Заходняе Палессе, адкуль ідзе і мой род, — гэта самабытны край, чыя моўная і культурная адметнасць знаходзіцца пад куды большай пагрозаю, чым «тытульная» беларушчына.

Мой дзед, карэнны жыхар Бярозаўскага раёну, любіць з жартам казаць, што валодае дзвюма замежнымі мовамі: расійскай і беларускай. Мову Берасцейшчыны ў афіцыйнай навуцы прынята называць дыялектам беларускай. Але прынамсі ў дачыненні да «майго» Бярозаўскага раёна я магу з усёй упэўненасцю казаць, што

мясцовае насельніцтва насамрэч размаўляе на дыялекце, вельмі блізкім да ўкраінскай мовы з асобнымі «польскімі» элементамі.

Перапісы насельніцтва, праведзеныя за часамі Расійскай імперыі, класіфікавалі родную мову насельніцтва на поўдзень ад Пружанаў і на захад ад Мазыра як украінскую. Расійскія імперскія ўлады ў гэтым пытанні можна лічыць амаль што незацікаўленым бокам: у гэтым выпадку яны не мелі матываў маніпуляваць мяжой паміж беларусамі і «маларосамі».

Тое ж самае бачым на мапе, складзенай Яўхімам Карскім. Нават на вядомай мапе Беларускай народнай рэспублікі, якая мела ўключыць у свой склад усе заселеныя этнічнымі беларусамі землі, мы бачым яўны небеларускі «выступ» на ўсходзе ад Берасця.

Маніпуляванне межамі паміж народамі па зразумелых прычынах рэзка ўзмацнілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі міжваенныя польскія перапісы, прыкладам, рэзка «павялічылі» у параўнанні з дарэвалюцыйнымі дадзенымі колькасць палякаў на тэрыторыі Віленшчыны і Гарадзеншчыны.

Цікава, што

вынікі перапіса насельніцтва Польшчы 1931 г. уключалі абсурдную з пункту гледжання дэмаграфічнай (дый любой іншай) статыстыкі рэч: ажно 63% насельніцтва Палескага вайводства (тэрыторыя якога прыкладна як раз адпавядала этнаграфічнаму беларускаму Заходняму Палессю) пазначылі ў якасці роднай мовы «іншае»
(глядзі мапу).

Пасля савецкага захопу Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў 1939 годзе Берасцейшчына была перададзеная ў склад БССР. У час нямецкай акупацыі Заходняе Палессе было ў складзе Імперскага камісарыята Ўкраіны — але першы паваенны савецкі перапіс 1959 г. вызначае колькасць украінцаў Берасцейшчыны ў межах статыстычнае пагрэшнасці.

Дык палешчукі беларусы ці ўкраінцы?

(працяг: Чаму палешукі не зрабіліся нацыяй?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?