Мы пагаварылі з ім пра тое, каму была выгадная крымінальная справа ў дачыненні да яго, як ён выжывае на 500 тысяч рублёў у месяц, і чаму да гэтага часу не адчувае сябе на волі.

Мінск. Прыпынак у раёне «Інстытута культуры». Чакаем з Сашам Варламавым аўтобуса. Я адыходжу на пару хвілін, каб купіць талончык. Паварочваюся і бачу, што да Сашы падышла дама сярэдніх гадоў і пра нешта яму кажа. Чую ўрывак размовы: «Мы так за вас перажывалі…» Вяртаюся. Дама сардэчна развітваецца. А яе месца займае дзяўчына. «Я даўно хацела вас знайсці, але ў мяне не было вашага тэлефона», — кажа яна. Адыходжу ўбок.

— Хто гэтыя людзі? — Пытаюся ў Варламава.

— Я іх не ведаю, — адказвае ён. — Яны чыталі пра суд і хацелі выказаць сваю падтрымку.

У аўтобусе Варламаў расказвае, як на жыццё беларусаў уплываюць аблокі.

— У Стакгольме неба зімой плача дажджом, таму што яго балюча раняць вострыя шпілі дамоў. Неба ў Беларусі падобнае да таго, што ў Швецыі. Аблокі хаваюць ад нас сонца, энергію, жыццё. Можа быць, таму мы знаходзімся ў аморфным стане. Не адчуваем моцных эмоцый. Залежныя ад чужой сілы.

Ужо дома, пакуль я разглядаю магніцікі на халадзільніках, вывучаючы геаграфію падарожжаў гаспадара, Варламаў ставіць чайнік і шчыра расказвае пра тое, як выжывае:

— Я атрымліваю пенсію — мільён рублёў, палову вылічваюць. У мяне застаецца 500 тысяч — толькі заплаціць за кватэру, тэлефон і інтэрнэт. Дзякуй Богу, ёсць родныя і сябры, якія кажуць: «Займайся творчасцю. Мы будзем табе ежу прыносіць». І я працую. Нядаўна стаў прадстаўніком міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў тэкстылю і касцюма «Пакаленне NEXT» у Пецярбургу. Будзем рыхтаваць для гэтага конкурсу калекцыі. Гэта не прыносіць грошай, але дае магчымасць адчуць сябе дзейным дызайнерам. Вось днямі тэлефануюць і просяць: «Трэба сукенку выратаваць!»

— Саша, вы думалі пра тое, чаму апынуліся за кратамі?

— Гэта невыпадкова. Гэта было наканавана. Самае цікавае, што мне пра гэта было сказана яшчэ ў 2000 годзе. Я сустрэўся з чалавекам, які бачыў будучыню. Я прыйшоў да яго па параду, як мне лепш паступіць у пэўнай сітуацыі, а пачуў зусім іншае.

Маё знаходжанне за кратамі было часткай вялікага плана.

У гэтым працэсе аказалася задзейнічаная вялікая колькасць іншых людзей: міліцыянтаў, следчых, журналістаў, сяброў і ворагаў, чыноўнікаў і сваякоў.

Мне невыносна ўспамінаць пра тое, што я перажыў там, невыносны мой цяперашні фізічны стан, калі не можаш спаць ноччу ад болю. Боль стаў часткай майго жыцця, і нікуды ад гэтага не падзецца.

— Як вы лічыце, каму быў выгадны працэс над вамі?

— Гэта трэба было Богу. Нічога ў гэтым свеце не адбываецца па волі чалавека. Выпрабаванні, якія мы атрымліваем, хваробы, падзеі, цароў, прэзідэнтаў, міліцыю і злачынцаў — усё гэта мы атрымліваем, таму што нам трэба гэта прайсці.

Я не мог зрабіць інакш перад арыштам. Паўгода следчыя мне казалі: «Едзьце!» І я ад'язджаў, але вяртаўся. Таму што там мне няма дзе застацца.

