Беларускай праваслаўнай царкве пашанцавала, што ў яе ёсць Уладыка Філарэт. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на пасяджэнні Свяшчэннага Сінода БПЦ.

«Пашанцавала ў тым плане, што ўжо не адзін дзясятак гадоў гэты чалавек так плённа працуе ў імя міру, спакою і дабрабыту ў нашай Айчыне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларуская праваслаўная царква пад кіраўніцтвам Уладыкі Філарэта заўсёды ішла ў рэчышчы выбранага народам курсу развіцця краіны, заўсёды падтрымлівала гэты курс.

«Стаўшы Мітрапалітам у 1987 годзе, вы, Ваша Высокапраасвяшчэнства, унеслі вялікі ўклад ва ўстараненне той барыкады канфрантацыі і неразумення, якая раздзяляла дзяржаву і царкву многія дзесяцігоддзі», — адзначыў прэзідэнт.

«З асаблівымі пачуццямі ўдзячнасці і гордасці я віншую вас з 75‑гадовым юбілеем. У народзе гэты юбілей называюць брыльянтавым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, паводле слоў апостала Паўла, архірэй павінен быць узорам для вернікаў у слове, жыцці, любові, веры і чысціні.

«Перакананы, усе прысутныя мяне падтрымаюць, што, Уладыка Філарэт поўнасцю адпавядае гэтым словам, пацвярджае іх усёй сваёй працай: царкоўнай, жыццёвай, літаратурнай. Сваімі шматграннымі здольнасцямі як багаслоў, педагог, архіпастыр, прапаведнік, міратворац. Але самае галоўнае — як чалавек», — сказаў беларускі лідэр.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Бог дараваў Мітрапаліту Філарэту моцнае здароўе. «І я хацеў бы, каб яно і далей захоўвалася ў вас на доўгія гады», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы сёння ўручыў прадстаяцелю БПЦ спецыяльны ліст аб аб’яўленні падзякі Прэзідэнта Беларусі. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Уладыка Філарэт, як ніхто іншы, адзначаны самымі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. «Вы адзін з першых герояў суверэннай Беларусі», — нагадаў беларускі лідэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?