Беларусь сплаціла запазычанасць за газ. Але вайна на ўсходнім фронце не скончылася. Галоўныя баталіі наперадзе. І зыход прадказаць цяжка. Краіна зараз у пункце біфуркацыі.

За расійскім газавым ультыматумам стаяла гэтым разам не проста палітыка, а геапалітыка. Гэта тыповы наступ імперыі.

Мядзведзеў зараз здымае вяршкі з пацяплення стасункаў са Штатамі: сустракаецца са Шварцэнегерам ды Абамам, наведвае Сіліконавую даліну (тую, напраўдную!), марыць з дапамогай Амерыкі здзейсніць мадэрнізацыю.

Штаты ж гатовы на многае заплюшчыць вочы ўжо за тое, што Масква далучылася да хай сабе слабаватых санкцый супраць Ірана. Ну, а Еўразвяз проста загруз у сваіх праблемах: грэчаскі абвал можа выклікаць эфект даміно, еўра пад ударам і г.д.

І Крэмль вырашыў, што зараз самы час браць вялікадзяржаўны рэванш. Захаду не да постсаўка. Расійскім стратэгам кружыць галаву ўяўны поспех на украінскім кірунку. Скінулі Бакіева. Зараз бы разабрацца з Грузіяй ды Беларуссю, а там… Імперская ментальнасць практычна не лекуецца, апетыты ненатольныя.

Зразумела, што на беларускім кіраўніцтве ляжыць велізарная адказнасць за цяперашні стан, які коратка можна абмаляваць менавіта ваенным слоганам — «Радзіма ў небяспецы». Дагуляліся, блін гарэлы, у «братнюю інтэграцыю»! Аднак жа і сапраўды — Радзіма ў небяспецы.

Тое ж, што Лукашэнка, насуперак прагнозам часткі апанентаў, неяк не спяшаецца здаваць краіну, тлумачыцца цалкам натуральна. Ён выдатна разумее: пусці расійскага мядзведзя на пасеку — той умомант задзярэ і пчаляра.

Варыянтам, ідэальным з гледзішча інтарэсаў Беларусі, былі б зараз адмова ад Мытнага звязу і фарсаванае ўзаемадзеянне з Захадам.

Аднак гэта ў тэорыі. На практыцы беларускаму начальству страшна страціць рэшткі расійскіх льготаў ды ёмісты, не занадта пераборлівы рынак усходняй суседкі. А Захаду неабачліва накруцілі столькі дуляў! Зрэшты, ён бы і дараваў, але ж рабіць дэмакратызацыю — як нож востры!

Разам з тым, Масква зараз заломвае цану, непрымальную для суверэннай аўтакратыі. Крэмль хоча надзейна, назаўсёды ўманціраваць сінявокую рэспубліку ў свою неаімперыялістычную канструкцыю.

Сплачаныя зараз 187 мільёнаў долараў — гэта далёка не апошні транш платы за незалежнасць. Але ж лепей заплаціць спаўна, чым яе страціць. І тут галоўнае, каб хапіла не ЗВР, а духу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?