Магіла Каліноўскага

знайшлася на гары Гедыміна ў Вільні

Кожны год на Дзяды мы прыходзім да магілаў продкаў, блізкіх і сваякоў або да помнікаў нашым нацыянальным героям. Кастусь Каліноўскі — першае імя нашага гістарычнага пантэону, якое адгукаецца на словы “нацыянальны герой Беларусі”. Вялізная колькасьць вершаў і цэлых раманаў, тэатральных спэктакляў і мастацкіх палотнаў прысьвечаная гэтаму чалавеку — герою, што заслужыў сабе імя Справядлівага.

 

Але нідзе я не знаходзіў зьвестак пра ягоны апошні спачын.

Вось жа, на сёлетнія Дзяды, дзякуючы дапамозе найбольш аўтарытэтнага ў Літве дасьледчыка паўстаньня Каліноўскага, гісторыка й журналіста Ўладзіслава Бікуліча, мне ўдалося расшукаць ягоную магілу.

Пасьля таго як кіраўнік антырасейскага паўстаньня 26-гадовы Кастусь Каліноўскі быў схоплены на кансьпіратыўнай кватэры ў Вільні, яго засадзілі ў Дамініканскі кляштар, дзе тады была зробленая турма. Адсюль 10 сакавіка яго прывялі на Лукішкі — знакаміты віленскі пляц. Тут Каліноўскага як “дзяржаўнага злачынца” павесілі. За часамі паўстаньня 1863 г. расейскія акупацыйныя ўлады на чале з графам Мураўёвым баяліся паўтарыць сваю памылку 1839 г., калі яны пасьля экзэкуцыі аддалі цела расстралянага імі паўстанца Сымона Канарскага віленчукам. Магіла Канарскага адразу стала месцам паломніцтва і ўся патанала ў жывых кветках і сьвечках. А зь ягоных кайданоў патрыёты парабілі сабе “чорную біжутэрыю” — пярсьцёнкі й бранзалеты.

Пакараных сьмерцю паўстанцаў 1863 г., у тым ліку Каліноўскага, Серакоўскага ды іншых, вырашана было хаваць патаемна. Пасьля страты на шыбеніцы іх целы звозілі на Замкавую гару, дзе тады стаяў расейскі гарнізон. Тут іх і закопвалі пад старадаўнімі мурамі, у братняй магіле. Увесь час магілу вартавалі маскалі, і ніводзін цывільны вілянчук цягам паўстагодзьдзя ня меў права туды зайсьці. Больш за тое, расейцы зрабілі на магіле паўстанцаў пляцоўку для гульні ў крыкет, пра што сьведчаць тагачасныя фата-здымкі.

Калі ж у 1915 г. расейцы пакінулі Вільню, тутэйшая грамадзкасьць адразу пачала пошук славутае магілы. І праўда, археолягам, сярод якіх быў і беларус Іван Луцкевіч, пашчасьціла знайсьці дакладнае месца пахаваньня. Балазе, жывы быў яшчэ дворнік, што працаваў колісь у расейскім форце на гары. Падчас раскопак былі зной-дзеныя людзкія парэшткі, фрагмэнты паўстанцкіх чамарак, спражкі, абутак. Самы выбітны тагачасны віленскі дойлід Антон Вівульскі вырабіў велізарны адмысловы крыж, у народным кшталце, зь вялікіх брусоў дрэва. Але неўзабаве расейскіх акупантаў зьмянілі нямецкія. На загад камэнданта Вільні графа Інстэнбурга фон Бэрнштэйна немцы зламілі крыж і закапалі яго тамсама.

Калі ж у 1921 г. Вільня адышла да Польшчы, мэмарыял быў адноўлены. Гэтым разам ён складаўся з крыжоў і прыгожай мармуровай шыльды, на якой былі высечаныя імёны паўстанцаў, якія знайшлі тут свой вечны спачын, —Каліноўскага, Серакоўскага, Браніслава Калышкі, ксяндза Станіслава Ішоры. Усяго каля пятнаццаці чалавек. Але пасьля таго, як Сталін перадаў Вільню Літве, у 1940 г. крыжы былі спаленыя, а шыльда зьнікла бязь сьледу.

Віленскі журналіст і літаратар Войцех Пятровіч распавядае: “Драўляны крыж, разьбяны крыж, складзены зь некалькіх частак, быў трохі падобны на жмудзка-літоўскія крыжы (справа ў тым, што сям’я Вівульскіх паходзіць са Жмудзі, таму ён, пэўна, і меў сэнтымэнт да жмудзкіх крыжоў). Ён стаяў акурат там, дзе цяпер ляжыць камень, прысьвечаны Грунвальдзкай бітве, роўна пасярэдзіне, наверсе, на Замкавай гары”. Генрык Сасноўскі, супрацоўнік тутэйшай Фундацыі польскай культуры імя Мантвіла, падае і іншыя падрабязнасьці: “Калі польскія археолягі вывучалі тыя магілы, дык знайшлі макасыны Каліноўскага й іншыя рэчы... І Каліноўскі, і Серакоўскі былі пахаваныя менавіта там. Іх пазналі па ботах, гузіках... Літоўцы ставяцца да гэтай гары як індусы да сьвятой каровы. Маўляў, гэта гара Гедыміна й нічога там не павінна болей быць... Перад вайною крыж звалілі, падпалілі... Там цяпер няма згадак пра паўстанцаў 1863 г. А некалі ж людзі зрабілі там пляцык, у 1923 г. нават узьнесьлі маленькі фантанчык, была прыгожая мармуровая табліца з імёнамі пахаваных там герояў”.

Ідэя аднавіць мэмарыял над магілаю паўстанцаў раз-пораз узьнікала па вайне. Эскіз помніка стварыў будучы акадэмік Канстанцінас Богданас. Але ўлады гэтай справы не падтрымалі. Цяпер гэтая скульптурная кампазыцыя стаіць у Мастацкім музэі — зробленая вельмі традыцыйным, рамантычным кшталтам, у духу Антакольскага. Супраць мэмарыялу паўстанцам Каліноўскага на Замкавай гары рэзка запярэчыў Антанас Жугжда, намесьнік прэзыдэнта літоўскай Акадэміі навук, дырэктар Інстытуту гісторыі. Падставу прыдумалі простую: на тым месцы стаіць камень, прысьвечаны бітве пад Грунвальдам. Вежа стаіць, камень ляжыць. Яшчэ адзін помнік ня “ўпішацца” ў гару. Яшчэ адна вэртыкаль для гары будзе залішняю. Сышліся на тым, што Тры крыжы ёсьць агульным помнікам усім паўстанцам (бо хавалі паўстанцаў і на Трохкрыжовай гары, дзе стаяла іншая расейская фартэцыя).

Мо й сапраўды яшчэ адна вэртыкаль разбурыла б ансамбль Замкавай гары. Але навошта вэртыкаль? Проста хапіла б каменя над магілаю, да якога можна было б паставіць сьвечку й прынесьці кветкі. На сёлетнія Дзяды на ягонай магіле ўпершыню ў найноўшай гісторыі зьявяцца беларускія сьвечкі і будзе аддадзены гонар нацыянальнаму герою нумар адзін. Памяці Справядлівага.

Сяргей Харэўскі

 

Уладзіслаў Бікуліч

аўтар манаграфіі “Рэвалюцыйныя арганізацыі ў Беларусі й Літве ў 1863 годзе”. У 1963-м паводле ягонага сцэнару ў Менску быў зьняты дакумэнтальны фільм “Кастусь Каліноўскі”.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0