У гарадскім пасёлку Івянец днём 2 снежня на прадпрыемстве «С-Тэнк», якое займаецца вытворчасцю воданагравальнікаў, адбыўся няшчасны выпадак. Узарваўся бойлер. Загінуў 40-гадовы слесар, яго 44-гадовы напарнік дастаўлены ў бальніцу.

Валожынскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу. Пра гэта распавёў начальнік РАСК Віталь Юрэвіч. Інфармацыю аб няшчасным выпадку пацвердзіў і ўчастковы інспектар міліцыі Івянца Валерый Гарбачэўскі.

На адным з этапаў вытворчасці аўтаматычна заварваюцца швы на бойлерах (бочкі вышынёй у 2 метры і дыяметрам каля аднаго), потым воданагравальнік правяраюць на герметычнасць, напаўняючы бойлер паветрам.

У цэху яго напоўнілі паветрам, каб праверыць, ці не прапускаюць швы зваркі гэта паветра. Побач знаходзіліся два слесары. У пачатку трэцяй гадзіны дня нечакана прагрымеў выбух, бойлер разарвала знутры.

Выбуховай хваляй 40-гадовага слесара адкінула на шэсць метраў. Ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы.

Яго 44-гадовы напарнік адляцеў на чатыры метры ад бочкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, у мужчыны страсенне галаўнога мозгу. Ён дастаўлены ў бальніцу, пагрозы жыццю няма.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?