Міністар Радзькоў загадаў вырашыць пытаньне на карысьць беларускамоўнага школьніка.

Год спатрэбіўся бацькам Янкі Лапіцкага, 10-гадовага ліцэіста з Жодзіна, каб дамагчыся для сына права навучацца на роднай мове. Што толькі яны ні пачулі ад чыноўнікаў: і пра нерэнтабэльнасьць беларускамоўных клясаў, і пра парушэньне права дзіцяці на адукацыю праз адмову вучыцца на няроднай мове. Пасьля Лапіцкім прапанавалі вучыць сына ў беларускай школе ў вёсцы за 10 км ад гораду.

Бацькі дзяцей, што вучыліся зь Янкам, такога ціску ня вытрымалі. Цяпер іх дзеці вучацца ў клясах з расейскай мовай навучаньня. Лапіцкія вырашылі трымацца да канца. Вырашальным стаў ліст да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Зь міністэрства ў аддзел адукацыі Жодзінскага гарвыканкаму прыйшоў загад: да 15 кастрычніка вырашыць пытаньне на карысьць Лапіцкіх.

Не зважаючы на тое, што цэлы год давялося вучыцца дома разам з бацькамі, Янка мае посьпехі ў вучобе. У яго шмат сяброў, якія атрымалі прыклад. І гэты прыклад не адзінкавы.

У Горках (Магілёўшчына) сям’я Каральковых таксама перамагла ў справе беларускамоўнага навучаньня для дачкі, і цяпер там пад сорак чалавек навучаюцца па-беларуску.

Нацысты напалі на кватэру Лапіцкіх

У ноч на 24 кастрычніка невядомыя абстралялі кватэру, дзе жыве сям’я Лапіцкіх, шасьцю зарадамі з пнэўматычнай вінтоўкі. Былі разьбітыя шыбы, але ніхто не пацярпеў. У ноч з 24 на 25 кастрычніка ў тое ж акно кінулі два пакеты з чорнай фарбай. Па факце абстрэлу заведзена крымінальная справа. У Жодзіне мяркуюць, што гэта магло быць справай мясцовых нацыстаў. Янкаў тата Аляксей Лапіцкі ўзначальвае жодзінскія арганізацыі ТБМ і ПБНФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0