posterНавагоднія прыгоды ў ліпені (Новогодние приключения в июле)
Беларусь, 2009, каляровы, 76 хв.
Рэжысёры: Алена Турава, Іван Паўлаў
Ролі выконваюць: Марыя Забара, Васіль Кубекін, Ігар Бочкін, Данііл Співакоўскі, Павал Адамчыкаў, Арсені Сячко, Дзмітры Пустыльнік, Сяргей Журавель
Жанр: Казачныя музычныя прыгоды паводле сцэнару Алены Туравай

Дашка Катастрофа і ейны сябра Саша з дапамогаю клюшкі і зламанай лядоўні трапляюць у віртуальны свет, дзе пануе злобны кампутарны Гала-Вірус. Уладалюбны Вірус марыць знішчыць усе святы і асабліва Новы год – разам са Снягуркаю і Дзедам Марозам. Але Вірус недаацаніў сучасных дзетак…

Карціна, знятая Аленай Туравай (дачкой рэжысёра Віктара Турава) дый Іванам Паўлавым – гэта кампутарная галаваломка, што спрабуе вярнуць залатыя часы беларускай дзіцячага кіно.

posterСама лепшае ў фільме – графіка, анімацыя і дызайн – нечуваныя для сучаснай Нацыянальнае кінастудыі (а калі б стужка выйшла бы ў 90-ыя гады, гэта, увогуле, сталася б пераваротам).

Фіялетавыя грыбы і вогненная жанчына; ледзяныя пераўтварэнні – і месяцовыя ландшафты, дзе вусцішныя расліны граюць у футбол гарматным ядром (маленькая дзяўчынка ў кінатэатры прыціскалася да матулі: «Мама, мне страшна!»). Чорныя вежы і гральны аўтамат-робат; твар чалавека-снегавіка. Нарэшце, самае смачнае – сольныя нумары Гала-Віруса (Данііл Співакоўскі). Ён то пірат, то Генерал, то чарнакніжнік (за кожным – свая кінатрадыя). Глючныя камбінаваныя кадры, марш-парад злых сілаў; моцная і працвітаючая вірусаландыя.

posterНягоднікі ў карціне – выразныя: Спам (навязлівы рэкламны агент, які марыць пра цыркавое шоў); Глюк – тармазнуты наркуша-хіпі; платаядная гратэскная бабка (Сяргей Журавель).

Затое дабро, як і ў фільме «На спіне ў чорнага ката» – сцішанае і млявае. Дзеткі-героі, у лепшым выпадку – персанажы кампутарнага квесту, якія змагаюцца за натужліва-ананімнае свята.

Сцэнар – самае слабое ў карціне. Стужка – набор кампутарных атракцыёнаў, раздзеленых пазяханнямі гледача.

Але для «Беларусьфільму» – гэта ўжо нешта жывое і нестандартнае.

Рэжысура: 4,5 (з 10)
Сцэнар: 3
Акторская гульня: 5
Кампутарныя і адмысловыя эфекты, дызайн, анімацыя: 7,5

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?