Да 2001 года ў мяне была такая магчымасць. Быў тэатр моды ў Берліне, у якім я працаваў. Але я выбраў Беларусь і «Млын моды». І страціў працу там.

Калі мяне арыштавалі, у кашальку ў мяне была няпоўная тысяча даляраў, ды і тыя мне падарылі на дзень нараджэння. І куды я з гэтымі грашыма паеду? Што я там буду рабіць? У апазіцыю ўступаць? Які з мяне апазіцыянер? Мяне ніколі ўлада не прыцягвала. Я заўсёды быў чалавекам, які крытычна ставіцца да любой улады. Маё жыццё — гэта мая творчасць. А лезці ва ўладу — барані Божа!

На спектакль пад назвай «Улада» я гляджу як рэжысёр. Тыя ж персанажы: прэзідэнты, чыноўнікі — марыянеткі.

Я не апазіцыянер.

Я садоўнік па ладзе думак. Да міленіуму ў мяне ў кватэры была сапраўдная аранжарэя — каля 60 кветак. Расліны мяне любілі. У адзін з лютаўскіх дзён амазонская лілея выпусціла чатыры кветкавыя стрэлкі, на кожнай з іх было шэсць кветак. 24 амазонскія лілеі — гэта як прызнанне ў любові!

Мне цікава назіраць, як з бутона нараджаецца асоба. Калі правільна яго даглядаць, ён раскрыецца і стане мастаком, мадэллю, дызайнерам — творцам. Мне хочацца зрабіць так, каб не пашкодзіць гэты бутон. Памятаеце, як Маленькі прынц на сваёй планеце ўзяў каўпак, каб Ружы холадна не было?

Я абураюся, калі бачу, што ў Беларусі працэсамі мастацтва, выхавання і адукацыі займаюцца чыноўнікі, а не педагогі і мастакі.

Сябры расказалі мне пра падрыхтоўку мерапрыемства, звязанага з модай. Прадстаўнікі міністэрства гандлю запатрабавалі, каб яны былі ў складзе журы на конкурсе, дзе ацэньваецца мастацтва. Аргумент гучаў так: «Мы нядаўна правялі конкурс дызайнераў і нядрэнна ўсіх судзілі». Можа быць, чыноўнікі Мінгандлю зразумелі, чым спадніца ад штаноў адрозніваецца? Ставіцца да гэтага без гумару немагчыма.

Калі я працаваў у тэатры моды Берліна, чыноўнікі таксама на конкурсы і паказы прыходзілі як госці, але яны не мелі права голасу, таму што ацэньваюць там толькі прафесіяналы.

Да майго каласальнага жалю, Беларусь стала краінай аўдытараў і правяральнікаў! У Тэры Пратчэта ёсць цудоўная кніга «Выкрадальнік часу». Я калі чытаў яе, думаў: Госпадзе, адкуль гэты ангелец ведаў пра нашу краіну, калі сваю кнігу пісаў? Адкуль ні вазьміся, у чыноўнікаў з'явіўся спрыт. Яны бягуць навыперадкі са сваімі ініцыятывамі, толькі каб іх пахвалілі.

Майму 14-гадоваму хрэсніку настаўнікі заніжаюць адзнакі за тое, што ён рашае задачы не тым спосабам.

Адказ правільны, але не так выкладзены падыход. А я думаю: што ж гэта за школа, дзе дзіцяці не даюць магчымасці ісці сваім шляхам? Чаму ўсім трэба быць аўдытарамі? Калі побач з аўдытарам знаходзіцца асоба, яна яго раздражняе. Трэба ж усё на малекулы раскласці! Паглядзець, з чаго створаная фарба, якой Урубель напісаў свайго «Дэмана». Яму важна ведаць гэта, а не вынік. Я назіраю за гэтым і думаю: мая задача — быць садоўнікам да канца.

