За 180 хвілін чвэрцьфінала «Атлетыка» так і не здолеў прабіць Эдэрсана і «Ман Сіці». Фота: Uefa.com

Сёлетняя Ліга чэмпіёнаў адметная тым, што ўжо ў чвэрцьфінале барацьбу за трафей спынілі пераможцы двух апошніх розыгрышаў, «Чэлсі» ды «Баварыя». У сераду да іх мог далучыцца фіналіст-2021 з «Манчэстэра». Аднак каманда Пепа Гвардыёлы здолела ўтрымаць нулявую нічыю на полі іспанскага «Атлетыка».

У двубоі лепшых камандаў Ла Лігі ды АПЛ перавага была на баку гаспадароў «Ванда Метрапалітана». Аднак з 14 удараў толькі тры падначаленыя Дыега Сімяонэ скіравалі ў створ. Там жа, на іх бяду, бездакорна дзейнічаў Эдэрсан.

 «Ман Сіці» правёў сотую гульню ў Лізе чэмпіёнаў. Фота: Uefa.com

Адзначым, што іспанцы напрыканцы сустрэчы ўзмацнілі не толькі футбольны, але і псіхалагічны ціск. Аднак самі яго не вытрымалі: на 90-й хвіліне за паўторную жоўтую картку Феліпе быў выдалены з поля.

Дзякуючы хатняй перамозе 1:0 тыдзень таму, «Сіці» разам з настаўнікам патрапіў у паўфінал.

Для Гвардыёлы гэта ўжо дзявяты раз такой доўгай вандроўкі па турніры, што ёсць рэкордам спаборніцтва. Да таго ж нулявая нічыя ў Іспаніі дазволіла «гараджанам» давесці сваю серыю без параз ва ўсіх турнірах да 10 сустрэч.

«Ліверпуль» прабіўся ў паўфінал ЛЧ дванаццаты раз — і паўтарыў рэкорд «Манчэстэр Юнайтэд» для англійскіх клубаў. Фота: Uefa.com

«Ліверпуль» за кошт гасцявой перамогі напачатку месяца мог асабліва не турбавацца адносна вынікаў гульні ў адказ. Лік 3:1 гарантаваў падначаленым Юргена Клопа істотную перавагу над «Бенфікай». Таму настаўнік англічан напярэдадні матча правёў масавую ратацыю.

Задума апраўдалася: «чырвоныя» выглядалі значна шпарчэйшымі за партугальцаў — і дзякуючы дублю Фірміна ўжо да 65-й хвіліны мелі перавагу 3:1.

За час, што заставаўся да фінальнага свістка, лісабонцы раўнавагу аднавілі. Аднак тым самым не здолелі ні прабіцца ў паўфінал, ні перарваць ланцужок «Ліверпуля» з сямі матчаў без параз.

«Бенфіка» здолела адыграцца з 1:3 на «Энфілдзе». Фота: Uefa.com

Такім чынам, у паўфінале сустрэнуцца «Рэал» ды «Манчэстэр Сіці», а таксама «Ліверпуль» і «Вільярэал». Першыя матчы адбудуцца 26 і 27 красавіка. Гульні ў адказ — 3 і 4 траўня.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Сенсацыі Лігі чэмпіёнаў: «Баварыя» саступае «Вільярэалу» і пакідае турнір, «Рэал» ратуецца на 80-й хвіліне і ў дадатковы час б'е «Чэлсі»!

Клас
1
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру