Раней у інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра аварыю на адным з руднікоў.

 Фота Saligorsk.org.

Фота Saligorsk.org.

У адміністрацыі «Беларуськалія» агенцтву БЕЛТА паведамілі, што пазаштатнай сітуацыі на рудніку няма, праца рудніка не спыненая. Раней на шэрагу інтэрнэт-сайтаў з’явілася інфармацыя пра аварыю на другім рудніку «Беларуськалія». У прыватнасці паведамляецца, што ў ноч з 23 на 24 чэрвеня на тэрыторыі рудніка адбыўся прарыў вады ў шахту. Кіраўніцтва рудніка сітуацыю пракаментавала не адразу. Дырэктар 2-га рудаўпраўлення Ігар Кожыч адмовіўся размаўляць з карэспандэнтам інтэрнэт-газеты «Салідарнасць».

Здарэнне на рудніку пракаментавалі у МНС, заявіўшы агенцтву «Інтэрфакс», што з сітуацыяй супрацоўнікі рудніка спраўляюцца самастойна.

Тым часам, навіна пра здарэнне на рудніку абмяркоўваецца на форуме сайта «Электронны Салігорск». Наведнікі форума даюць досыць супярэчлівую інфармацыю: адны кажуць пра пагрозу поўнага спынення працы рудніка, пра магчымасць затапленне шахты, іншыя — пра беспадстаўнае нагнятанне панічных настрояў. Так, карыстальнік напісаў: «Як жа хутка ў нас распаўсюджваюцца чуткі, у тым ліку і трызненне! З усіх вышэй напісаных пастоў праўдзе адпавядаюць 2—3. Карацей, прарыў адбыўся ў ноч з чацвярга на пятніцу, прыкладна ў раёне Крывічоў, 12 км ад ствала, камбайн паспелі адагнаць».

Магчыма, распаўсюду неправеранай інфармацыі можна было б пазбегнуць, калі б афіцыйная інфармацыя ў вычарпальным аб’ёме з’явілася адразу пасля з’яўлення навіны. На афіцыйным сайце прадпрыемства дагэтуль няма ні слова пра сітуацыю на рудніку. Дата апошняга абнаўлення сайта — 23 чэрвеня, апошняя навіна — абвестка пра турнір КВЗ, прысвечаны Дню моладзі, які мусіў адбыцца 24-га.

На «Беларуськаліі» дзейнічаюць 4 рудаўпраўленні. Тут працуюць каля 20 тысяч чалавек. Гэта адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных мінеральных угнаенняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?