Нядаўна Міністэрства культуры Літвы апублікавала інфармацыю пра тое, што ў адной з безымянных магілаў, знойдзеных археолагамі сёлета пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільні, быў знойдзены артэфакт, які дазваляе з доляй дакладнасці ідэнтыфікаваць парэшткі аднаго з герояў паўстання 1863 — Зыгмунта Серакоўскага.

Гэта пярсцёнак з надпісам «Zygmund Apoloniya 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.».

Delfi.lt публікуе яго фота.

Пярсцёнак быў знойдзены ў магіле мужчыны. Яго пахавалі асобна ад іншых (астатнія знойдзеныя магілы — брацкія).

Рукі яго, як бачна з фота, былі звязаныя за спінай.

Зыгмунт Серакоўскі быў адным з кіраўнікоў паўстання ў 1863-64 гг. У кароткім часе ён сабраў буйны атрад з 5 тысяч чалавек, але ў баі быў разбіты ўрадавымі войскамі. Суд прысудзіў яму смяротнае пакаранне праз павешанне. Серакоўскі быў пакараны ў 1863 годзе ў Вільні на Лукішскім пляцы.

Яго жонкай была Апалонія з Далеўскіх — сястра паўстанцаў і «першая прыгажуня на Літве», як яе называлі.

Іх шлюб адбыўся ў Кейданах (цяпер Кейданяй, Літва) 30 ліпеня (11 жніўня паводле новага стылю) 1862. Імя і дата супадаюць з пазначанымі на пярсцёнку.

У магілах былі знойдзеныя рэчы, якія дазваляюць аднесці пахаванні да другой паловы ХІХ стагоддзя. Тады на гары Гедыміна месціўся расійскі гарнізон, і пакараных смерцю паўстанцаў хавалі там, каб іх магілы не сталі месцам пакланення.

Чытайце таксама:

Знойдзеныя парэшткі Зыгмунта Серакоўскага? Пра гэта сведчыць пярсцёнак

«Апошняя мазурка ў Літве»: гісторыя кахання і вернасці Зыгмунта Серакоўскага і Апалоніі Далеўскай

Яшчэ пра магілу Каліноўскага — кампетэнтна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?