Вернікі прасілі пакінуць а. Ігара Лашука на ранейшым месцы. Іх зварот не падтрымала каталіцкае духавенства.

Вернікі звярнуліся ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію з просьбай пакінуць ксяндза Ігара пры парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. «Здаецца, не так шмат у Беларусі святароў, якія б ... змаглі распачаць пабудову новага касцёла, як а.Ігар Лашук. Мяркуем, што праз ягоны прыклад служэння Богу і людзям, касцёльная супольнасць у Серабранцы павялічваецца год ад года. Дзякуючы яго нязгаснай энергіі касцёльны комплекс парафіі Св. Яна Хрысціцеля дабудоўваецца. І мы на прыкладзе пробашча а. Ігара таксама імкнемся спрычыніцца да аднаўлення нашых святыняў».

Адказ яны атрымалі ад настаяцеля ордэна Салезіянцаў Дона Боска, да якога належыць ксёндз Ігар, Джузэпэ Пеліцары. У ім гаварыцца, што «перавод на іншае месца — гэта звычайная справа ў жыцці кожнага салезіянца. У нас няма пастаянства месцапрыбывання, як у старых манашаскіх ардэнаў. Зарок паслухмянасці не надта лёгкі ў выкананні. Ён патрабуе ахвяраў не толькі для манаха, які яго дае, але і для тых, хто манаха любіць».

З 1 жніўня ксёндз Ігар Лашук прызначаны настаяцелем рыма-каталіцкай парафіі ў в. Багданава Валожынскага раёна.

Сам ксёндз не ведае прычыну пераводу. І, згодна з зарокам, падпарадкуецца волі настаяцеля.

Ігар Лашук нарадзіўся 30 сакавіка 1966 года ў в. Макашы Нясвіжскага раёна. Ён вызначыўся сваёй працай па стварэнні каталіцкіх парафій і вяртанні шэрагу храмаў вернікам. Пакінуўшы вучобу ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, пачаў працаваць закрыстыянінам у Нясвіжскім фарным касцёле. У 1988-1989 годзе арганізаваў парафію Свсв. Пятра і Паўла ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна, арганізаваў вяртанне касцёла і парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў п. Сноў Нясвіжскага раёна. Выпускнік Лёндскай салезіянскай духоўнай семінарыі. У 1990 годзе выдаў першы пасля Другой сусветнай вайны «Кароткі Катэхізм для беларусаў-католікаў» на беларускай мове.

У 1993 годзе атрымаў святарскія пасвячэнні. Працаваў вікарыем у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. Там заснаваў парафію Св. Яна Боска ў пасёлку Маладзёжным (назва парафіі пазней была зменена). У Мінску стварыў парафіі Святога Духа і Божага Цела. У 1996 быў прызначаны пробашчам парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску. Пры ім пачалося будаўніцтва касцёла ў Мінску, упершыню за 100 апошніх гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?