Лонданская паліцыя павялічыла кантынгент і атрымала права страляць гумовымі кулямі.

Пагромы ў Лондане паступова заціхаюць. У сталіцу ўведзеныя дадатковыя сілы паліцыі, агулам вуліцы патрулююць каля 16 тысяч супрацоўнікаў, што ўтрая больш, чым было ў панядзелак. Лонданская паліцыя атрымала права прымяняць супраць марадзёраў гумовыя кулі. Назіраецца самаарганізацыя сярод грамадзян. Так, у Лондане свае крамы ад нападнікаў баранілі прадстаўнікі турэцкай дыяспары.

У аўторак хваля пагромаў перакінулася з Лондана на іншыя гарады Англіі, а ў панядзелак пагромы прайшлі ў прыгарадзе шведскай сталіцы. Позна ўвечары ў панядзелак група з 20-30 маладых людзей пачалі граміць станцыю метро Hasselby Gaard. Калі прыехала паліцыя, то хуліганы пачалі закідваць яе камянямі. Затрыманыя некалькі чалавек. Стакгольмская паліцыя пакуль не раіць звязваць падзеі ў Швецыі з пагромамі ў Англіі. Аднак, як адзначае мясцовая прэса, станцыю метро грамілі дзеці мігрантаў, а гэта наводзіць на пэўныя паралелі. Акрамя таго, стакгольмскія пагромшчыкі дзейнічалі арганізавана: мелі маскі на тварах, камяні прыгатавалі загадзя, адзначае Sveriges Radio.

З пачатку масавых беспарадкаў брытанская паліцыя затрымала больш за 1,1 тысячы чалавек, з іх прыкладна 700 былі затрыманыя ў Лондане, паведамляе Газета.ru.

Усяго за час масавых беспарадкаў у Англіі загінулі 4 чалавекі. Першая смерць і стала прычынай забурэнняў. У мінулы чацвер у раёне Тотэнхэм пры спробе праверыць таксоўку паліцыянтам давялося ўступіць у перастрэлку з 29-гадовым Маркам Даганам. Ён быў застрэлены. Паліцыя сцвярджае, што першым стрэліў малады чалавек, параніўшы праваахоўніка.

У суботу 6 жніўня каля паліцэйскага ўчастка сабраўся натоўп, які патрабаваў «справядлівага разгляду» справы Дагана. Акцыя перарасла ў беспарадкі.

Масавыя беспарадкі ў Лондане ў 1980-х

Падобных здарэнняў у Вялікабрытаніі не было ўжо 30 гадоў. У 1981 годзе хваляванні ўспыхнулі ў лонданскім раёне Брыкстан. Іх выклікаў ракавы стрэл паліцыянта ў выпадковую жанчыну. Яна выжыла. Але ад ранення знерухомела. Ахвярай тых хваляванняў стаў журналіст The Telegraph.

Восенню 1985 года ў Тотэнхэме, адным з самых бедных раёнаў Лондана, населеным пераважна цемнаскурымі, ўспыхнулі масавыя беспарадкі. Каталізатарам, як і ў выпадку з сёлетнімі падзеямі, стала смерць грамадзянскай асобы ў ходзе паліцэйскай аперацыі. У жыхаркі раёна, на вачах якой паліцыя арыштавала сына, здарыўся інфаркт. Пазней яна памерла. На вуліцы выйшлі тысячы людзей, якія ў літаральным сэнсе пачалі паляванне на паліцыянтаў. У выніку сутычак 60 паліцыянтаў было паранена, адзін загінуў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?