Мы марылі пра ўласныя крамы, уласныя кнігі, уласныя...

Мы марылі пра ўласныя крамы, уласныя кнігі, уласныя...

Я скончыў школу ў Вілейцы восем гадоў таму. У класе нас было 20 чалавек: амаль пароўну — 11 хлопцаў і 9 дзяўчат. Усе аднакласнікі, калі не памыляюся, атрымалі вышэйшую адукацыю. Цяпер ім па 25—26 гадоў. Шмат хто пабраўся шлюбам. Большасць з аднакласнікаў я не бачыў некалькі гадоў, а кагосьці і ўсе восем. Я вырашыў адшукаць іх, каб пацікавіцца, хто чаго дасягнуў у жыцці за гэты час. Не ўсе з тых, каго знайшоў, праўда, адгукнуліся.

Паэт з дыпломам эканаміста

З маім найлепшым сябрам Сашам мы думалі стаць гісторыкамі. Прынамсі, я так лічыў. Дзесьці за месяц да выпускнога мы пасварыліся — і ўвесь гэты час не размаўлялі. Памірылі нас толькі ў канцы школьнага балю. Падаваць дакументы ў БДУ мы ў выніку паехалі разам. Але ён ужо спыніўся на эканамічным факультэце, я, як і хацеў, — на гістфаку. Абодва не паступілі. Я праз год штурмаваў журфак БДУ, які і скончыў. А Саша ў той жа год паступіў «другім патокам» у Аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

Пасля ВНУ ён скончыў магістратуру і паехаў па размеркаванні на поўдзень краіны — у Лельчыцкі раён.
З заробкам 720 тысяч рублёў у СВК прапрацаваў галоўным эканамістам год. Потым у «канторы» ўзніклі праблемы, а Сашу адправілі ў іншы раён Гомельшчыны. Спачатку ў адну гаспадарку, а затым — у філіял гомельскага дзяржпрадпрыемства. Зарабляе цяпер каля 3 мільёнаў.

Захапленне гісторыяй састу-піла месца літаратуры: піша вершы. І цяпер са свайго заробку адкладае грошы на выданне дэбютнай кнігі паэзіі.

Прынцэса-інжынер

З Нінай я дзяліў парту цэлы год. Наш ліцэйскі клас складаўся з дзвюх груп: грамадска-эканамічнай і фізіка-матэматычнай. Да апошняй належала і Ніна, хаця і марыла стаць юрыстам. У выніку ж скончыла Тэхналагічны ўніверсітэт у Мінску. І вярнулася ў родны горад. Выйшла замуж.

Працуе інжынерам-канструктарам мэблі ў філіяле большага акцыянернага прадпрыемства. Заробак свой не хавае: «У мінулым месяцы атрымала на рукі 3,5 мільёнаў рублёў.
У гэтым, напэўна, менш — «прывязалі» да цэха. Калі цэх выканае план — усё окей! Калі не — то не. Але мяняць працу жадання ўвогуле няма. Падабаецца». Ніна, між іншым, была прынцэсай на выпускным балі ў школе.

Рэкардсменка па дыпломах

Дзіна вылучалася сваёй здольнасцю арганізоўваць «афтапаці» пасля нейкіх афіцыйных школьных мерапрыемстваў.

Як правіла, усё праходзіла ў яе на кватэры: бацькі аддавалі нам самы вялікі пакой. Ёй бы мо і пайсці далей развіваць талент арганізатара. Хаця падлеткам марыла стаць настаўніцай альбо доктаркай, а як сканчала школу — дызайнеркай інтэр’ераў. Але склалася па-іншаму. Усе восем гадоў пасля школы яна спасцігае розныя спецыяльнасці. Сёлета Дзіна атрымала трэці дыплом.

Адразу пасля школы не паступіла ў ВНУ і пайшла ў ПТВ — стала майстрыхай-цырульніцай 4-га разраду. Затым быў сталічны каледж тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці (мадэльерка-канструктарка).

Сёлета скончыла яшчэ і Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт — тэхнолаг.