Італія пачынаецца з таго, што ты прылятаеш у Рым у аэрапорт Леанарда да Вінчы. Ты ідзеш па вуліцы Мікеланджэла, выходзіш на плошчу Караваджа. Прыбяры ўсё гэта — і чым будзе Рым? Грудай камянёў. Тое ж самае датычыць Парыжа. Без Віктора Гюго, Бальзака, Сартра, Манэ гэта пусты горад. Мінск не стане прывабным для турыстаў, пакуль гэта горад аўдытараў.

— Што дапамагло вам захаваць сябе ва ўмовах СІЗА?

— Калі пачыналі лаяцца — там жа мат на маце стаяў! — я ў гэты момант ўставаў і пачынаў гучна маліцца Багародзіцы, каб яна выратавала і памілавала, і пералічваў імёны людзей, якія лаюцца.

Турма — гэта месца, дзе мужчыны ў якасці крытэру чамусьці выкарыстоўваюць мачу. У іх асаблівае стаўленне да мачы, сваёй і чужой, і яны на ўсё глядзяць скрозь гэтую прызму. Я ніколі да мачы не ставіўся як да золата, дыяментаў або спосабу ацэнкі ісціны і дабрыні. А ў іх любы ўчынак, любое слова прывязваецца да мачы.

— А як гэта праяўляецца?

— Тыя, хто сядзеў, ведаюць. Я не буду пра гэта расказвдаць. У іх уяўленні, калі чалавек дакрануўся да чужой або сваёй мачы, ён запэцканы да канца жыцця.

— Што для вас там было самым страшным выпрабаваннем?

— Я баяўся, што пацярпяць мае родныя. Я да гэтага часу не магу зразумець, навошта турма камусьці патрэбная. Гэта толькі мужчыны, якія глядзяць на свет з пункту гледжання крыніцы мачы, маглі прыдумаць гэты панятак. Ні адна турма не зрабіла чалавека чалавекам.

— Тое, як апранаюцца беларусы, можа расказаць пра атмасферу ў краіне?

— Так, вядома. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з'явілася цэлая новая галіна — гарадское бытавое мастацтва. Дваровыя людзі стаялі пад вокнамі дамоў сваіх гаспадароў і падглядалі, як тыя вяселяцца. А тыя ў сваю чаргу пераймалі іспанцаў, французаў, італьянцаў, немцаў — усіх тых, чый эканамічны стан быў лепшы. Халопы глядзелі і спрабавалі быць а-ля спадары.

Калі глядзіш на людзей, апранутых у нас, разумееш: гэта той жа працэс.

Мы, як тыя дваровыя, падглядаем, як апранаюцца ў краінах, дзе мода, адзенне ёсць часткай жыцця. А што носяць у Маскве? У Кіеве? У Вільні? Наколькі мы адлюстроўваем у вопратцы сваю асобу, цяжка сказаць, таму што асоба ў нас стала прадметам вынішчэння.

У Беларусі не ўсе могуць прытрымлівацца моды. У людзей хапае іншых выдаткаў. Але я добра памятаю, як яшчэ ў савецкія часы нашыя жанчыны шылі, укладвалі ў гэты занятак сваё бачанне, спалучэнне колеру, крой. Калі жанчыны перарабляюць рэчы, у гэтым нічога дрэннага няма.

У Савецкім Саюзе ў 80-я была такая цікавая тэма ў модзе — абнаўленне. Я б назваў гэта рэканструкцыяй. Навукова-даследчы інстытут моды ў Мінску распрацоўваў і прапаноўваў народу спосабы абнаўлення старога адзення. Усе памятаюць, што такое пераробленыя паліто. Тканіна была такая, што можна было на два бакі насіць. Быў цэлы інстытут, які прыдумляў, як абнаўляць вопратку! І ў гэтым ёсць сэнс. Іншая справа, што шмат каму сёння лянота гэтым займацца. Так раней паспявалі і агародам заняцца, і вады прынесці, і дома прыбраць, і дзяцей накарміць, а потым знайсці час на шыццё і вязанне.

— Што вы адчуваеце, калі назіраеце за тым, што адбываецца ў беларускай фэшн-індустрыі?

