Супрацьтанкавыя вожыкі. Фота: асабісты архіў

Супрацьтанкавыя вожыкі. Фота: асабісты архіў

«З Беларусі я з’ехала не па палітычных матывах, хаця, безумоўна, мяне не задавальняе, што там адбываецца. Я ўдзельнічаю ў пратэстах з 15 гадоў. І 2020 год не стаў для мяне выключэннем. З’ехала, таму што мне зрабілі цудоўную прапанову па працы. Я дырэктар па маркетынгу, які займаецца аўтамабілямі з ЗША. Спачатку ў мяне быў кантракт на тры месяцы, але потым я зразумела, што з Украіны я назад не паеду. Была апошні раз у Беларусі на Новы год. Збіралася забраць дачку і аддаць яе ва ўкраінскую школу. Але пакуль што такой магчымасці з-за вайны няма», — кажа яна. Па гэтай жа прычыне, праз дачку, яна просіць не публікаваць яе фота.

Ненадоўга размова з Марыяй перарываецца. Дзяўчына праязджае блокпост, на якім нельга знаходзіцца з тэлефонам у руках. Марыя едзе па-валанцёрскіх справах.

«З трэцяга дня вайны пачала гэтым займацца. У Кіеве я здымала кватэру на 22-м паверсе.

Стала небяспечна, мае знаёмыя паклікалі да сябе жыць у бункеры. Яны да вайны займаліся арганізацыяй канцэртаў, выстаў. Яны вельмі творчыя. У бункеры ў іх была майстэрня. Мы хутка перарабілі яго ў месца, дзе можна жыць, хавацца падчас вайны. Ён у нас досыць цывільны. Ёсць невялічкі пакой на два-тры чалавекі, гарачая вада, кухня, душ», — кажа яна.

Першы дзень у бункеры Марыя разам са знаёмымі ўкраінцамі рабіла кактэйлі Молатава. А потым — супрацьтанкавыя вожыкі. 

«Спачатку зрабілі некалькі маленькіх штук, — кажа яна. — Гэта быў тэставы варыянт. Яны больш падыходзілі для аўтамабіляў. А потом падумалі, што калі на нас ідуць танкамі, то якія вожыкі супраць аўтамабіляў? Сталі рабіць вялікія. Знаходзіцца наш такі ўмоўны штаб нападалёку ад старога завода. Мы дамовіліся, каб яны нам выдзелілі нейкія прамысловыя плошчы, абсталяванне. Таксама абзвоньвалі металабазы. Знайшлі некалькі людзей, якія будуць пастаўляць нам метал. Яны прывезлі нам велічэзныя швейлеры, з іх мы і рабілі вожыкі.

Самі намалявалі эскіз — гэтым займаліся нашы хлопцы, яны мастакі-інжынеры. У першыя дні быў вялікі попыт. Куды ні тэлефанавалі, усе прасілі супрацьтанкавыя вожыкі. Развозілі іх па Кіеве. І паколькі наша каманда творчая, то і вожыкі ў нас брэндаваныя. На нашых ёсць лагатып: намаляваны вожык, які нясе дохлага чырвонага пацука. Калі едзеш па Кіеве і бачыш менавіта свае, прыемна робіцца». 

Такіх вожыкаў Марыя разам са знаёмымі зрабіла больш за трыста штук. Дзяўчына ўпэўненая, што з часам яны стануць сімвалам абароны Кіева. 

«Пасля вайны могуць быць арт-аб’ектамі, якія нават развязуць па еўрапейскіх гарадах як малыя архітэктурныя формы. Увогуле, гэта даволі простая канструкцыя. Бяруцца тры швейлеры і паміж сабой зварваюцца. Гэтым займаліся хлопцы. У першы дзень мы зрабілі каля пяці вожыкаў, а пасля рабілі па 30-40 штук. Набілі руку.

