Злачынства было здзейснена раніцай 8 студзеня, але пра яго стала вядома толькі цяпер.

У Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэнняў Украіны з'явілася пастанова Шаўчэнкаўскага раённага суда Кіева. Следчы хадайнічаў аб тым, каб аказаць дапамогу беларускім сілавікам па крымінальнай справе №17128000037.

Яна была заведзена ў дачыненні грамадзяніна N, які абвінавачваецца ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры (пакаранне ад 3 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці).

Беларускі бок прасіў інфармацыю пра месцазнаходжанне падазраванага ад украінскіх мабільных аператараў.

Звычайная справа, каб адсачыць кантакты меркаванага злачынцы, які знаходзіцца ў бягах. Незвычайнымі аказаліся абставіны гэтай справы, фабула якой была паказана ўкраінскаму суду.

Такім чынам, грамадзянін N «8 студзеня 2017 года каля 9 гадзін раніцы наўмысна, з карыслівых меркаванняў, з сейфа ў кабінеце №107 адміністрацыйнага будынка па адрасе: горад Мінск, вуліца Рэвалюцыйная, дом 3, таемна выкраў грашовыя сродкі ў памеры $269150».

Па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 3 размяшчаецца Галоўнае упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі (ГУБАЗіК). Іншых арганізацый у гэтым будынку няма.

Вядома, што 8 студзеня каля 13.00 падазраваны перасёк мяжу і апынуўся на тэрыторыі Украіны. Там N сустрэўся з жанчынай (яе асоба высветленая), папярэдне з ёй стэлефанаваўшыся. Таксама ўцякач меў зносіны па тэлефоне з невядомым мужчынам.

9 студзеня каля 6 гадзін раніцы ён пакінуў Украіну і з'ехаў у Румынію. Дзе яго сляды і згубіліся.

«Наша Ніва» звярнулася па каментар у Міністэрства ўнутраных спраў, чакаем адказу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?