9 жніўня бацькі Уладзіміра Кондруся, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасля выбараў-2010, упершыню за два месяцы арышту мелі магчымасць наведаць сына ў мінскім СІЗА-1. Яны распавялі «Нашай Ніве» падрабязнасці той сустрэчы.

Па словах бацькоў Уладзіміра, дамагчыся спаткання было цяжка, але нарэшце следчы дазволіў — толькі праз два месяцы пасля затрымання сына.

Уладзімір Кондрусь.

Уладзімір Кондрусь.

«Сын ляжаў на той час у санчастцы СІЗА. У пакой для спатканняў яго вынеслі на насілках, пасадзілі на крэсла. Мы гаварылі праз шкло, па трубках накшталт тэлефонных — дык ён [Уладзімір] не мог сам трубку трымаць, яму трымаў нейкі зэк. Сын аніякі зусім.

Мы прыйшлі, а ён нават не мог сканцэнтравацца, пачаць [размову]. Той яго за плячо — і тады ён вокам глянуў на нас, зразумеў, што бацькі прыйшлі. Размаўляў ледзь-ледзь.

Мутны стан у яго, але ж што ж — чалавек два месяцы не еў, - распавядае бацька, Уладзімір Расціслававіч. - Але Валодзя усё разумее. Ён сказаў, што яго ванітуе крывёю, што ў яго крывацёк са страўніка.

Спатканне працягнулася хвілін з пяць — больш ён не вытрымаў, сам папрасіўся, кажа: «Я хачу пайсці». Яму дрэнна было, цяжка, нібыта засынае.

Ну і мы пайшлі. Там не павінны выпускаць, пакуль гадзіна не скончыцца, але нас выпусцілі — мо не хацелі, каб мы бачылі, як яго забіраюць?».

Бацькі пераканалі Уладзіміра, што трэба пачаць есці. Ён пагадзіўся. Пагадзіўся ўзяць і чыстую вопратку.

«Раней жа мы аддавалі перадачу супрацоўніцы СІЗА, але тая прыносіла усё назад, — кажа Галіна Васільеўна, маці Уладзіміра. — Яна і расказвала, што наш сын сказаў, што сабе нічога не возьме, але хай яна пакіне і ежу, і вопратку для сукамернікаў. Аднак для гэтага трэ' было падпісаць паперу, што ён атрымаў перадачу тую. А падпісваць штосьці Валодзя катэгарычна адмаўляўся, вось перадачу і вярталі нам».

«Схуднеў ён страшна. У яго рука хіба не з палец мой, тонкая, аж свеціцца. І зарос ён — раней пільна сябе глядзеў, пастаянна галіўся, хадзіў у чыстым, зубную шчотку мяняў штомесяц. Валодзя вельмі акуратны. А там сядзіць — няголены…», — расказвае бацька.

Пабачыўшы, у якім стане сын, маці была ў шоку.

«Я потым праплакала ўвесь вечар», — прызнаецца яна.

Адразу пасля спаткання Галіна Васільеўна дамаглася сустрэчы з доктаркай з санчасткі СІЗА.

«Яна пайшла паглядзець яго, вярнулася і кажа: «Няма ў яго ніякай крыві. Я прыйшла, яго ванітавала пры мне». Сказала, што гэта не кроў, а сумесь ванітавых масаў, страўнікавага соку і жоўці, — расказвае маці Уладзіміра. — Але ці праўда гэта?».

Таксама бацькі дамагліся, каб Уладзіміра перавялі ў рэспубліканскую турэмную бальніцу, якая знаходзіцца там жа, на Валадарцы.

«Бог яго ведае, што было б, каб не далі нам тое спатканне. Ці перавялі б яго самі ў бальніцу з санчасткі?» — задаюцца пытаннем Кондрусі.

Праўда, сёння пачаць есці Уладзіміру складана — арганізм яго ўжо не прымае ежы.

«Ён сам сказаў — я не магу ўжо есці, усё. І доктарка з рэспубліканскай бальніцы гэта пацвердзіла. Там вельмі добрая доктарка, яна адразу з Валодзем знайшла кантакт, ён слухаецца яе, здаецца, — кажа Галіна Васільеўна. — Але доктарка дала надзею, сказала, што арганізм у яго яшчэ малады, павінен вярнуцца да нармальнага стану».

