Памёр прафесар, доктар фізыка-матэматычных навук Юрый Хадыка. Яму было 78 гадоў. Ён быў адным з пачынальнікаў руху за незалежнасць Беларусь, заснавальнікаў Народнага Фронту.

«Бацькі з намі больш няма», — напісаў у фэйсбуку яго сын Канстанцін, які і паведаміў сумную вестку. Юрый Хадыка апошнія месяцы сваёго жыцця правёў у сына ў штаце Каларада (ЗША).

Фота з фб Кастуся Хадыкі.

Фота з фб Кастуся Хадыкі.

Юрый Хадыка нарадзіўся ў Мінску 23 чэрвеня 1938 года.

Зрабіў кар'еру ў фізіцы, узначальваў секцыю аптычна-электронных сродкаў разведкі ў камісіі Акадэміі навук СССР па распрацоўцы прагнозу развіцця ўзбраенняў, абараніў доктарскую «Аптычныя характарыстыкі паходняў балістычных ракет», аўтар каля 150 навуковых прац па фізіцы.

Юрый Віктаравіч таксама браў удзел у зборы матэрыялаў (экспедыцыі) і напісанні «Зводу помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». У 1979 адкрыў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры.

Далучыўся да руху беларускага адраджэння. З 1988 — намеснік старшыні БНФ (быў да снежня 2007).

У 1996 годзе, пасля сканчэння масавага Чарнобыльскага шляху, Юрый Хадыка разам з В. Сіўчыкам 26 красавіка быў арыштаваны і кінуты ў турму, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У знак пратэсту абвясціў галадоўку. 21 мая быў вызвалены.

Сяргей Абламейка некалі пісаў у сваім фэйсбуку з нагоды юбілею Юрыя Хадыкі: «Гэты фізік — адзін з найлепшых у Беларусі знаўцаў царкоўнага жывапісу: абразоў і роспісаў. Хадыка — аўтар канцэпцыі, паводле якой у другой палове XVIII ст. беларускі царкоўны жывапіс (уніяцкі) сінтэтычна злучыў праваслаўныя і каталіцкія традыцыі і дасягнуў стадыі ўласнай канонатворчасці. І гэта датычыць не толькі жывапісу, але і ўсяго мастацтва Уніі — архітэктуры, скульптуры і г.д.».

З 1988 г. — намеснік старшыні Беларускага Народнага Фронту (да 2007-га), у 1997—2000 уваходзіў у назіральную раду Беларускага хельсінкскага камітэта, быў прарэктарам Народнага ўніверсітэта.

«Наша Ніва» далучаецца да спачуванняў. Светлая памяць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0