«Гэтай нататкай я пачынаю летапіс аб неймавернай мужнасці і гераізме, годных іншага прымянення, кіраўнікоў і менеджараў кампаніі Белавія, праяўленых у барацьбе з «тлустымі катамі і вашывымі блыхамі», а менавіта пасажырамі бізнэс-класа.

samolety.org

Пачалася гэтая барацьба досыць даўно, але паколькі яна вялася ў рамках нябачнай і неаб'яўленай вайны, то адзін з бакоў, а менавіта пасажыр бізнэс-класа, г.зн. я, нічога не ведаў пра гэта, а значыць і зводак з палёў бітвы да гэтага часу не было. Вядома ж, існавалі асобныя выплескі на старонках кнігі скаргаў і прапаноў, але гэта ўсё праходзіла па-за публічным полем і, напэўна, кранала і хвалявала герояў-авіятараў.

Знаходжанне ў ценю і па-за заслужанай увагай крыўдзіла і злавала кіраўнікоў кампаніі, і яны шукалі і прыдумлялі ўсё новыя і больш выдасканаленыя метады нанясення шкоды камфорту і здароўю кліентаў, якія плацяць шалёныя грошы за ўбогі сэрвіс. Але цяпер, са з'яўленнем гэтага летапісу, спадзяюся, узнагарода знойдзе герояў.

Такім чынам, летапіс першы: рэйс Мінск—Рыга, 11.08.16, 9:00

Першы ўдар дробны, але прыкметны Белавія наносіць ужо каля стойкі рэгістрацыі. У правілах, пра якія ў адным з лістоў паведамляла Белавія (мой раман у лістах з Белавія можа калі-небудзь будзе апублікаваны), было сказана, што яны абавязваюцца рабіць асобную стойку рэгістрацыі пасажыраў бізнэс-класа. Але законы ваеннага часу дыктуюць свае нормы. З мэтай максімальнага выкарыстання партызанскага патэнцыялу астатніх пасажыраў дадзенага рэйса, на стойцы вісіць знак сумешчанага абслугоўвання як пасажыраў з бізнэсу, так і ўсіх астатніх грамадзян. Разлік штаба верны: наіўны бізнэс-клас спрабуе ўдакладніць парадак рэгістрацыі, і яму міла адкажуць: «Ідзіце без чаргі». І гора яму, калі ён гэтаму паверыць і паспрабуе падысці проста да стойкі. Хваля народнага гневу абрынецца яму на спіну: «Мы тут з дзецьмі і старымі стаім у чарзе, а ён прэ, як танк. Страляць такіх трэба. А яшчэ капялюш надзеў». Гэта самае прыстойнае, што атрымае чалавек, які вырашыў зэканоміць свой час (але не грошы, бо квіток у бізнэс-клас каштуе ў разы даражэй, чым звычайна) ад не ведаючых нічога аб правілах абслугоўвання пасажыраў. І яны маюць рацыю: абавязак рэгуляваць чаргу павінен ляжаць на авіякампаніі або службах аэрапорта, а не на стыхійных масах пасажыраў. Але я цёрты калач, і ў гэты раз прыйшоў амаль пад заслону рэгістрацыі і пазбег партызанскай засады.

Далейшыя дзеянні гора-бізнэспасажыра таксама моцна адрозніваюцца ад прынятых у большасці краін практык. У аэрапорце нават не чулі пра такую опцыю, як Fast track, г.зн. пра спецыяльны праход для людзей, якія маюць права на хуткую працэдуру праходжання кантролю бяспекі. Ну ды і добра — у Рыгу ляцяць не шмат чалавек. Нерваў і часу гэтая працэдура ў мяне не займае, хоць жаданне ў авіякампаніі нанесці шкоду выразна праступае: у адны прахадныя вароты яны спрабуюць накіраваць пасажыраў трох рэйсаў. Але гэты стрэл таксама міма: мне пашанцавала і я ўхіліўся, чаргі не было. Сама працэдура праходжання — мой гонар. Я па праве лічу сваёй заслугай ў няроўнай барацьбе з Белавія, што ёсць у іх бясплатныя бахілы для пасажыраў, якія здымаюць абутак. Прычым для любога класа. Але пра гэта трэба распавядаць ва ўжо згаданым рамане ў лістах.

Далей пашпартны кантроль і цуд: зона duty-free і зала для пасажыраў бізнэс-класа. Тут у мяне з'яўляецца загадкавая нявызначанасць: з нейкага моманту гэтыя элементы (зона бяспошліннага гандлю і зала абслугоўвання бізнэс-пасажыраў) маюць іншую танальнасць і накіраванасць. А менавіта: растуць і развіваюцца, дэманструючы любоў і жаданне дапамагчы кліенту. Паколькі гэта ў корані адрозніваецца ад мэт і задач вышэйшага кіраўніцтва аэрапорта і Белавія, то я магу сказаць, што гэта альбо замануха, з мэтай усыплення пільнасці ворага і нанясення яму, расслебленаму, серыі нечаканых і ад гэтага больш разбуральных удараў, альбо дзеянне падрыўных і дыверсійных элементаў у тыле самай агрэсіўнай у адносінах да кліентаў кампаніі. Далей вы ўбачыце, што ў мяне ёсць падставы меркаваць, што першы варыянт найбольш імаверны. Але пры ўсім пры тым, дзеянні супрацоўнікаў і самі зоны заслугоўваюць хвалы.