— Я не ведаю фэшн-індустрыі, таму што не ведаю прадпрыемстваў, якія б працавалі паспяхова. Наколькі мне вядома, нават «Мілавіца» сёння ўжо «на лыжах стаіць».

У нас няма ніводнага прадпрыемства, якое магло б канкураваць з кітайскай вытворчасцю.

Беларуская прадукцыя дарагавата каштуе, а якасць — не П'ер Кардэн. Я не ведаю, чаму ўсе так чапляюцца за беларускую фэшн-індустрыю, калі яе няма.

Навошта ўкладаць сродкі ў льнокамбінат, напрыклад, калі такі лён, які там выпускаюць, мала каму патрэбны? Навошта вырабляць лён у Беларусі, калі ўжо ёсць добрыя тавары з нідэрландскага, індыйскага, егіпецкага лёну? Чаму трэба падтрымліваць дрэнную беларускую вытворчасць насуперак законам рынку?

У нас няма фэшн-індустрыі — ёсць таленавітыя людзі. Вялізная колькасць беларусаў знайшла сябе. Але гэта адбылося не на радзіме. Яны з'ехалі, таму што тут занадта шмат аўдытараў, бухгалтараў і кантралёраў. І няма чаго Беларусі выхваляцца каранямі Спілберга, бо ён жа не тут жыве.

Я ўспамінаю стары савецкі анекдот. Прыехалі японцы на савецкія прадпрыемствы. Увечары ў іх пытаюцца пра ўражанні. «Дзеці ў вас добрыя», — адказваюць японцы. На другі дзень паказалі ім калгасы. На стандартны пытанне «Як вам спадабалася?» японцы зноў кажуць: «Дзеці ў вас добрыя». На трэці дзень — чарговая экскурсія і той жа адказ.

Тут хтосьці з нашых не вытрымаў: «Паслухайце, а прычым тут дзеці?» — «А пры тым, што ўсё, што вы рукамі робіце, нічога не вартае!»

І гэта выдатны анекдот, які падказвае беларусам займацца тым, што ў іх добра атрымліваецца. І прыемна, і карысна. Навошта вырабляць трыкатаж, калі мы робім яго горш за кітайцаў? Рабіце дзяцей! І тады ўсе таленавітыя людзі з беларускімі каранямі захочуць тут жыць — і Спілберг, і Рыбак…

Дзяржава слаўная людзьмі, а не наадварот.

Калі ў нас будуць адны забароны і абмежаванні, і ўсюды свой нос будуць сунуць правяральнікі — на якім унітазе ты сядзіш, на беларускім або імпартным, нічога не будзе. Мяне здзіўляе іншае: куды глядзяць бацькі правяральнікаў? Як яны дазволілі сваім дзецям такімі стаць?

— Вы ўжо некалькі месяцаў на волі…

— Гэта не свабода абсалютна… Жыць у краіне, дзе баль спраўляюць аўдытары, — гэта і ёсць турма.

Ведаеце, больш за ўсё ў маёй гісторыі мяне ўразілі людзі. Незнаёмыя мне людзі пісалі мне лісты ў турму, але іх не прапускалі. Мне паказвалі потым гэтыя лісты. Я кожную хвіліну думаў там пра родных і тыднямі не атрымліваў вестак з дому. Дзеля чаго? Які кайф супрацоўнікі турмаў адчуваюць, пазбаўляючы перапіскі? Хіба гэта не здзек? За такое трэба прыцягваць да адказу. А пазбаўляць чалавека магчымасці пастрыгчы пазногці і валасы? Гэта ў іх у парадку рэчаў.

Пасля прысуду прайшло некалькі месяцаў, а на вуліцы да мяне да гэтага часу падыходзяць людзі.

І яны радуюцца майму вяртанню. Я быў уражаны стаўленнем людзей. Падумаў: а як гэта адбылося? Бо, на думку следства, я злачынец, які абакраў іншых. Але людзі не лічаць сябе абкрадзенымі, хутчэй наадварот! Я не магу зразумець гэтага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?