Труп хлопчыка, які амаль суткі адсутнічаў дома, быў знойдзены ў 1976 годзе ў кар’еры тарфяной выпрацоўкі на адлегласці 300 метраў ад вул. Жукава ў Савецкім раёне Гомеля. Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, смерць наступіла ад агульнага пераахаладжэння цела. Гэта ўсё, што на той момант змаглі паведаміць бацькам. Падрабязнасцяў трагедыі тады праваахоўныя органы не высветлілі. І толькі летась, праз 36 гадоў, стала вядома, што гэта быў не проста няшчасны выпадак.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК РБ па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, абставіны гібелі дзіцяці ўдалося высветліць аператыўна-следчым шляхам. У прыватнасці, быў знойдзены непасрэдны сведка, на вачах у якога разыгралася драма, хоць усё пачыналася і вонкава выглядала як нявіннае дзіцячае свавольства. Цяпер 52-гадовы мужчына, які, дарэчы, адбывае пакаранне, расказаў, што ў той далёкі дзень гуляў разам са сваім прыяцелем і незнаёмым малым, што да іх прыбіўся. У нейкі момант вырашылі «па-даросламу» перакінуцца ў карты. Прычым не проста так, а на фант.

Прайграў, натуральна, малодшы. Пасля чаго, паводле ўмоваў, прызначаных старэйшымі на некалькі гадоў таварышамі, яму трэба было прайсці выпрабаванне. А менавіта выбрацца з кар’ера, у той час як пераможцы будуць скідваць яго назад.
Задача, улічваючы расстаноўку сіл, фактычна нерэальная.

Пасля чарговай няўдалай спробы малы зноў скаціўся па схіле на дно і, расплакаўшыся, лёг на халодную зямлю. Відавочна, на знак пратэсту. Аднак на хлапчукоў гэты дэманстратыўны жэст не падзейнічаў. Яны не збіраліся спускацца і дапамагаць ахвяры сваёй жорсткай гульні. Пастаяўшы яшчэ трохі і зразумеўшы, што працягу шоу не будзе, яны начыста страцілі цікавасць і проста сышлі.

Знясіленае дзіця, што так і не здолела выбрацца наверх, памерла ад пераахаладжэння на дне кар’ера.

Судовага працэсу не будзе. Заканадаўствам яшчэ з савецкіх часоў, як, зрэшты, і дзейным, прадугледжанае наступленне крымінальнай адказнасці з 14 гадоў. На той момант ні адзін з удзельнікаў дзікай забавы гэтага ўзросту не дасягнуў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?