Аляксандр Варламаў рэгулярна дапамагаў фінансава работнікам Цэнтра маладзёжнай моды БДУ з пазабюджэтных крыніц. Пра гэта мадэльер расказаў на пасяджэнні суда 7 лютага.

Паводле слоў Варламава, работнікі атрымлівалі ў структуры БДУ такія нязначныя сродкі, што яму прыходзілася адшукваць дадатковыя крыніцы фінансавання. Праўда, адзначыў мадэльер, часам такой падтрымкі не было месяцамі. Сам Варламаў з'яўляўся кіраўніком цэнтра на грамадскіх пачатках.

Дзяржабвінаваўца паспрабаваў высветліць, за кошт якіх сродкаў аказвалася дапамога.
На гэта Варламаў адказаў, што гэта грошы не з бюджэту. Мадэльер прызнаў, што работнікі цэнтра часам аплачвалі са сваіх картак яго асабістыя расходы, напрыклад на мабільную сувязь. Але, як адзначыў Варламаў, яго дапамога была значна большай.

Ён расказаў, што, не цікавячыся фінансавымі пытаннямі, падпісваў дакладныя запіскі кіраўніцтву БДУ на прадмет павелічэння зарплаты работнікам цэнтра, іх прэміравання.

Наконт гэтага дзяржабвінаваўца пацікавіўся, ці разумеў Варламаў, што, падпісваючы такія дакументы, ён прапаноўвае тым самым павелічэнне грашовай масы, якая апынецца ў распараджэнні работнікаў цэнтра і якой яны змогуць з ім падзяліцца. Гэтае пытанне засталося без даказу.

Падчас чацвярговага допыту таксама высветлілася, што адзін з работнікаў цэнтра быў затрыманы праваахоўнымі органамі ў 2010 годзе. За што — у судзе не прагучала.

Допыт працягнецца 12 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?