Супрацоўнікі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі летась выявілі 60 фактаў хабарніцтва ў сферы аховы здароўя, з якіх 39 (65%) — за выдачу фіктыўных лісткоў непрацаздольнасці.
Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.

У большасці выпадкаў медыкаў затрымлівалі за атрыманне ўзнагароджання. Самі ж наведвальнікі паліклінік за прапанову і даванне хабару, а таксама за пасрэдніцтва ў яго атрыманні былі выкрыты тройчы.

«У асноўным нячыстыя на руку медыкі і такія ж пацыенты выкрываюцца дзякуючы аператыўнай інфармацыі, якая пазней замацоўваецца дадатковымі доказамі.

Галоўнае з іх — затрыманне падазронага з доказамі злачынства», — сказаў старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Андрэй Бяляеў.
Нядобрасумленныя ўрачы хабар бяруць розны: у сярэднім прыблізна 120–150 тысяч рублёў.
Аднак сума можа вагацца як у большы, гэтак і ў меншы бок. Многае залежыць ад працягласці фіктыўнага бальнічнага, знаёмства паміж урачом і «пацыентам», спецыяльнасці доктара і інш. Часта даводзіцца дзяліцца і з пасрэднікам, часам некалькімі, якія вырашаюць пытанне аб «непрацаздольнасці».
У МУС канстатуюць, што медыкі, якія аднойчы ўзялі хабар, як правіла, не спыняюцца і працягваюць займацца незаконнай дзейнасцю, пакуль не будуць затрыманы.
Паводле статыстыкі ГУБЭЗ МУС, у выяўленых летась выпадках хабар бралі тры дактары: у Сянно (Віцебская вобласць) хірург незаконна выпісваў ліст непрацаздольнасці шэсць разоў, у Мінску тэрапеўт — дзевяць, у Гомелі неўрапатолаг — 24. Апошняя ўрач-абвінавачаная асуджана на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору на два гады. Больш за тое, жанчына пазбаўлена права займацца ўрачэбнай дзейнасцю цягам пяці гадоў. У сталіцы крымінальная справа пакуль у стадыі судовага разгляду, а ў Сянно медыка прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Права лячыць адабрана ў яго на пяць гадоў.
Апрача крымінальнай справы за хабарніцтва, аўтаматычна медыкам інкрымінуюць і службовы падлог, які падразумявае сам факт выдачы «бальнічнага».
За абодва злачынствы пазбегнуць адказнасці практычна немагчыма. А вось пацыентам могуць дараваць злосны намер. Згодна з законам асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў дачыненні да яе мела месца вымаганне хабару або калі гэтая асоба пасля давання хабару добраахвотна заявіла пра гэта. Такія выпадкі нярэдкія.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?