Міліцыя затрымала мужчыну, якога падазраюць у хуліганскіх дзеяннях сэксуальнага характару ў дачыненні да 17-гадовай першакурсніцы. Ён прыставаў да яе ў пад'ездзе 14 лютага, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

Ахвяру мужчына запрыкмеціў, калі яна выходзіла з метро. Далей ён пайшоў за ёй да дома па вуліцы Кунцаўшчына. Калі дзяўчына зайшла ў пад'езд, ён прыціснуў яе да сцяны і пачаў прыставаць. Студэнтка аказала актыўны супраціў і закрычала, пасля чаго нападнік уцёк. Дома спалоханая дзяўчына распавяла бацькам, а тыя паведамілі ў міліцыю.

У гэты ж дзень падазраванага затрымалі. Ён працаваў спецыялістам па рамонце камп'ютараў у адной з прыватных фірмаў, а таксама раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўчыненне больш за 20 аналагічных эпізодаў на тэрыторыі сталіцы.

- У дачыненні да затрыманага заведзена крымінальная справа па ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Хуліганства»). Яму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 6 гадоў. Праводзяцца далейшыя разбіральніцтвы, —распавялі ў Фрунзенскім РУУС.

Акрамя гэтага, у праваахоўных органаў ёсць падставы меркаваць, што гэты мужчына можа быць датычны да здзяйснення аналагічных злачынстваў у дачыненні да іншых дзяўчат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0