«Мне вельмі падабаецца беларуская мова, хоць ніхто не падтрымлівае маю любоў да яе. І я шкадую, што мы з бацькамі з’ехалі з Беларусі, паколькі мой лёс склаўся б зусім інакш», — прызнаецца расіянін Аляксандр Качаткоў. Ён працуе праграмістам на нафтавым прадпрыемстве Ленінагорска (Татарстан). Але дагэтуль сумуе па Беларусі, дзе прайшло яго дзяцінства.
Фота з асабістага архіву Аляксандра
Аляксандр родам з Ленінагорска. У 1986-м, калі яму было два гады, сям’я пераехала ў Беларусь.
«Справа ў тым, што ў 80-х гадах у саюзных рэспубліках у плане наяўнасці тавараў і прадуктаў у крамах было лепш, чым у РСФСР. І БССР не выключэнне. Мае бацькі падумалі і вырашылі пераехаць. Тым больш гэта было ў межах адной дзяржавы», — тлумачыць мужчына.
Яны пасяліліся ў вёсцы Камена Лагойскага раёна. Аляксандр наведваў вясковую школу.
«Чытаць я навучыўся яшчэ ў пяць гадоў. І калі пайшоў у першы клас, то адразу запісаўся ў школьную бібліятэку. Памятаю, як бібліятэкар сказала, што я адзін чытаю больш за усіх астатніх з класа разам узятым. У мяне засталася кніга на беларускай мове, падарунак ад яе, з подпісам: «Найлепшаму чытачу школьнай бібліятэкі за актыўны ўдзел у тыдні дзіцячай кнігі». Гэтая кніга мне вельмі дарагая, — успамінае мужчына. —
Я не надаваў асаблівага значэння таму, на якой мове чытаць. Але беларускія кнігі добра памятаю. Я шмат чытаў пра Вялікую Айчынную вайну, пра партызан. Ведаю наколькі цяжка прыйшлося Беларусі ў час вайны».
Побач з Камена знаходзяцца спаленыя вёскі Хатынь і Хварасцені. Жыхары апошняй у вайну падабралі дзвюх дзяўчат, якія змаглі выбрацца з палаючага гумна ў Хатыні і дапаўзці да лесу.
«Мой бацька працаваў на трактары і ўлетку, калі я прасіўся, часам браў з сабой у поле. Я памятаю, як мы заехалі ў Хварасцені, у якіх ужо ніхто не жыў. Дамоў не было, а сады са слівай і яблыкамі засталіся», — распавядае Аляксандр.
Беларускую мову ён вучыў самастойна. Яму і цяпер падабаецца яе слухаць і самому размаўляць на ёй, хоць такая магчымасць рэдка выпадае.
«Цікава, што мая мама за восем гадоў нашага жыцця ў Беларусі, пачала размаўляць на трасянцы, як і большасць у вёсцы. А вось бацька як гаварыў чыста на рускай мове, так і працягваў гаварыць».
Пасля распаду Савецкага Саюза сям’я доўга вагалася, ці заставацца ў Камена. У школе, на татавай працы ўсе раілі не з’язджаць. Але ў 1994-м Аляксандр з бацькамі вярнуўся ў Ленінагорск. Скончыў там школу, інстытут, уладкаўваўся на працу.
«Але я ніколі не мог забыць Беларусь, бо практычна ўсё маё дзяцінства прайшло там,
— прызнаецца мужчына. — У 2009 годзе мы з жонкай сабраліся і паехалі туды ў адпачынак. Склалі маршрут, што паглядзець. У той раз гэта быў Брэст, Мір, Нясвіж, Лагойск, Хатынь і Камена. У роднай вёсцы мы пабывалі ў сяброў маіх бацькоў. Хапіла мяне на пяць гадоў разлукі. І ў 2014-м мы зноў паехалі ў Беларусь — на гэты раз Пінск, Гродна, Мінск, Полацк і Віцебск.
Не ведаю, наколькі цяпер мяне хопіць. Бо ў Беларусь хочацца ўжо даўно».
Падчас паездкі ў Полацк.
Сумуе Аляксандр не толькі па нашай мове, але і па людзях.
«Я пра добрае стаўленне, павагу, дапамогу, нават бескарыслівасць. І гэта маё разуменне беларускага менталітэту толькі ўмацавалася пасля маіх паездак у Беларусь ужо ў сталым узросце. Памятаю, як нас падвозілі спадарожныя машыны, а потым людзі дзівіліся, калі мы прапаноўвалі грошы.
Яшчэ мне падабаецца тутэйшая архітэктура. Гэтая сумесь усходу і захаду, праваслаўя і каталіцызму. Касцёлы і цэрквы, ратушы і замкі. Прыгожая прырода з вельмі камфортным кліматам. І, вядома, кухня — будзе цяжка знайсці стравы, якія мне не падабаюцца».
Мужчына лічыць Беларусь радзімай, бо ўвабраў нашу культуру.
«Калі так можна сказаць, хоць я рускі па нацыянальнасці, я беларус па культуры», — з гонарам адзначае Аляксандр.





