Дыджытал-мастак скінуў фота расійскай вайсковай тэхнікі «Беларускаму Гаюну»

Віктар Кулінка

Віктар Кулінка

Следчы камітэт паведамляе аб затрыманні 31-гадовага творчага работніка, які «накіроўваў антываенным каналам фатаграфіі і відэафайлы аб руху транспартных сродкаў вайсковага прызначэння».

Па інфармацыі «Вясны», дыджытал-мастак Віктар Кулінка быў затрыманы 30 сакавіка. На праўладных телеграм-каналах з'явілася «пакаяннае» відэа, дзе ён распавядае, што сфатаграфаваў калону вайсковай тэхнікі расійскіх войскаў, якая накіроўвалася ў бок Гомеля. Паводле яго слоў, фота ён перадаў у телеграм-канал «Беларускі Гаюн».

Сцвярджаецца, што ён даслаў фота калоны вайсковай тэхнікі ў бот тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», які 16 сакавіка быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Паводле папярэдняй інфармацыі, Віктару інкрымінуецца арт. 361-4 і арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) за рэгістрацыю ў плане «Перамога», якую сілавікі выявілі ў тэлефоне.

Мама непаўналетняга дзіцяці адправіла Nexta відэа з верталётамі

У Следчым камітэце паведамілі, што абвінавачанне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці прад'яўленае 28-гадовай маці непаўналетняга дзіцяці з Мазыра. Паводле версіі абвінавачвання, яна «зняла відэа з перамяшчэннем верталётаў для ангажаванага дэструктыўнага рэсурсу».

У дадзены момант жанчына знаходзіцца ў следчым ізалятары Гомеля. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пад апісанне падыходзіць Ганна Пышнік (Чымпаеш). Яе затрымалі за адпраўку відэа ў Nexta.

Былая настаўніца з Хойнікаў скінула відэа «Беларускаму Гаюну»

Ірына Абдукерына

Ірына Абдукерына

49-гадовую былую настаўніцу з Хойнікаў Ірыну Абдукерыну затрымалі раніцай 5 красавіка на лецішчы. Падставай для затрымання стала нібыта тое, што жанчына запісала на відэа перамяшчэнне калоны расійскай вайсковай тэхнікі і пераслала відэа ў телеграм-канал «Беларускі Гаюн». Пра гэта гаворыцца ў «пакаянным» відэа з ёй.

Прытым у гэтым самым відэа было пазначана, што Ірыну звольнілі з навучальнай установы ў 2020 годзе, хоць яна сышла адтуль па сваім жаданні яшчэ ў 2016-м.

10 красавіка жанчыне прад'явілі абвінавачванне адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Цяпер Ірына знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА. Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, падчас утрымання ў Хойніцкім ІЧУ паўсталі вялікія праблемы з перадачай для Ірыны. Ні ў чацвер, ні ў пятніцу неабходныя прадметы Ірыне не перадалі. У нядзелю начальнік ізалятара часовага ўтрымання таксама адмовіўся прымаць перадачу для затрыманай.

Жыхар Гомеля даслаў у «Беларусь галаўнога мозгу» відэа тэхнікі на вакзале

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 43-гадовага жыхара Гомеля Алега Барадзіна 1 красавіка. Як мяркуецца, зараз пра яго і паведамляе СК. Прычына — мужчына зняў на вакзале абласнога цэнтра відэа з вайсковай тэхнікай і адправіў «экстрэмісцкаму тэлеграм-каналу».

Алег Барадзін

Алег Барадзін

«Пакаяннае» відэа з ім з'явілася на праўладных телеграм-каналах. «Зрабіў відэа на вакзале Гомеля з вайскоўцамі Расійскай Федэрацыі і скінуў гэта відэа ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозгу», — кажа на відэа мужчына.

Таксама фігурантам крымінальнай справы па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса стаў непаўналетні навучэнец прафесійнага ліцэю. Паведамляецца, што ўраджэнец Мазыра скінуў у «экстрэмісцкі» канал відэа з перамяшчэннем вайсковай тэхнікі. Ён узяты пад варту. Прозвішча і месцазнаходжанне хлопца пакуль невядомыя.

У паведамленні Следчага камітэта адзначаецца, што ў рамках ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса затрыманы 37-гадовы гомельскі таксіст і жыхар Гомеля ва ўзросце 30 гадоў. Іх прозвішчы і месцазнаходжанне таксама высвятляюцца.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
33