адбываецца на Бацькаўшчыне. Ён добра ведаў гісторыю свайго краю. У 2002 годзе выдаў у Гародні кнігу «Парэчча». У ёй на аснове адшуканых архіўных матэрыялаў і асабістых успамінаў паказаў 450-гадовую гісторыю сваёй вёскі Парэчча. Шмат старонак у ёй адведзена Валовічам – былым гаспадарам Парэчча. Падрабязна і ўпершыню ў Беларусі апісаў патрыятычную дзейнасць і смерць Міхала Валовіча, актыўнага ўдзельніка паўстання 1830-1831 гадоў. Дзякуючы Аляксандру Талерчыку на могілках у вёсцы Парэчча быў адноўлены мемарыяльны знак, прысвечаны Валовічам і яго паплечнікам, якія загінулі ў барацьбе супраць Расійскай імперыі.

Слонімцы, гарадзенцы і ўсе, хто яго ведаў, шчыра спачуваюць родным і блізкім у сувязі са смерцю Аляксандра Талерчыка – яшчэ аднаго патрыёта нашай Айчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?