Стратэгія Польшчы ў пытанні палякаў Беларусі? «Гаворачы з Аляксандрам Лукашэнкам пра палякаў у Беларусі, мы звычайна выкарыстоўвалі такія аргументы, як гістарычная справядлівасць, дэмакратыя, правы чалавека, якія ён не надта ўспрымае, — піша ў сваёй кнізе «Абліччы Беларусі. Запіскі амбасадара» былы пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка. — Можа быць, прыйшоў час звярнуцца да больш пераканаўчага аргумента?»

Шарэпка прапануе стварыць умовы для масавай эміграцыі палякаў — і не толькі палякаў! — у Польшчу: «Спрасціць працэс вяртання грамадзянства нашчадкам грамадзян міжваеннай Польшчы і стварыць ім умовы для абжывання ў Польшчы. Можа быць, рэальная пагроза дэпапуляцыі Гарадзеншчыны ўрэшце змусіць Аляксандра Лукашэнку задумацца над наступствамі ягонай палітыкі ў дачыненні да польскай меншасці?»

Прапанова Шарэпкі — а ён далёка не самы цынічны прадстаўнік польскага палітыкуму і дыпламатыі, ён чалавек з сімпатыямі да беларусаў і беларускай культуры — паказчык таго, як змянілася стаўленне да РБ. Польшча, як і іншыя еўрапейскія краіны, як і Расія, гатовая змагацца за беларускія «мазгі» і «рукі».

Ідэя, агучаная Шарэпкам, згубная для будучыні Беларусі, якая будзе рашацца не ў Крамлі і не ў Варшаве, а тут, унутры краіны. Гэта зваротная прапарцыйнасць: чым больш арыентаваных на Еўропу грамадзян выедзе ў Польшчу, тым меншай стане іх доля тут.

Крытыкаваць такія задумы мы з Мінска можам, але што мы можам зрабіць, каб іх сарваць? Гэта сучасны свет: ягоныя межы — гэта найперш культурныя і каштоўнасныя лаяльнасці, а не адміністратыўныя межы. А чым можа наша краіна ўтрымаць тых, каго палякі не супраць перавабіць? Якія тут перспектывы для моладзі?

Беларусь «мяжуе з Польшчай, але, падаецца, што яна ў іншай рэальнасці, — піша былы пасол і нагадвае тое, з чым беларусы звыкліся, сцярпеліся, але што жыхарам іншых еўрапейскіх краін здаецца маразмам. — Дзе яшчэ ў Еўропе накладаюць падатак на беспрацоўных або забараняюць работнікам звальняцца? Дзе рэгулярна дэвальвуецца і дэнамінуецца нацыянальная валюта? У якой еўрапейскай краіне за некалькі гадоў да прэзідэнцкіх выбараў можна з дакладнасцю да некалькіх працэнтаў прадбачыць, хто на іх пераможа?

Дзе яшчэ магчыма, каб выбітны апазіцыйны палітык раптам прапаў, нібы растварыўся ў паветры? Толькі тут непаўналетні сын кіраўніка дзяржавы можа ў мундзіры прымаць вайсковы парад, а прэзідэнт па тэлебачанні вучыць грамадзян, як трэба касіць, а як бульбу капаць», — пасол Шарэпка бязлітасны ў ацэнцы рэчаіснасці беларускай дзяржавы.

Дыпламат апісвае нашу краіну як «спалучэнне савецкага скансэна з сучаснасцю».

Наколькі Беларусь-дзяржава далёкая ад еўрапейскіх стандартаў, настолькі ж, піша ён, Беларусь-краіна, Беларусь-грамадства пазітыўна дзівіць палякаў.

«Гэта пазітыўныя эмоцыі, што датычаць арганізацыі жыцця, паводзін людзей, парадку на вуліцах ці стану помнікаў», — адзначае дыпламат.

Апазіцыя? Вось што пасол думае пра апошнія прэзідэнцкія выбары. На апошніх выбарах «ролю прадстаўніцы апазіцыі прыпісалі Таццяне Караткевіч, — піша Шарэпка.

— За шмат месяцаў да выбараў у незалежных асяродках пачала цыркуляваць ідэя, што канкурэнтам Лукашэнкі з боку апазіцыі павінна быць кабета. Было гэта тым больш дзіўна, што да таго ў апазіцыйным асяродку жанчыны не займалі дамінуючых пазіцый», — адзначае пасол. Калі Рух «Гавары праўду» вылучыў сваім кандыдатам шараговага сябра арганізацыі Таццяну Караткевіч, «было гэта да таго незразумела, пагатоў што жадання ўступлення ў перадвыбарчую гонку дэклараваў адзін з заснавальнікаў руху, вядомы паэт і палітык, які ўжо зарэкамендаваў сябе, Уладзімір Някляеў. У параўнанні з ім Таццяна Караткевіч выглядала як «шэрая мышка», — піша Шарэпка.

«І што яшчэ цікавей, «шэрая мышка» сабрала 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі, — піша ён.

— Трохі святла на тыя падзеі можа праліць той факт, што Уладзімір Някляеў публічна звінаваціў Андрэя Дзмітрыева ў супрацы з КДБ. Тым не менш, аднак, Таццяна Караткевіч старанна адыграла сваю ролю адзінай апазіцыйнай кандыдаткі, — піша пасол і адзначае. — Беларускаму лідару трэба былі слабыя канкурэнты, бо перад выбарцамі яму асабліва не было чым пахваліцца».

Шарэпка невысока ацэньвае эфектыўнасць еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі: «ЕС ужо прызвычаіла беларусаў, што трохі паспешліва, для прапагандысцкага эфекту, уводзіць санкцыі, а пасля шукае нагоды, каб іх адмяніць». Шарэпка лічыць дзеянні еўрапейскіх краін непаслядоўнымі: «Ніводзін [з палітвязняў] не быў рэабілітаваны, што было адной з умоў ЕС, але ў новых геапалітычных абставінах Брусэль перастаў зважаць на такую драбніцу».

І тым не менш канстатуе: перамога Мінска ў перацягванні каната з еўрабюракратамі — гэта пірава перамога.

Шарэпка бачыць Лукашэнку глыбока антыеўрапейскім, у душы антыеўрапейскім палітыкам, прыводзіць цытату: «Калі Захад нас за нешта крытыкуе, то значыць, што робім гэта правільна. Горш, калі пачынаюць нас хваліць». Шарэпка ўздыхае: «Цяжка супрацоўнічаць з носьбітам такой філасофіі».

Былы пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка прыйшоў у дыпламатыю з аналітыкі. Некалькі дзясяткаў гадоў ён адпрацаваў на польскіх дыпламатычных пляцоўках у Расіі і Украіне. А ў 2011—2015 быў паслом Польшчы ў Беларусі. Ягоная кніга «Абліччы Беларусі. Запіскі амбасадара» стала падсумаваннем беларускага досведу.

Якія ж высновы амбасадара Шарэпкі?

Лукашэнка: яго не трэба недаацэньваць, ён вельмі спраўны палітык. Аднак яго інтарэсы ў цэлым супярэчыць польскім нацыянальным інтарэсам. «І глыбока перакананы, што нават калі нейкі час будзем крочыць побач, урэшце нам з ім не па дарозе».

Крызіс ліберальнай дэмакратыі: «Прыклад Беларусі паказвае, што аўтарытарным лідарам часта ўдаецца лепш адчуваць чаканні большасці, чым дэмакратычным палітыкам».

Легкадумныя спробы міністра Сікорскага спакусіць Лукашэнку прызнаннем Захаду: «Сучасная палітыка досыць дынамічная, і, асабліва ў дэмакратычных краінах, яна характарызуецца кароткай інстытуцыйнай памяццю. Новыя палітыкі шукаюць нагоды для поспеху. У гэтым кантэксце добра памятаць, што ў прэзідэнта Лукашэнкі зусім іншая часавая перспектыва, і ён умее ператвараць чужыя памылкі ў свае поспехі».

Палітвязні ў Беларусі: «Пры цяперашняй палітычнай сістэме ў Беларусі можна не сумнявацца, што камеры пуставаць не будуць. У Аляксандра Лукашэнкі такая ўлада, што ён можа кожнага, каго хоча і калі хоча, па сабе адному вядомых прычынах пасадзіць або памілаваць». «Для апазіцыянераў зняволенне — гэта такое найвышэйшае выпрабаванне характару. Тыя, хто там не дае сябе зламіць, могуць разлічваць на павагу і захапленне ў сваім асяроддзі».

Цяжкі выбар: «Апазіцыя ў прынцыпе пазбаўленая альтэрнатывы. Беручы ўдзел у выбарах, яна легітымізуе рэжым, а байкатуючы выбары, яна сама сябе маргіналізуе».

Беларуская мова: «Высілкі міжнароднай супольнасці [Белсат, Прэмія Гедройця, падтрымка Польшчай беларускіх школ на Падляшшы і т.п.] не паўплываюць істотна на моўную сітуацыю ў Беларусі …», калі не будзе мець месца «паслядоўная і разумная палітыка дзяржаўных уладаў».

Расійскія мэты ў Беларусі: Насуперак рытуальным заклінанням Аляксандра Лукашэнкі, «у беларуска-расійскіх адносінах нічога не прадвырашана раз і назаўсёды. Невядома, якую ролю ў праекце «рускага свету» крамлёўскія тэхнолагі вызначылі Беларусі і ці не скончыцца сам гэты праект гучнай паразай Расіі. Аднак няма сумневу, што прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі стварыла спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі гэтага праекта».

Момант перамен: «Я стараўся ацэньваць Беларусь вачыма чалавека, для якога свабода — найважнейшая вартасць, але які ўсведамляе, што мала хто здольны вынесці яе цяжар. Пачуцце свабоды, як і дэмакратыю, немагчыма экспартаваць. Яно мусіць пусціць карані і выспець». Такім чынам, на думку Шарэпкі, гэта не блізкая перспектыва.

Шарэпку слаба верыцца, што Беларусь можа стаць добрасуседскай для Польшчы дзяржавай. Ён прыводзіць у пацвярджэнне ўвесь досвед беларуска-польскіх адносін апошніх 20 гадоў. А з ворагамі — як з ворагамі. «На сёння трэба прыняць, што за Бугам стаяць «гібрыдныя часці» расійскай арміі і дзейнічаць сыходзячы з гэтай дадзенасці», — піша Шарэпка.

Гедройць верыў у магчымасць стварэння і існавання еўрапейскай Беларусі. Шарэпка пасля пяці гадоў амбасадарства ў магчымасці, што за Бугам нешта зменіцца і што Польшча можа гэтым зменам дапамагчы, зняверыўся.

* * *

Leszek Szerepka. Oblicza Bialorusi: zapiski ambasadora. — Bialystok, 2016.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?