Міністэрства энергетыкі Літвы паведамляе, што пандэмія каранавіруса не зашкодзіла будаўніцтву газаправода Польшча — Літва (GIPL), які, як чакаецца, будзе гатовы да канца 2021 года. Сцвярджаецца, што гэты газаправод можа быць выкарыстаны для паставак газу ў Беларусь, піша Biznes Alert.

— Пры спрыяльных умовах GIPL можа выкарыстоўвацца для паставак газу ў Польшчу і іншыя краіны ЕС, а пасля рэалізацыі дадатковых тэхнічных рашэнняў магчымыя таксама пастаўкі ва Украіну ці Беларусь, — гаворыцца ў заяве Міністэрства.

У той жа час выданне Biznes Alert адзначае, што для Беларусі імпартаваць газ праз Польшчу па газаправодзе Ямал на практыцы будзе складана.

Літоўскае Міністэрства прыгадала пра магчымасць біржавога свопу, які дазваляе віртуальна пастаўляць у Беларусь звадкаваны газ. Гэтая здзелка падобная да тых, што ўжо адбываюцца ва Украіне, дзе працуе так званы віртуальны рэверс. Аднак для рэалізацыі такога сцэнару неабходна супрацоўніцтва з Расіяй.

Гэта звязана з тым, што Беларусь прадала газаправоды расійскаму «Газпрому» ў 2011 годзе. Менавіта расіяне цяпер валодаюць адгалінаваннямі газаправода Ямал на беларускім участку, і ім прыйдзецца падрыхтаваць сістэму да віртуальных паставак або ўнесці тэхнічныя змены, неабходныя для пачатку фізічных паставак.

Як гэта ні парадаксальна, адзінай перадумовай, якая б пераканала расейцаў выкарыстоўваць рэверс на польска-беларускай мяжы, было б павелічэнне паставак газу праз Паўночны паток — 2 замест трубаправода Ямал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0