Канцэрн «Белнафтахім» афіцыйна аб’явіў пра павышэнне з 3 сакавіка цэнаў на бензін і дызельнае паліва.
Рост кошту нафтапрадуктаў склаў ад 4,5% (бензін АІ-92) да 10,5% (дызпаліва). Рашэнне прынята «ў адпаведнасці з рашэннем камісіі па пытаннях імпарту энергарэсурсаў пры Савеце міністраў».

З 3 сакавіка 2011 года рознічныя цэны на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца праз АЗС, складаюць (за 1 літр):

бензін Нармаль-80 — 2.400 рублёў (было 2.250), бензін АІ-92 — 3.000 (2.870), бензін АІ-95, АІ-95-Еўра — 3.400 (3.240), дызельнае паліва — 2.850 (2.580).

«Змены цэн на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца на ўнутраным рынку, выкліканыя ростам сусветных цэн на нафту і павелічэннем ставак акцызаў на падакцызныя нафтапрадукты, у сувязі з чым эфектыўнасць рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку значна пагоршылася», — гаворыцца ў паведамленні.

«Белнафтахім» прыводзіць статыстыку, паводле якой каціроўкі нафты за студзень-люты 2011 года выраслі на 13,5%, за май 2010 года (тады адбылося папярэдняе павышэнне цэн на ўнутраным рынку) — люты 2011 года — на 37%.

З 1 студзеня 2011 года стаўкі акцызу на падакцызныя нафтапрадукты праіндэксаваны на 8%.

Канцэрн звяртае ўвагу спажыўцоў, што «ў сувязі з неўраджаем у 2010 годзе рапсу і значным скарачэннем аб’ёму вытворчасці рапсавага масла з 3 сакавіка 2011 года часова спынена рэалізацыя праз АЗС біядызельнага паліва». «У сувязі з такімі анамальнымі аграметэаралагічнымі ўмовамі» валавы збор алейнага насення рапсу ў краіне склаў 374,3 тыс. тон супраць 610,8 тыс. у 2009 годзе.

«Дэфіцыт масла рапсавага тэхнічнага для вытворчасці біядабаўкі да паліва (метылавых эфіраў тлустых кіслот) у арганізацыях канцэрна складзе, паводле папярэдніх падлікаў, больш за 50% патрэбнасці», — адзначаецца ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?