У нядзелю, 3 лістапада, у Мінску прайшло традыцыйнае шэсце і мітынг у Курапатах памяці продкаў, загінулых падчас бальшавіцкага тэрору. У ім удзельнічалі каля 500 чалавек.

Чакайце неўзабаве на nn.by выніковыя фота- і відэарэпартажы карэспандэнтаў «НН».

14:50

Па чарзе выступілі Юры Папкоў і Алесь Чахольскі. Удзельнікі шэсця праспявалі «Магутны Божа». Мітынг каля мемарыяльнага каменя на гэтым скончыўся.

Удзельнікі шэсця ўстлёўваюць прынесеныя з сабой ва ўрочышча крыжы.

14:30

У Курапатах адбываецца мітынг каля мемарыяльнага каменя. Адказны сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал чытае зварот лідара партыі Зянона Пазняка.

14:12

Удзельнікі шэсця набліжаюцца да Курапатаў. Жалобны мітынг пачнецца ў 14:30.

14:05

Шэсце набліжаецца да МКАД.

У часе руху калоны ўдзельнікаў шэсця ў Курапаты адбыўся інцыдэнт, паведамляе БелаПАН. Калі калона праходзіла па вуліцы Карбышава, некалькі нецвярозых маладых людзей пачалі гучна абражаць удзельнікаў акцыі, выказваць сваю нязгоду з апазіцыяй.

Пры гэтым яны крычалі, што «браты-славяне павінны быць разам з Украінай, Расіяй і Югаславіяй». Некалькі сталых удзельнікаў шэсця ўступілі ў дыскусію з маладымі людзьмі. Інцыдэнт завяршыўся без наступстваў праз некалькі хвілін.

У той жа час шматлікія мінакі выказваюць салідарнасць з удзельнікамі акцыі, дзякуюць за тое, што тыя адзначаюць памятную дату, аўтамабілі, што едуць міма, сігналяць, адзначае карэспандэнт агенцтва.

13:50

Удзельнікі шэсця мінулі Лагойскі тракт. Цяпер калона ідзе па вуліцы Мірашнічэнкі. 

13:30

Актывісты КХП-БНФ нагадалі пра юбілей Фронту расцяжкай «25 гадоў Беларускаму народнаму фронту — 19.10.1988—19.10.2013»

13:05

Дэманстранты ідуць па вуліцы Карбышава. Моладзь нясе чорную расцяжку з надпісам «Малады фронт», дэманструючы яе кіроўцам аўто, што едуць побач.

12:30

Шэсце праходзіць па вуліцы Каліноўскага паўз царкву Усіх Святых.

12:00

Калона набліжаецца да будынка Нацыянальнай бібліятэкі.

11:45

Удзельнікі шэсця нясуць з сабой новыя крыжы. Некаторыя кіроўцы вітаюць калону дэманстрантаў сігналамі аўто.

11:25

Шэсце рушыла ў бок Курапатаў. У ім прымаюць удзел некалькі сотняў чалавек. Людзі нясуць дзясяткі сцягоў і транспаранты. Дэманстранты спяваюць «Пагоню».

11:05

Ад арганізатараў на месцы збору прысутнічюць намеснік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі і сакратар партыі Валеры Буйвал.

Сярод удзельнікаў шэсця заўважаныя лідары Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Рыгор Кастусёў, адзін з сустаршыняў «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

***

10:50

На месцы збору каля сотні чалавек.

Удзельнікі шэсця трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі, партыйную сімволіку, вядомыя па мінулым акцыям транспаранты і расцяжкі.

***

Шэсце, заяўнікам якога выступае Кансерватыўна-хрысьціянскай партыя — БНФ, дазволена ўладамі.

Збор удзельнікаў а 10:30 каля Гадзіннікавага завода (ст. метро «Парк Чалюскінцаў»). З 11:00 да 14:30 — шэсце.

Удзельнікі пройдуць па традыцыйным маршруце ад мінскага парку Чалюскінцаў праспектам Незалежнасці, вуліцамі Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі. Людзі будуць несці бел-чырвона-белыя сцягі і крыжы, якія ўсталююць у Курапатах, а таксама свечкі і кветкі.

Ад 30 кастрычніка 1988 года [першы раз адзначэнне было ў 1987 г.] традыцыйны дзень памінання нябожчыкаў — Дзяды — набыў характар грамадска-палітычнай падзеі.

У мінулы панядзелак гісторык Ігар Кузняцоў назваў колькасць рэпрэсаваных сталіністамі ў Беларусі ў 1930-1940-я гады. Рэпрэсавана было ад 1,4 да 1,625 млн чалавек (у пачатку 1990-х гучала лічба - 600 тыс.),

расстраляна было не менш за 377 тыс. Большая іх частка знішчаныя ў Мінску і ваколіцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0