Таксама бацькам паабяцалі, што іх сыну нарэшце зробяць зонд. Ва Уладзіміра язва, з-за яе ён нават не служыў у арміі. І падчас спаткання ён распавёў бацькам, што просіць дактароў у санчастцы, каб яму зрабілі зонд, праверылі, але тыя адмаўляюць. Таксама Уладзімір скардзіўся, што прасіў абязбольваючых, але дактары гэтыя просьбы таксама праігнаравалі.

«Праўда, у бліжэйшы час зонд зрабіць немагчыма — у яго страўнік стаў зусім маленькі, вось такі, — Кондрусь-старэйшы паказвае кулак. — Трэба каб ён пачаў есці, каб страўнік трохі расцягнуўся. Мы набылі Валодзю сумесяў, якімі дзяцей кормяць, згушчонкі, перадалі гэта ўсё. Ён ужо пагадзіўся ўзяць. Будуць яго карміць».

На цяжкі стан Уладзіміра паўплывала яшчэ і тое што першапачаткова, абвясціўшы галадоўку, ён адмаўляўся нават піць ваду. Гэта таксама дадало праблем са здароўем.

Пакуль Уладзімір будзе ў рэспубліканскай турэмнай бальніцы, спатканне з ім бацькам не дадуць. Але яны і не настойваюць, для іх пакуль галоўнае, каб сын пачаў есці.

«Яшчэ адно, чаго мы хочам — каб яму змянілі артыкул. Бо яго справа — аб удзеле ў масавых беспарадках. Але чаму кваліфікавалі менавіта так? Чаму не хуліганства? — пытаюцца бацькі. — Мы ж ведаем, што некаторых удзельнікаў Плошчы судзілі за хуліганства, чаму тады Валодзю выпаў такі артыкул, за цяжкае злачынства?».

Самі яны кажуць, што ўжо пісалі «шмат куды». Але гэта пакуль не паўплывала ні на што.

«Што рабіць, мы не ведаем. Можа яго прэзідэнт памілуе неяк? Хутка ж выбары… Ці паведаміць куды на Захад, каб там паднялі шум? Бо толькі нядаўна ж санкцыі знялі, а тут ізноў чалавек за тую Плошчу сядзіць, — разважаюць бацькі Уладзіміра. — Каб можа палякі нейкія даведаліся, дыпламаты, замежнікі, дык яны б паўплывалі там можа на нашых паслоў, тыя б вярнуліся ў Беларусь і сказалі, што вось, такі працэс абмяркоўваюць на Захадзе… Можа дайшло б да Адміністрацыі прэзідэнта, бо можа там і не ведаюць… А то тут што? Газеты мала чытаюць, на дзяржканалах пра гэтую справу не скажуць, у дзяржаўных газетах не напішуць. І хто пра яе ведае? Апазіцыя, і ўсё…».

Пакуль што Кондрусі чакаюць, каб іх сын ачуняў. Канечне, ім не проста і маральна, і матэрыяльна — бо трэба ж плаціць адвакату, а грошай мала, абодва ж пенсіянеры. Раней яны кармілі дарослага сына, які прынцыпова адмаўляўся выходзіць на работу — Уладзімір казаў, што не будзе працаваць на гэтую ўладу (праўда, па хатніх справах заўсёды дапамагаў). Але ж сёння ў іх выдаткі зусім іншыя. Адвакат, перадачы…

Таксама бацькі баяцца, што суд прызнае Уладзіміра вінаватым. Бо іх сын можа ізноў пачаць галадаць. Да таго ж, упэўненыя бацькі, ён прашэнне аб памілаванні пісаць не будзе — таму Уладзіміру прыйдзецца сядзець цэлы тэрмін.

Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Мінска.

Бацькі, сястра і адвакат Уладзіміра не могуць распавесці СМІ падрабязнасці справы — яны далі падпіску аб неразгалошванні.

Бацькі Уладзіміра Кондруся саромеюцца прасіць аб фінансавай дапамозе, але аплочваць адваката пенсіянерам непроста. Калі хтосьці захоча дапамагчы Кондрусям — кантакты бацькоў ёсць у Рэдакцыі «Нашай Нівы» ([email protected]).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?