president.gov.by

president.gov.by

У Беларусі затрымалі баевікоў са зброяй, якія рыхтавалі правакацыю. Аб гэтым паведаміў Аляксандр Лукашэнка сёння ў час размовы ў Магілёве з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў кампаніі «Кронаспан».

Адказваючы на пытанне аднаго з работнікаў пра прычыны актывізацыі ў апошні час так званай пятай калоны і розных апазіцыйных структур, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Як паказала рэчаіснасць, яны не спалі (асобныя), яны паціху рыхтаваліся на выпадак, выбіралі момант».

«Яны не толькі не спалі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах з зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў. Астатнія лагеры — ва Украіне. па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але недзе там), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй».

Ён адзначыў, што пасля грамадскасці будзе прадстаўлена больш шырокая інфармацыя аб дадзеным факце.

Ён таксама распавёў пра тое, як праваахоўнікам удалося даведацца пра існаванне падобных планаў. «Дзякуй, што ёсць беларусы і беларускі сапраўдныя, якія быўшы за мяжой — у Еўрасаюзе — папярэдзілі нас.

Жанчына прыйшла ў пасольства і папярэдзіла, афіцыйна напісала ліст: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка краіны, цяпер трэба будзе дэталёва разабрацца, адкуль паступалі грошы, хто займаўся падрыхтоўкай, з якіх краін прыехалі адпаведныя людзі.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды гатовыя спыняць любую супрацьпраўную дзейнасць і бандытызм. «Беларусы хочуць жыць спакойна і гадаваць дзяцей. Нікому гэта вайна не патрэбна, і я яе дапусціць не магу. Трэба будзе - у першым шэрагу пайду з усімі блізкімі і роднымі. Але краіну мы на знявагу нікому не аддамо», - рэзюмаваў беларускі лідар.

Нагадаем, што перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года дзяржаўныя СМІ заяўлялі са спасылкай на Пагранічны камітэт, што «на мяжы затрымалі 200 украінцаў са зброяй». Пазней у Памежным камітэце адмаўляліся каментаваць гэтую інфармацыю і лёс нібыта «затрыманых», якіх народу так і не паказалі. Аналагічнага характару заявы гучалі і перад масавымі пратэстамі 2006 і 2010 гадоў. Ні разу пасля дзяржаўныя СМІ не апублікавалі абвяржэння інфармацыі, што аказалася непраўдзівай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0