Каб прасцей уяўляць сітуацыю, возьмем, да прыкладу, дзве сям’і, якія жывуць у звычайных кватэрах.

Адна, Іваноўскіх, карыстаецца лічыльнікам па дыферэнцыяваных тарыфах, а другая, Субачаў, — традыцыйным аднатарыфным. І правядзем разам з імі ўмоўныя разлікі.

Дапусцім, Іваноўскія і Субачы ў сярэднім за месяц спажываюць па 180 кілават у гадзіну электраэнергіі за месяц.

Як паведаміў дзяржаўны інспектар Вілейскага энерганагляду Ігар Місюль, у Вілейцы і Мядзелі за 2012 год сярэднямесячнае спажыванне электраэнергіі зарэгістраванымі абанентамі складае 81 кВт/г. Нізкі ўзровень гэтага паказчыка тлумачыцца тым, што паняцце «зарэгістраваны абанент» уключае ў сябе не толькі звычайных спажывальнікаў — наймальнікаў ці гаспадароў уласнага жылля, — але і тых, хто зарэгістраваў свой прыбор уліку на дачы ці ў гаражы. Там найчасцей расход энергіі невысокі.

Тарыф, па якім Субачы плацілі і будуць плаціць далей са звычайным лічыльнікам, — 382,4 рубля за кілават у гадзіну.

А для двухтарыфных лічыльнікаў у Іваноўскіх тарыфы ўжо іншыя: у будні з 22.00 да 17.00 — 267,7 рубля, і ад 17.00 да 22.00 — 764,8 рубля. Па выхадных і святочных днях дзейнічае мінімальны тарыф — 267,7 рубля за кВт/гадзіну. У месяцы звычайна 22 працоўныя дні і 8 выхадных.

Цяпер разлічым, колькі будзе плаціць сям’я Субачаў са звычайным лічыльнікам і Іваноўскіх — з шматтарыфным.

Іваноўскія — двухтарыфны лічыльнік

Іваноўскія разлічваюцца за спажытую электраэнергію па дыферэнцыяваным тарыфе. Удзень яны знаходзяцца на працы. У сярэднім трацяць 180 кілават за месяц.

За суткі — 6. Няхай, 2 кілаваты днём, па ніжэйшым тарыфе, і 4 увечары, па большым.

2×267,7×22=11 780 (рабочыя дні, мін.)

6×267,7×8=12 850 (выхадныя дні)

4×764,8×22=67 300 (рабочыя дні, макс.)

«Танных» кілават Іваноўскія спажываюць на 24 630 рублёў, а «дарагіх» — на 67 300.

Усяго — 91 930 рублёў за месяц.

Субачы — аднатарыфны лічыльнік

Паглядзім, колькі заплацяць Субачы, якія карыстаюцца звычайным аднатарыфным лічыльнікам і спажылі энергіі столькі ж, колькі і Іваноўскія.

Паводле новых правілаў, з 1 лютага Субачы аплачваюць 150 кілават па тарыфе 382,4 рубля за кілават у гадзіну. Усё, што звыш 150, разлічваецца з паправачным каэфіцыентам 1,3, або па 497,1 рубля за кілават у гадзіну.

150×382,4=57 360

30×497,1=14 910

Атрымліваецца 72 270 рублёў.

Для сям’і Субачаў, якія спажываюць, як і Іваноўскія, і ў такім самым рэжыме, па 180 кВт, звычайны лічыльнік аказаўся больш выгадным.

Аднак трэба зразумець, што калі колькасць спажытай энергіі Іваноўскімі і Субачамі будзе іншай і суадносіны спажывання ў розныя часы сутак зменяцца, то выгаднымі могуць быць і двухтарыфныя лічыльнікі.

Калі б нашы героі спажывалі, напрыклад, 500 кілават у гадзіну за месяц і асноўныя траты Іваноўскіх (75%) прыпалі на «танны» перыяд, то Субачам бы налічылі 300 тысяч 265 рублёў, а ашчадным Іваноўскім — 195 тысяч 988 рублёў.

Чаму так атрымалася? Пры спажыванні энергіі больш чым 300 кілават у гадзіну на працягу месяца, разлікі ўжо вядуцца па тарыфе 841,7 рубля. А як Іваноўскія ўмудрыліся траціць асноўную масу энергіі у час «таннага» тарыфу? Мабыць, усталявалі такія штучкі, як электронны праграматар, які падключае іхнюю маразілку і іншыя энергаёмістыя прыборы толькі ў час, калі энергія не так б’е па кішэні.

Залежнасць аплаты электраэнергіі ад выбранага лічыльніка

Варыянт «А» — 25% энэргіі спажыта па вышэйшым тарыфе, 75% — па ніжэйшым.

Варыянт «Б» — спажыта энергіі па абодвух дыферэнцыяваных тарыфах пароўну (па 50%).

Час электронных лічыльнікаў

Цяпер, калі будуюцца новыя дамы ці робяцца капітальныя рамонты, пераважна ўсталёўваюцца электронныя лічыльнікі, якія могуць працаваць як у аднатарыфным, так і шматтарыфным рэжымах.

Калі вы хочаце перайсці на дыферэнцыяваны тарыф, то вам неабходна звярнуцца ў Энергазбыт. Там вы напішаце заяву па змене тарыфу, і праз некаторы час вам запраграмуюць новы тарыф. Гэта працэдура бясплатная.

Дзе набыць электронны лічыльнік

Калі, паводле падлікаў, электронны лічыльнік вам усё ж падыдзе больш, то набыць яго можна самастойна — кошт каля 500 тысяч рублёў.

Яго апраўдана набываць толькі ў тым выпадку, калі асноўнае спажыванне энергіі ў вас прыпадае не на вечар будняў.

Энерганагляд адказвае на пытанні

Ці ўплываюць плошча кватэры і колькасць жыхароў на велічыню тарыфу?

Дыферэнцыяваная аплата электраэнергіі і газазабеспячэння будзе залежаць ад аб’ёмаў іх спажывання. Ні колькасць зарэгістраваных грамадзян у жылых дамах ці кватэрах, ні плошча, ні колькасць пакояў ролі не адыгрываюць.

Колькі трэба плаціць пры адсутнасці электралічыльніка?

Калі жылыя дамы або кватэры не абсталяваныя прыборамі індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энергіі, то з 1 ліпеня плата за паслугі электразабеспячэння будзе спаганяцца па тарыфах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне. З гэтага месяца яны складаюць 841,7 рубля за кВт/гадзіну.

Колькі плаціць у загарадных дамах і пустых кватэрах?

У загарадных дамах, а таксама кватэрах, у якіх ніхто не зарэгістраваны, аплату неабходна рабіць па паказаннях разліковага прыбора ўліку электраэнергіі па тарыфах у залежнасці ад усталяванай пліты — газавай ці электра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?