Такім чынам, пасля дробных стычак і вылазак я апынаюся ў зоне сапраўднага камфорту. Яшчэ раз дзякуй мілым дзяўчатам, якія альбо вялікія актрысы, калі свядома працуюць на Белавія і сапраўды разумеюць сваю ролю, як усыпляльніц пільнасці пасажыраў, альбо шчыра не ведаюць, што робяць, і працуюць добра з любові да бліжняга (кліента). Такі клопат асабліва дзейнічае на ўражлівых і даўніх кліентаў, якія памятаюць хамства і бязмежжа ў бізнэс-залах аэрапорта Мінск-2 раней. Цікаўных зноў жа адпраўляю павывучаць запісы кніг скаргаў і прапаноў за папярэднія гады.

Але няма нічога вечнага пад месяцам, і вось ужо пара на выхад, і дажоўваючы свой апошні, а ад гэтага яшчэ больш смачны тварожны сырок, я сыходжу на пасадку. Не варта згадкі такая дробязь (якая прысутнічае ў большасці аэрапортаў, але нават не з'яўляецца ў самым страшным сне кіраўніцтва), як асобная чарга і транспарт для дастаўкі бізнэс-пасажыраў. І вось я на борце.

І тут у бой ідуць галоўныя сілы і рэзервы стаўкі галоўнакамандавання службаў авіяцыі Беларусі. Яны патрабуюць лаканічнага і падрабязнага апісання.

1. Самалёт, на якім мы ляцім — CRJ — 100/200. У ім не тое што адсутнічаюць шэрагі крэслаў для бізнэс-класа, але і наяўныя крэслы — зламаныя. Зыходзячы з таго, што самалёт павінен праходзіць перадпалётную падрыхтоўку, можна зрабіць выснову, што зламанае крэсла пакінута адмыслова. Можа, вядома, я і недаацэньваю суперніка, і зламалі яго свядома перад вылетам, але гэта тады заслугоўвае асобнай хвалы. Падступства заключаецца нават не ў тым, што сядзець нязручна мне, а ў тым, што зноў задзейнічаецца рэсурс партызанскага гневу астатніх пасажыраў: сядаючы ў зламанае крэсла, я перашкаджаю спінкай наступнаму шэрагу і выклікаю справядлівае абурэнне пакрыўджаных пасажыраў. Удалае скіраванне народнай хвалі абурэння супраць «зажэртых алігархаў».

2. Наступны адчувальны ўдар — рассадка. Паколькі самалёт не цалкам укамплектаваны пасажырамі, то многія сядзяць не парамі, а па адным. Гэта досыць камфортна. Іншая справа бізнэс-клас: тут людзей пасадзілі парамі, і яны ціснуцца адзін да аднаго, як селядцы ў бляшанцы. Асабліва гэта радуе тых, хто ведае розніцу ў кошце квіткоў бізнэс-класа і звычайных. Ведай нашых!

3. Паколькі шэрагі бізнэсу размешчаныя ў пачатку салона самалёта, то, як правіла, гэтыя пасажыры заходзяць у канцы чаргі, каб не перашкаджаць астатнім грамадзянам. І тут нас чакае наступны прадуманы і дзёрзкі выпад: пасажыры занялі ручной паклажай усе палічкі над бізнэс-шэрагамі, і ветлівы бізнэс-клас са сваімі кейсамі і дэвайсамі можа размяшчацца як атрымаецца, канчаткова пазбаўляючы сябе прасторы для манеўру і руху.

Вынік: праціўнік (бізнэс-пасажыр) — аб'ект усеагульнай нянавісці — не рухаецца.

Я не даў сябе забіць канчаткова і адмовіўся ад прапанаванага сняданку, справядліва мяркуючы, што на вайне як на вайне. І хто яго ведае, што будзе утрымлівацца ў мясной нарэзцы або агурку, якую ласкава прапаноўваюць на борце па сапраўднаму ветлівыя і сімпатычныя бортправадніцы. Мужнасці гэтых дзяўчат можна толькі пазайздросціць (праўда толькі ў тым выпадку, калі яны не ў змове з кіраўніцтвам кампаніі): бо гэта яны церпяць стогны і крыкі яшчэ жывых, смяротна параненых, але прытомных пасажыраў бізнэс-класа.

Асобы цынізм апошняга ўдару заключаецца ў тым, што нават кнігі скаргаў на борт ужо не запытаеш, а значыць, і надзеі на змены няма. Але ж другі раз пра кнігу спытаю.

На гэтым я завяршаю летапіс першы пра бясслаўную барацьбу кампаніі Белавія з вартымі жалю пасажырамі бізнэс-класа. На жаль, у мяне няма надзеі, што гэты летапіс будзе першым і апошнім. Больш за тое, я ўпэўнены, што ён выкліча абурэнне і крыкі аб несправядлівасці і прадузятасці паасобных асабліва пераборлівых грамадзян, якія ганяць гонар і годнасць адзінай і непаўторнай кампаніі-перавозчыка ў РБ. Але маўчаць больш я не магу. Колькі мне яшчэ прыйдзецца палётаць у бізнэс-класе Белавія, не ведаю, але калі я не вярнуся, лічыце мяне нявіннай ахвярай неаб'яўленай вайны.

Да сустрэчы (спадзяюся) пасля зваротнага рэйса з Рыгі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0