У Брэсцкай вобласці распачата крымінальная справа па факце крадзяжу віртуальнага танка. 

Як паведаміў вядучы спецыяліст аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама Ірына Блахіна, справа на падставе ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі) распачата Пружанскім раённым аддзелам Следчага камітэта. 

Паводле слоў Блахіной, у органы ўнутраных спраў звярнуўся 30-гадовы жыхар Пружанаў.

Ён сказаў, што 7 студзеня прыблізна ў 2.00 выявіў, што не можа трапіць у свой акаўнт у папулярнай гульні World of Tanks. Паводле слоў пацярпелага, у куплю і мадэрнізацыю свайго танка ІС-8 ён уклаў не толькі шмат старанняў падчас віртуальных баёў, але і больш за 1,2 млн. рублёў. 

Супрацоўнікі аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Брэсцкага аблвыканкама звязаліся з распрацоўшчыкамі гульні і ўстанавілі, што гэты танк працягвае «змагацца». Пры гэтым кіруюць ім з Маскоўскай вобласці. Акаўнт выкрадальніка быў заблакаваны, найбліжэйшым часам віртуальны танк будзе вернуты законнаму ўладальніку. 

Супрацоўнікі міліцыі таксама высветлілі, што пацярпелы пагрэбаваў пытаннямі бяспекі сваіх уліковых звестак.

Зламысніку ўдалося атрымаць доступ да ўліковага гульнявага запісу, папярэдне ажыццявіўшы несанкцыянаваны доступ да электроннай паштовай скрыні жыхара Пружан, да якой гэты ўліковы запіс быў прывязаны. Пароль ад пошты быў простым і складаўся з камбінацыі лічбаў па парадку. 

Як адзначыла Блахіна, у Брэсцкай вобласці за апошнія два гады гэта ўжо трэці факт крадзяжу віртуальнага танка. Ва ўсіх выпадках танкі вернуты ўладальнікам. У першых двух выпадках крымінальныя справы не распачыналіся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?