Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Пачынаў з камсамола і выхаваўчай працы ў Педуніверсітэце

Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964-м у Новакузнецку ў Сібіры. Пасля школы адслужыў у войску (1982—1984) і толькі тады апынуўся ў Мінску.

Будучы міністр скончыў Педінстытут па спецыяльнасці «Гісторыя і замежная мова», у выніку ў гэтай навучальнай установе і застаўся.

З 1989 да 2001 года быў сакратаром камітэта камсамола, начальнікам аддзела выхаваўчай працы ў БДПУ, пасля на пару гадоў стаў начальнікам упраўлення выхаваўчай працы і яшчэ на год — прарэктарам па выхаваўчай працы. Таксама ён узначаліў створаны пры БДПУ паспяховы навучальны цэнтр «Сучасны свет», які прапаноўваў дадатковую платную адукацыю па замежных мовах, а таксама камп’ютарныя курсы.

Па словах былых студэнтаў, Карпенка выкладаў культуру маўлення і выглядаў нашмат больш сучасным і еўрапейскім выкладчыкам, чым яго замшэлыя калегі.

Быў дэпутатам парламента двух скліканняў

У 2004 годзе Карпенка абіраўся ў парламент. Ён балатаваўся па Ясенінскай акрузе як беспартыйны і, паводле афіцыйнай інфармацыі, набраў 52%. Тром яго канкурэнтам-апазіцыянерам запісалі па 13—14%.

У парламенце трэцяга склікання Карпенка ўвайшоў у камісію па ахове здароўя, фізкультуры, справах сям'і і моладзі.

На наступных выбарах ён ужо прадстаўляў Камуністычную партыю. Афіцыйныя вынікі далі Карпенку 66,5%, а яго суперніцы Валянціне Свяцкай ад БНФ (яна супрацьстаяла Карпенку другі раз запар) — 20%.

У гэтым скліканні новаспечаны камуніст заняўся міжнароднымі справамі і сувязямі з СНД. Напрыканцы тэрміну ён узначаліў адпаведную камісію.

«Вобразна кажучы, я ўжо не школьнік, каб мне з ПАРЕ пагражалі пальцам, што мы нешта не так робім, — заяўляў ён падчас візіту ў Францыю. — У нас створаная працоўная група, якая вывучае пытанне ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне. Рэзалюцыя ПАРЕ толькі наносіць шкоду вырашэнню гэтага пытання. У нас ёсць пэўная грамадзянская і чалавечая годнасць, якая не дазваляе трываць настаўленне з боку».

Педуніверсітэт знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У суседнім будынку працуюць урад і парламент, праз дарогу знаходзіцца Мінгарвыканкам. Такім чынам, за 30 гадоў жыцця ў Беларусі Карпенка не працаваў нідзе, апроч плошчы Незалежнасці!

Даў Лукашэнку ў Мінску 67% на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года

Падчас прэзідэнцкай кампаніі-2010 Карпенка, які адкрыта заклікаў сваю партыю падтрымаць Лукашэнку, узначаліў Мінскую выбарчую камісію.

Ён асабіста прыходзіў на сустрэчы апазіцыйных кандыдатаў з выбарцамі і папярэджваў пра незаконнасць такіх акцый.

У выніку Мінская выбарчая камісія зафіксавала, што ў сталіцы за Лукашэнку прагаласавала больш за 67%. Місія Карпенкі была паспяхова выкананая.

З выбарчай камісіі ў галоўныя ідэолагі Мінска

На наступны год Карпенка стаў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. У сферу яго ўплыву ўвайшлі пытанні ідэалогіі, адукацыі, аховы здароўя, спорту, турызму і сацыяльнай абароны.

Чым запомніўся Карпенка на пасадзе галоўнага ідэолага сталіцы, дык гэта барацьбой з беларускай лацінкай у метро.

Чыноўнік патрабаваў спыніць транслітарацыю геаграфічных назваў, у тым ліку, напрыклад, станцый метро, з беларускай мовы. Аднак эксперты заўпарціліся і прымусілі Карпенку адступіць, прынамсі часова.

Іншая яго ініцыятыва — прапанова ўвесці адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай вайны. «Магчыма, надышла неабходнасць на заканадаўчым узроўні замацаваць пэўную адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, паставіць заслон недарэчным выказванням хаця б у памяць пра загінулых і з павагі да ветэранаў», — тлумачыў ён.

Чыноўнік з партбілетам 

У беларускіх чыноўнікаў не прынята знаходзіцца ў шэрагах палітычных партый. А Карпенка не проста партыец, а яшчэ і сакратар (кіраўнік) праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. Арганізацыю ён узначальвае з 2012 года.

«Несумненна, у аснове нашай праграмы ляжыць тэорыя марксізму-ленінізму… Гэта партыя, якая сёння прапагандуе ідэі грамадства сацыяльнай справядлівасці, на мой погляд, мы павінны заняць левы фланг палітычнай дзейнасці ў нас у Беларусі», — заявіў ён пасля абрання.

У снежні 2016 года ён узначаліў Міністэрства адукацыі. Падчас кіраўніцтва Карпенкі сістэма адукацыі не зведала сур’ёзных рэформаў.

Дэбюракратызацыя, павышэнне прэстыжу працы настаўніка, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця адукацыі на беларускай мове — усё гэта не рэалізаванае. Настаўнікі па-ранейшаму застаюцца апірышчам фальсіфікацый на выбарах і інструментам ціску на бацькоў.

Асноўныя цытаты Ігара Карпенкі як міністра адукацыі

«Настаўнік, як і раней, застаўся апорай дзяржаўнай улады і суверэнітэту краіны. Таму палітыка прэзідэнта па абароне настаўнікаў, іх сацыяльнай падтрымцы, умацаванні станоўчага іміджу педагога і школы заўсёды атрымлівае станоўчы водгук у педагагічнай супольнасці. У сваю чаргу гэта накладае і пэўную адказнасць на педагога за якасць і вынік яго дзейнасці». (24.08.2021)

«Паўлегальныя прыватныя дзіцячыя садкі і школы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх ці рэлігійных аб'яднанняў у большасці выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, станавіліся апорай для каляровай рэвалюцыі. А іх супрацоўнікі і кіраўнікі апынуліся ў дэструктыўных арганізацыях рознага ўзроўню». (24.08.2021) 

«Мы павінны спыніць публічна крытыкаваць настаўніка, бо тым самым падрываем яго аўтарытэт у вачах школьніка. Давайце спынім публічнае абмеркаванне настаўнікаў, для гэтага ёсць іншыя формы: педсаветы, бацькоўскія сходы, педагагічныя суполкі, калегіі Міністэрства, але не інтэрнэт. І ўжо сапраўды не школьнікі павінны абмяркоўваць з бацькамі альбо яшчэ з кім-небудзь настаўніка». (29.08.2021)

Сышла эпоха. Замест Ярмошынай Цэнтрвыбаркам узначаліў Ігар Карпенка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0