На тым тыдні ў Вільні на гары Гедыміна археолагі адкрылі пахаванні — меркавана пакараных смерцю паўстанцаў 1864 года. Містычны момант: гэта адбылося 2 лютага, у дзень нараджэння Каліноўскага. Ці ёсць сярод знойдзеных костак парэшткі самога Каліноўскага? І дзе менавіта тая магіла? Пра гэта мы пагутарылі з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім.

Ён у 2001-м апублікаваў у «Нашай Ніве» артыкул-версію пра месца пахавання начальніка паўстання, якая цяпер можа знайсці пацверджанне.

«Раскопкі на гары Гедыміна, — расказвае Харэўскі, — пачаліся, калі пасля навагодняй адлігі ссунуўся грунт і адкрыліся чалавечыя косткі. 

Дзе менавіта гэтая магіла? Як падымаешся сцежкай на гару, абыходзячы яе па спіралі, пры самым уваходзе ў нізкія замкавыя сцены, з боку ракі, з правага боку ад сцежкі.

Мяркуючы па пад'ёмным матэрыяле — гузіках, цвічках і г.д., тыя людзі, што ляжаць у магіле, памерлі ў 1860—70-я.

Яшчэ, паводле археолагаў, можна вызначыць, што яны былі расстраляныя. Таксама пры іх знайшліся каталіцкія крыжыкі і медальён. То бок гэта маглі быць афіцэры расійскага войска тутэйшага паходжання, якія прымкнулі да паўстання. Бо расстрэльвалі вайскоўцаў, а паўстанцаў-цывільных — вешалі, як Каліноўскага».

Значыць, цалкам магчыма, што навагодняя адліга адкрыла тую самую братнюю магілу 15 паўстанцаў, у раскопках якой у 1915-м удзельнічаў Іван Луцкевіч. І, цалкам магчыма, што, пры далейшых раскопках, будуць знойдзеныя і парэшткі самога Каліноўскага.

Тады, у пачатку ХХ стагоддзя, іх «пазналі» па скураным абутку — пасталах (польскія крыніцы напісалі «макасіны») — тады яшчэ жылі сведкі, якія памяталі, у чым быў Каліноўскі ў дзень страты.

Але ні тады, ні цяпер, кажа Харэўскі, даследчыкі не мелі пэўнасці, што менавіта ў гэтай магіле пахавалі Каліноўскага. А сведчанні праз 50 гадоў — досыць няпэўная крыніца.

«Паўстае і іншае пытанне: каму гэта трэба? —

кажа Харэўскі. — Далейшыя раскопкі, магчымая генетычная экспертыза — усё гэта каштуе грошай. Ці мусіць за гэта плаціць літоўская дзяржава?

Для літоўцаў Каліноўскі — шараговы гістарычны дзяяч. Гэта для беларусаў ён першы публіцыст, аўтар двух вершаў на мове, нацыянальны сімвал.

І нават калі ўдасца выявіць парэшткі Каліноўскага. Што з імі рабіць? Перазахоўваць у Беларусі?

«Гэта нейкая манія: усіх перапахаваць, — кажа Харэўскі. — Некалі хацелі Багдановіча, цяпер ідуць пагалоскі, што выправяцца ў Прагу шукаць Скарыну…

Што зменіцца ад перапахавання?

Нам перш трэба дасягнуць грамадскага кансэнсусу па ўспрыманні гэтых асоб, дасягнуць сітуацыі, калі б усё грамадства прыняло беларусацэнтрычную версію гісторыі.

Таму для мяне гэтая знаходка на гары Гедыміна — нагода падумаць не пра косткі, а пра след чалавека на зямлі. А косткі чапаць — гэта нават неяк не па-хрысціянску».

Магіла Каліноўскага (Артыкул, апублікаваны ў НН у 2001-м)

Кастусь Каліноўскі — першае імя нашага гістарычнага пантэону, якое адгукаецца на словы «нацыянальны герой Беларусі». Вялізная колькасьць вершаў і цэлых раманаў, тэатральных спэктакляў і мастацкіх палотнаў прысьвечаная гэтаму чалавеку — герою, што заслужыў сабе імя Справядлівага.

Але нідзе я не знаходзіў зьвестак пра ягоны апошні спачын.

І вось на Дзяды, дзякуючы дапамозе найбольш аўтарытэтнага ў Літве дасьледчыка паўстаньня Каліноўскага, гісторыка й журналіста Ўладзіслава Бікуліча, журналісту НН удалося расшукаць ягоную магілу.

«Пасьля таго як кіраўнік антырасейскага паўстаньня 26-гадовы Кастусь Каліноўскі быў схоплены на кансьпіратыўнай кватэры ў Вільні, яго засадзілі ў Дамініканскі кляштар, дзе тады была зробленая турма. Адсюль 10 сакавіка яго прывялі на Лукішкі — знакаміты віленскі пляц. Тут Каліноўскага як «дзяржаўнага злачынца» павесілі. За часамі паўстаньня 1863 г. расейскія акупацыйныя ўлады на чале з графам Мураўёвым баяліся паўтарыць сваю памылку 1839 г., калі яны пасьля экзэкуцыі аддалі цела расстралянага імі паўстанца Сымона Канарскага віленчукам. Магіла Канарскага адразу стала месцам паломніцтва і ўся патанала ў жывых кветках і сьвечках. А зь ягоных кайданоў патрыёты парабілі сабе «чорную біжутэрыю» — пярсьцёнкі й бранзалеты.

