Фота: Wikimedia Commons.
Як мяркуе «Росбалт», прызначэнне Бабіча паслом неабходна разглядаць у кантэксце расійска-ўкраінскіх адносін.
Не так даўно Расія канчаткова згубіла Украіну, а Беларусь з яе рознымі актывамі (прамысловымі і чалавечымі) — выдатная кампенсацыя за страту Украіны.
Пры гэтым так удала для Расіі склалася, што дэ-юрэ Беларусь ужо даўно і так з'яўляецца часткай адзінай з Расіяй Саюзнай дзяржавы. Праблема для Крамля толькі ў тым, што гэтая «дзяржава» існуе толькі на паперы.
«Росбалт» мяркуе, што менавіта Лукашэнка зрабіў усё, каб гэтая «дзяржава» так і засталася на паперы і не набыла рэальнага зместу.
«Уласна, выключна дзякуючы намаганням Бацькі, яго краіна дагэтуль застаецца незалежнай дзяржавай»,
— піша «Росбалт».
Але Пуцін, каб надаць новага зместу «Саюзнай дзяржаве», можа ўздзейнічаць на Лукашэнку не толькі бізуном, але і пернікам, мяркуе расійскае выданне:
«Беларускаму лідару могуць зрабіць прапанову, ад якой (як, магчыма, лічыць нехта ў Крамлі) ён не зможа адмовіцца. Напрыклад, паабяцаць яму якую-небудзь пажыццёвую пасаду»,
— піша Росбалт.
Але гэты нумар не прайшоў, мяркуе расійскае выданне.
З пункту гледжання тых, хто, магчыма, рыхтуе аншлюс Беларусі ў Крамлі, праблема Лукашэнкі, пасля апошніх няўдалых перамоў, праведзеных з ім Пуціным, заключаецца ў тым, што Лукашэнка, як аказалася, не хоча выгляду ўлады, а хоча рэальнай улады, піша Росбалт:
«З'яўляючыся вельмі амбіцыйным і ўладалюбным чалавекам, ён хоча ўлады сапраўднай. Каб вызначаць, патрабаваць і калі што — караць, без аглядкі на больш высокую ўладу».
Нельга выключаць, што Лукашэнка мог бы разгледзець варыянт пераходу, скажам, на пасаду прэм'ера рэальнай Саюзнай дзяржавы ці Расіі, мяркуе Росбалт. Але прэм'ера не тэхнічнага, а рэальнага. Аднак Пуцін на гэта ніколі не пойдзе. А гэта значыць, што з Лукашэнкам на гэтую тэму дамовіцца не ўдасца.
«Прызначэннем Бабіча на пасаду расійскага пасла ў Мінску Масква ўзяла курс на паглынанне Беларусі. Што можа супрацьпаставіць гэтаму курсу Лукашэнка і ці будзе ён спрабаваць усур'ёз гэта рабіць, пакуль сказаць цяжка»,
— піша Росбалт.





