Альянс гатовы абараняць сябе й дапамагаць суседзям – Грузіі ды Ўкраіне.

Саміт NATO праходзіў на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве. PAP/Bartłomiej Zborowski

Саміт NATO праходзіў на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве. PAP/Bartłomiej Zborowski

Разьмяшчэньня чатырох батальёнаў NATO ва ўсходніх краінах Альянсу, дапамога Украіне, Грузіі і Афганістану, а таксама пачатак спэцапэрацыяў у Іраку і Міжземным моры – такімі былі асноўныя вынікі саміту NATO, які завяршыўся ў суботу ў Варшаве. Вынікі сустрэчы палітыкаў і вайскоўцаў Паўночнаатлянтычнага альянсу падсумоўвае Аляксандар Папко.

Палітыкі, вайскоўцы і экспэрты з 28 краінаў-сябраў NATO і 26 краінаў-партнэраў сабраліся ў Варшаве, каб даць адказ на пагрозы, якія ідуць з усходняга і паўднёвага накірунку. Адным з галоўных рашэньняў стала пастанова разьмясьціць 4 шматнацыянальныя батальёны ў Польшчы, Латвіі, Летуве ды Эстоніі. Ужо вядома, што праз паўгода ў Польшчу прыедуць жаўнеры з ЗША, Брытаніі й Румыніі.

Намесьнік генэральнага сакратара NATO Аляксандар Вэршбоў, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда й генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Фота: PAP/Jacek Turczyk

Намесьнік генэральнага сакратара NATO Аляксандар Вэршбоў, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда й генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Фота: PAP/Jacek Turczyk

Альянс разьмесьціць 4 тысячаў вайскоўцаў на сваіх усходніх межах у адказ на анэксію Крыму Расеяй і распальваньне вайны ў Данбасе. Зразумела, 4 батальёны ня могуць даць адпор расейскім дывізіям. Іх роля хутчэй палітычная. Міжнародная прысутнасьць павінна утрымаць Расею ад любой агрэсіі супраць краінаў Балтыі і Польшчы, бо гэта стане агрэсіяй супраць усяго NATO – тлумачыць дырэктар Польскага інстытуту міжнародных справаў Славамір Дэмбскі.

С. Дэмбскі: Альянс будзе ўтрымліваць гэтыя сілы ў балтыйскіх краінах так доўга, як доўга будуць акупаваныя Крым і Данбас. Мы даем зразумець, што Расеі трэба зьмяніцца. Калі яна ня зьменіцца, калі яе палітыка будзе пагражаць міру ў Эўропе, то NATO будзе вымушаны прымаць наступныя крокі. Існуе пэрспэктыва ўзмацненьня гэтых сілаў, калі Расея ня зьменіць сваёй палітыкі.

Краіны Альянсу вырашылі дапамагчы дзяржавам, якія пацярпелі ад агрэсіі Расеі. З Грузіяй была падпісаная дамова аб дапамозе ў пабудове сыстэмы супрацьпаветранай абароны і паветранай выведкі. Яшчэ больш шырокую дамову Альянс падпісаў з Украінай.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг на паседжаньні Камісіі NATO-Ўкраіна. Фота: PAP/Radek Pietruszka

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг на паседжаньні Камісіі NATO-Ўкраіна. Фота: PAP/Radek Pietruszka

NATO акажа Кіеву экспэртную і фінансавую дапамогу ў 40 сфэрах, сярод якіх – мадэрнізацыя ўзброеных сілаў, абароннай прамысловасьці і ўзмацненьне ўнутранай бясьпекі. Колькасьць вайсковых дарадцаў Альянсу ва Ўкраіне будзе павялічана. Акрамя гэтага, дамову аб вайсковым супрацоўніцтве Украіна заключыла з Польшчай. Дакумэнт прадугледжвае пастаўкі ва Ўкраіну польскай вайсковай тэхнікі ды ўзбраеньня – аднак выключна абароннага характару.

Ніхто з аналітыкаў не спадзяваўся, што Украіну й Грузію на саміце афіцыйна запросяць далучыцца да NATO. Аднак, кіраўніцтва NATO падкрэсьліла, што дзьверы Альянсу адчыненыя для новых сябраў.

С. Дэмбскі: Украіна можа быць задаволеная рашэньнем Варшаўскага саміту. Яна атрымала найбольш шчодры пакет дапамогі для сваіх Узброеных сілаў. Грузія – таксама. Паўночнаатлянтычны альянс ужо ўсьведамляе, што ў яго ёсьць сапраўдныя саюзьнікі, якія не зьяўляюцца сябрамі NATO. Альянс захоўвае палітыку «адчыненых дзьвярэй». І для Грузіі, і для Ўкраіны пэрспэктыва сяброўства ў NATO застаецца адкрытай.

Некаторыя чакалі ад NATO рашучых дзеяньняў па спыненьні крывавага канфлікту ў Сірыі. Аднак краіны Альянсу не пажадалі высылаць жаўнераў у хаос этнічнай і рэлігійнай вайны.

С. Дэмбскі: У Сірыі мы маем справу з ідэалёгіяй, якая змагаецца з дэмакратыяй, граючы на антыамэрыканскіх настроях і абурэньні людзей іх элітамі. Сілай адказаць на ідэалёгію немагчыма. Перамагчы яе можна добрым прыкладам, а на гэта патрэбны час. Дэмакратычныя дзяржавы могуць выкарыстоўваць сілу, каб абмежаваць экспансію так званай Ісламскай дзяржавы – аднак толькі ў абмежаваным маштабе. Пры гэтым краіны NATO гатовыя ўмацоўваць абароназдольнасьць Іраку й праводзіць больш актыўную палітыку.

Енс Столтэнбэрг, Анджэй Дуда і прэм'ер-міністар Афганістану Абдула Абдула. Фота: PAP/Radek Pietruszka

Енс Столтэнбэрг, Анджэй Дуда і прэм'ер-міністар Афганістану Абдула Абдула. Фота: PAP/Radek Pietruszka

На саміце ў Варшаве краіны NATO пастанавілі, што кааліцыі, якая змагаецца з тэрарыстамі Ісламскай дзяржавы, дадуць у распараджэньне самалёты выведкі AWACS. Альянс будзе трэніраваць афіцэраў арміі Іраку, а караблі NATO пачнуць патруляваць узьбярэжжа Лівіі. Акрамя гэтага, дзяржавы Паўночнаатлянтычнага альянсу пагадзіліся фінансаваць і трэніраваць армію Афганістану да 2020 году.

Сярод важных пастановаў Варшаўскага саміу NATO належыць узгадаць і ўзмацненьне кібэрбясьпекі. Кібэрпрастора была прызнаная адным з тэатраў вядзеньня ваенных дзеяньняў – нароўні з паветрам, сушай і морам. Атака супраць кампутэрных сыстэмаў адной краіны цяпер прызнаецца агрэсіяй супраць усяго NATO. Заняцца абаронай у Інтэрнэце Альянс прымусіла Расея – тлумачыць віцэ-прэзыдэнт вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў Хэзэр Конлі.

Х. Конлі: Электронныя сродкі вельмі моцна ўплываюць на вядзеньне вайны. Падчас ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне Расея вельмі эфэктыўна выкарыстоўвала кібэратакі ды электронную выведку. NATO вывучыла гэтыя ўрокі й дабавіла іх у сваю дактрыну.

Саміт у Варшаве паказаў, што NATO цяпер нашмат больш салідарная і рашучая арганізацыя, чым тая, якую мы мелі яшчэ пару гадоў таму – лічыць былы амбасадар ЗША ў Расеі, а цяпер – намесьнік генэральнага сакратара NATO Аляксандар Вэршбоў.

А. Вэршбоў: Гэты саміт прадэманстраваў адзінства Альянсу ў адносінах да Расеі, салідарнасьць з Украінай, а таксама жаданьне даць сродкі на супольныя дзеяньні. Цяжэй за ўсё дамагчыся выдзяленьня рэсурсаў. Аднак мы нарэшце пачынаем гэта рабіць.

Авіяцыйны парад падчас саміту NATO ў Варшаве. Фота: PAP/Bartłomiej Zborowski

Авіяцыйны парад падчас саміту NATO ў Варшаве. Фота: PAP/Bartłomiej Zborowski

Яшчэ нядаўна ўдзельнікі NATO значна разыходзіліся ў поглядах на ўласную і міжнародную бясьпеку. Доўгія гады Альянс быў заняты праблемай Афганістану й спрачаўся з Расеяй вакол пабудовы супрацьракетнага шчыта ды прыняцьця ў свае шэрагі новых сябраў. Пры гэтым жаданьне старых сябраў NATO выдаткоўваць грошы на абарону няўхільна зьмяншалася. Ўсяго за два гады з аморфнага палітычнага клюбу NATO зноў ператварылася ў абаронны саюз. Альянс ведае, дзеля чаго існуе, усьведамляе пагрозы і, здаецца, усё больш ведае, што з гэтымі пагрозамі рабіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?