Пакараных сьмерцю паўстанцаў 1863 г., у тым ліку Каліноўскага, Серакоўскага ды іншых, вырашана было хаваць патаемна. Пасьля страты на шыбеніцы іх целы звозілі на Замкавую гару, дзе тады стаяў расейскі гарнізон. Тут іх і закопвалі пад старадаўнімі мурамі, у братняй магіле. Увесь час магілу вартавалі маскалі, і ніводзін цывільны вілянчук цягам паўстагодзьдзя ня меў права туды зайсьці. Больш за тое, расейцы зрабілі на магіле паўстанцаў пляцоўку для гульні ў крыкет, пра што сьведчаць тагачасныя фатаздымкі.

Калі ж у 1915 г. расейцы пакінулі Вільню, тутэйшая грамадзкасьць адразу пачала пошук славутае магілы. І праўда, археолягам, сярод якіх быў і беларус Іван Луцкевіч, пашчасьціла знайсьці дакладнае месца пахаваньня. Балазе, жывы быў яшчэ дворнік, што працаваў колісь у расейскім форце на гары. Падчас раскопак былі знойдзеныя людзкія парэшткі, фрагмэнты паўстанцкіх чамарак, спражкі, абутак. Самы выбітны тагачасны віленскі дойлід Антон Вівульскі вырабіў велізарны адмысловы крыж, у народным кшталце, зь вялікіх брусоў дрэва. Але неўзабаве расейскіх акупантаў зьмянілі нямецкія. На загад камэнданта Вільні графа Інстэнбурга фон Бэрнштэйна немцы зламілі крыж і закапалі яго тамсама.

Калі ж у 1921 г. Вільня адышла да Польшчы, мэмарыял быў адноўлены. Гэтым разам ён складаўся з крыжоў і прыгожай мармуровай шыльды, на якой былі высечаныя імёны паўстанцаў, якія знайшлі тут свой вечны спачын, —Каліноўскага, Серакоўскага, Браніслава Калышкі, ксяндза Станіслава Ішоры. Усяго каля пятнаццаці чалавек. Але пасьля таго, як Сталін перадаў Вільню Літве, у 1940 г. крыжы былі спаленыя, а шыльда зьнікла бязь сьледу.

Віленскі журналіст і літаратар Войцех Пятровіч распавядаў: «Драўляны крыж, разьбяны крыж, складзены зь некалькіх частак, быў трохі падобны на жмудзка-літоўскія крыжы (справа ў тым, што сям’я Вівульскіх паходзіць са Жмудзі, таму ён, пэўна, і меў сэнтымэнт да жмудзкіх крыжоў). Ён стаяў акурат там, дзе цяпер ляжыць камень, прысьвечаны Грунвальдзкай бітве, роўна пасярэдзіне, наверсе, на Замкавай гары». Генрык Сасноўскі, супрацоўнік тутэйшай Фундацыі польскай культуры імя Мантвіла, падае і іншыя падрабязнасьці: «Калі польскія археолягі вывучалі тыя магілы, дык знайшлі макасыны Каліноўскага й іншыя рэчы… І Каліноўскі, і Серакоўскі былі пахаваныя менавіта там. Іх пазналі па ботах, гузіках… Літоўцы ставяцца да гэтай гары як індусы да сьвятой каровы. Маўляў, гэта гара Гедыміна й нічога там не павінна болей быць… Перад вайною крыж звалілі, падпалілі… Там цяпер няма згадак пра паўстанцаў 1863 г. А некалі ж людзі зрабілі там пляцык, у 1923 г. нават узьнесьлі маленькі фантанчык, была прыгожая мармуровая табліца з імёнамі пахаваных там герояў».

Ідэя аднавіць мэмарыял над магілаю паўстанцаў раз-пораз узьнікала па вайне. Эскіз помніка стварыў будучы акадэмік Канстанцінас Богданас. Але ўлады гэтай справы не падтрымалі. Цяпер гэтая скульптурная кампазыцыя стаіць у Мастацкім музэі — зробленая вельмі традыцыйным, рамантычным кшталтам, у духу Антакольскага. Супраць мэмарыялу паўстанцам Каліноўскага на Замкавай гары рэзка запярэчыў Антанас Жугжда, намесьнік прэзыдэнта літоўскай Акадэміі навук, дырэктар Інстытуту гісторыі. Падставу прыдумалі простую: на тым месцы стаіць камень, прысьвечаны бітве пад Грунвальдам. Вежа стаіць, камень ляжыць. Яшчэ адзін помнік ня «ўпішацца» ў гару. Яшчэ адна вэртыкаль для гары будзе залішняю. Сышліся на тым, што Тры крыжы ёсьць агульным помнікам усім паўстанцам (бо хавалі паўстанцаў і на Трохкрыжовай гары, дзе стаяла іншая расейская фартэцыя)», — пісаў Сяргей Харэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?