Цяпер попыт на вожыкаў скончыўся — трэба бронекамізэлькі. Мы звязаліся з УСУ, яны прывезлі нам з Дняпра фуру бронесталі. Было каля адзінаццаці тон. Мы яе калілі, наладзілі швейнае прадпрыемства. Недалёка ад гэтага завода жыве дзяўчына — дызайнерка адзення. Мы на чале з ёй цяпер робім бронекамізэлькі. Іх будзе каля 1500», — дзеліцца планамі Марыя. 

На пытанне, чаму вырашала заставацца ва Украіне, беларуска адказвае, што аказалася ў гэтым месцы і ў такі час, — значыць патрэбная там.

«У мяне былі знаёмыя хлопцы-беларусы, якія мне пісалі і прасілі, каб я іх давезла да польскай мяжы. Яны разважалі, што гэта не наша вайна. Я так не лічу.

Дапаможам перамагчы Украіне — і потым будзе прасцей вызваліць Беларусь.

Гэтыя людзі прапаноўвалі мне заплаціць, але я была непахісная», — кажа Марыя.

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

За гэты час валанцёры пабывалі ў розных невялікіх гарадах і вёсках Украіны. Ездзілі яны і ў Ірпень пасля вызвалення ад расійскіх салдат. 

«Убачылі жах, непрыбраныя целы на Жытомірскай трасе, цэлыя сем’і, спаленыя каля аўтамабіляў, — кажа Марыя. — Паразмаўлялі з жыхарамі мясцовымі, якія перажылі гэтую акупацыю. Таксама яны нам расказалі, што ёсць патрэба ў гуманітарнай дапамозе. Мы сталі вазіць прадукты. Але вось ёсць такія «папулярныя» напрамкі, куды едзе шмат валанцёраў, а мы якраз заняліся вёскамі, населенымі пунктамі, куды рэдка нешта вязуць.

Калі патрэба ў гуманітарцы скончыцца, ёсць ідэя развазіць насенне. У іх цяпер няма магчымасці яго набыць, а пачынаць садзіць трэба. Для сельскіх жыхароў гэта важна».

Таксама Марыя разам з валанцёрамі робіць печы-буржуйкі. Калі было холадна, на іх быў попыт. 

«Яны ў нас з ліставога металу. Цяпер ужо цяплей, але ўсё роўна некаторыя просяць. Напрыклад, у Чарнігаў дзве адвезлі. Там у адной жанчыны суседнія дамы разбамбілі да фундаменту, а яе дом моцна пашкоджаны, у яе няма электрычнасці, газу. Яна ў якасці падзякі зрабіла для нас шыкоўны абед на вогнішчы.

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

Канструкцыю буржуек мы робім самі, каб яна была не цяжкая, зручная, з ручкамі, каб пераносіць. Яшчэ на блокпасты адвозілі, каб хлопцы не мерзлі ў лясах. Увогуле, буржуйкі робяцца проста. Ёсць інжынерная канструкцыя, выразаюцца неабходнага памеру лісты, адтуліна пад дымаход, дзверкі. І усё гэта зварваецца і апрацоўваецца балгаркай. Асвоілі новую прафесію», — распавядае яна. 

Блізкія Марыі спачатку ўгаворвалі яе з’ехаць з Украіны ў ЕС. Але дзяўчына настойвала на сваім.

«Яны мяне зразумелі, прынялі мой пункт гледжання. Мама кажа, што хвалюецца, не спіць начамі, але ганарыцца мной. Сваёй шасцігадовай дачцэ, якая засталася ў Беларусі, я забараніла расказваць пра вайну. Проста сказала ёй, што закрылі межы. Я лічу, што дзяцей трэба ад гэтых падрабязнасцей бараніць. Мы стэлефаноўваемся амаль кожны дзень. Яна ведае, што я яе люблю», — кажа Марыя. 

Чытайце таксама: 

Паранены на пратэстах-2020, носіць з сабой гранату на выпадак акружэння: хто такі добраахвотнік «Янкі» ў вобразе вусатага гусара

«Адной дзяўчынцы 9, іншай 11 гадоў, зашывалі», — псіхолаг расказала пра згвалтаваных у Бучы расійскімі салдатамі дзяцей

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0