Фонд «Краіна замкаў» пачынае кампанію па зборы сродкаў на закупку дадатковых 3D-друкарак для друкавання мадэляў замкаў і храмаў Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя мадэлі будуць змешчаны ў парку мініяцюр у Родзевічах, што за 5 кіламетраў ад Гальшанскага замка. 20 ліпеня заклік да збору 11 016 рублёў змесціў на краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by дырэктар фонда Алесь Варыкіш. Ахвяраваць грошы можна па спасылцы.

«Да 31 кастрычніка мы павінны адчыніць першую чаргу парку мініяцюр. Тут будуць змешчаны дзесяць мадэляў замкаў і храмаў Вялікага Княства Літоўскага, — распавядае Алесь Варыкіш. — На сёняшні дзень мы ўжо зрабілі Камянецкую вежу. Зараз мы будзем яе клеіць, фарбаваць і выставім у парку».

Па словах дырэктара фонда «Краіна замкаў», у дадзены момант друкуецца макет царквы-крэпасці ў Мураванцы. На чарзе — храмы-крэпасці ў Сынкавічах, Камаях, замкі ў Крэве, Лідзе, Любчы. Мадэлі друкуюцца толькі на адной друкарцы. «Друкаванне прасоўваецца вельмі марудна. Гэта звязана з магчымасцямі друкаркі. Таму мы вырашылі распачаць краўдфандынгавую кампанію і сабраць сродкі на дзве дадатковыя 3D-друкаркі. Гэта значна паскорыць працэс», — патлумачыў Алесь Варыкіш.

Па яго словах, кошт кожнай друкаркі складае каля 2,5 тыс. даляраў. Пры гэтым іх магчымасці будуць перавышаць магчымасці абсталявання, якое ўжо ёсць. Так, для вырабу вежы ў Камянцы трэба было надрукаваць 36 асобных блокаў. Новыя друкаркі дазволяць адліць тую ж вежу з 12 частак. А гэта эканомія і часу, і матэрыялаў.

Для ахвярадаўцаў фонд «Краіна замкаў» распрацаваў цэлую сістэму падарункаў і зніжак. Так, напрыклад, ахвяраваўшы 20 рублёў, чалавек атрымае магчымасць бясплатна наведваць парк мініяцюр на працягу аднаго года і зніжкі на экскурсіі фонду. Калі ахвяраванне будзе складаць 50 рублёў і вышэй, імя ахвярадаўцы будзе запісана на ганаровай дошцы, а пры суме ад 100 рублёў акрамя розных зніжак ахвярадаўца атрымае ў падарунак мініяцюру аднаго з замкаў.

Нагадаем, ініцыятыва стварэння парку мініяцюр была агучана кіраўніком фонда «Краіна замкаў» напрыканцы мінулага года. Гэтая ідэя ўжо была падтрыманая ў межах праекта ЕЗ/ПРААН «садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». На сёняшні дзень інвестыцыі ў аб’ект ужо склалі каля 300 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. На гэтыя сродкі тэрыторыя парку цалкам ачышчана ад камення і смецця, спланавана і засеяна травой. Для стварэння макетаў замкаў і цэркваў Вялікага Княства да праекту прыцягнуты прафесійныя архітэктары, 3D-дызайнеры і мастакі.

Тэлефоны для сувязі

Алесь Варыкіш +375 296 54 64 84 (Вэлк)
Ігар Станкевіч +375 298 65 63 24 (МТС)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0