«Мне не патрэбныя тры дыпломы — у мяне зусім не было мэты іх калекцыянаваць. Гэта наступствы нявызначанасці ў выбары. І да сёння наведваюць думкі пра змену спецыяльнасці і атрыманне сапраўды запатрабаванай адукацыі».

Дзіна працуе ў Гомелі ў прыватнай фірме па пашыве дзіцячага абутку галоўным канструктарам-тэхнолагам. Пасля каледжа з’ехала туды па размеркаванні і засталася. Атрымлівае 2,1 мільёны рублёў. Як бонус — фірма аплочвае здымную кватэру.

Першыя тата і мама

Дзіма не вылучаўся надта ў школе. Пасля нейкага канфлікту з Нінай ён заняў яе месца са мной за партай. Мы абодва «не секлі» ў геаметрыі (і яшчэ ў парачцы прадметаў), праз што часта даводзілася нясоладка. Ён адным з першых аднакласнікаў ажаніўся і стаў бацькам: гадуе дачку. Пра жаданне Дзімы стаць вайскоўцам, калі не памыляюся, шырока стала вядома ў 11 класе. Хаця яшчэ «ў дзяцінстве любіў усё, што звязана з вайскоўцамі — фільмы, кнігі. А цяпер недзе крыху і патрыятызму ёсць — камусьці ж трэба».

Паступіў у Вайсковую ака-дэмію, атрымаў званне старшага лейтэнанта. Працуе намеснікам начальніка вузла сувязі.
«Заробак апошні 3,3 млн, але гэта з баявымі дзяжурствамі. А чыстымі — 2,7 млн». Разам з Дзімам працуе і аднакласнік Арцём. Ён, праўда, скончыў Мінскі вышэйшы авіяцыйны каледж.

Каця стала першай мамай сярод маіх аднакласніц. Але гэта было ўжо пасля школы, пасля ВНУ. А ў 10—11 класах яна, як і я, вучылася ў грамадска-эканамічнай групе.

Каця ў дзяцінстве марыла стаць банкірам, а дыплом атрымала інжынера. Пасля заканчэння Аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта ў сталіцы на адным з прадпрыемстваў Бярозы займала пасаду інжынера па ахове працы. Цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным.

«На той час (2009—2010) заробак быў каля 700—750 тысяч. У дэкрэтным адпачынку атрымліваю тыя ж 700 тысяч».

У адпачынку па доглядзе за дзіцем знаходзіцца і Маша. Яна пасля школы, здаецца, адзіная, не з’ехаў з роднага горада. Вучылася ж у педуніверсітэце завочна і працавала настаўніцай.

Медалістка-банкірка

Школу Хрысціна закончыла з медалём. Дарэчы, медалістаў на ўвесь наш выпуск было ўсяго два.

Для мяне выбар спецыяльнасці Хрысціны ў ВНУ здаваўся дзіўным. Яна паступіла на мехмат БДУ. А сёння працуе ў камерцыйным банку ў Мінску начальнікам аддзела суправа-джэння. Заробак — вышэй за сярэдні па краіне.

Сярод маіх аднакласнікаў чвэрць сканчала сталічны Тэхналагічны ўніверсітэт. Сярод іх была і Іра — дыплом інжынера-праграміста.

Яна марыла стаць доктаркай або эканамісткай. А працуе ў Міністэрстве па падатках і зборах праграмісткай. Зарабляе 2,7 мільёны рублёў.

Яшчэ пра дзясятак аднакласнікаў вядома няшмат. Антон, напрыклад, працуе ў Акадэміі навук пасля БДТУ. Андрэй і Віталь вярнуліся ў родны горад, дзе знайшлі ўжытак сваім «тэхнічным» дыпломам. Таццяна — бухгалтарка ў адным са сталічных гатэляў. Яшчэ адзін Аляксандр стаў вайскоўцам...

…Памятаю, як у выпускным класе мы марылі пра ўласныя крамы, уласныя кнігі, уласныя... А за восем гадоў ніхто не паспеў зрабіць галавакружную кар’еру. Ці зменіцца нешта да 10-годдзя заканчэння школы?

Паводле звестак Белстата, налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў маі склаў 3,56 мільёнаў рублёў ($435). Сярэдні заробак у Мінску вышэйшы — $550.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?