Што прадугледжвае план:

— падтрымку экспарту і пашырэнне крэдытавання экспарцёраў незалежна ад рынку паставак беларускай прадукцыі;

— зніжэнне мытных пошлін для імпартных тавараў, неабходных для вытворчасці на экспарт;

— магчымасць рэструктурызацыі запазычанасці і выплаты пеняў па мытных плацяжах;

— выстройванне новых транспартна-лагістычных ланцужкоў для перанакіравання экспартных патокаў;

— праца з расійскімі калегамі па пытаннях павелічэння квот, а ў перспектыве адмена дазвольнай сістэмы перавозак грузаў і кабатажу для беларускіх аўтаперавозчыкаў;

— стварэнне з Расійскай Федэрацыяй сумесных імпартазамяшчальных вытворчасцяў;

— дадатковую фінансавую падтрымку для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія будуць выпускаць прадукцыю, якая не вырабляецца ў Беларусі і Расіі;

— вызваленне бізнэсу ад адміністрацыйнай адказнасці па выніках праверак за ўпершыню дапушчаныя і ненаўмысныя парушэнні;

— прадастаўленне арганізацыям права на атрыманне субсідый з ФСАН для даплат работнікам, а таксама дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі некаторым катэгорыям грамадзян у выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі зыходзячы з даходаў, атрыманых за 3 месяцы;

— грашовыя даходы, пенсіі, дапамогі будуць індэксавацца да ўзроўню інфляцыі;

— магчымасць надавання рэзідэнтам ПВТ даступных ільгот і прэферэнцый па аналогіі з мерамі, прынятымі ў Расіі, у тым ліку права на адтэрміноўку ад прызыву на ваенную службу.

Таксама ў дакумент уключаны меры лакальнага характару па падтрымцы прамысловасці, будаўнічай галіны, сельскай гаспадаркі, транспарту і турызму.

«Агульнае ўражанне: пашкоджанне шэрагу «ўнутраных органаў» эканомікі спрабуюць лячыць, прытуляючы да іх вонкавыя прымочкі, ды на ўсялякі выпадак падмацоўваюць такі курс лячэння павялічанай дозай аскарбінак ды аспірыну.

Тое, што прымочак шмат, дазваляе называць план комплексным. Але гэта ніяк не адмяняе таго, што маштаб лячэння не адпавядае маштабу хваробы, — каментуе эканаміст Beroc Дзмітрый Крук. —

Што пры такім агульным дыягназе, тым не менш, вартае ўвагі. 

Улады заяўляюць, што хочуць прадухіліць спад экспарту. Асноўным лейтматывам тут з’яўляецца жаданне прадухіліць адток людзей з ІТ-сектару — не толькі на Захад, але і ў Расію. Дзеля гэтага ім абяцаюць захаваць існуючыя льготы і забяспечыць рэжым існавання не горшы за новы расейскі (зацверджаны на пачатку сакавіка).

Але ці ёсць такія абяцанкі істотным чыннікам для айцішнікаў — зусім іншае пытанне. Сумняюся. Як мы можам бачыць па новай хвалі адтоку спецыялістаў, нежаданне шматлікіх замоўцаў працаваць з фірмамі з Беларусі, увесь каларыт жыцця ў дыктатарскай краіне з эканомікай, якая ўваходзіць у піке, часцяком пераважвае.

Блок з гучным загалоўкам «садзейнічанне развіццю транспартна-лагістычных калідораў» пераважна ні аб чым. З яго можна толькі пачарпнуць, што ўстаноўка «пераарыентацыі» гандлю на Усход пачынае дамінаваць у рыторыцы. Але ў практычным плане тут усё значна цяжэй. Таму асноўны метад плану ў гэтай частцы — правесці перамовы.

Блок «стымуляванне імпартазамяшчэння» — падмацаваны шэрагам захадаў сігнал аб пераходзе ў рэжым эканамічнай ізаляцыі і асады. І пры гэтым яны, відаць, лічаць, што гэта добрая навіна.

Блок «стварэнне прывабнага бізнэс-асяродку» самы буйны па колькасці захадаў. Але амаль усе з іх выглядаюць ці аскарбінкамі, ці ў лепшым выпадку аспірынкамі для бізнэсу.

Шмат захадаў з гэтага спісу бізнэс прасіў прыняць даўно. У нармальных эканоміках большасць з іх — нормы па змоўчанні. Але ў нас звычка стрыгчы бізнэс вельмі ўстойлівая.

А зараз, калі значная яго частка змагаецца за існаванне і патрабуе падтрымкі, яму фактычна кажуць: «Ну ладна, некаторы час будзем вас стрыгчы менш інтэнсіўна, і ў гэтым наша вам падтрымка.»

Блок «сацыяльная падтрымка работнікаў» патэнцыйна можа стаць больш-менш змястоўным. Там узгадваюцца некаторыя істотныя рэчы, напрыклад, падтрымка беспрацоўных, індэксацыя даходаў і іншае. Але большасць захадаў у плане фармулюецца так: будзе прыняты нарматыўна-прававы акт, які дасць права асобным органам цяперашніх уладаў прыняць адпаведныя захады. А вось ці прымуць яны іх — гэта ўжо асобнае пытанне. Памятаючы аб тым, што напаўненне бюджэту пагаршаецца, а таксама што ўлады з пагардай ставяцца да наўпроставых захадаў па падтрымцы хатніх гаспадарак (што яскрава прадэманстравала першая хваля кавіду ў 2020 годзе), сумняюся, што ў выніку такога кшталту захады будуць зацверджаныя ў якім-небудзь значным аб’еме. 

У дачыненні да хатніх гаспадарак яшчэ асобнай увагі заслугоўвае пункт пра тое, каб падвысіць даступнасць тавараў з-за мяжы, уключаючы пакупкі з інтэрнэт-крамаў. З аднаго боку, гэта даволі лагічны крок для падтрымкі людзей, якія сутыкаюцца са скарачэннем спажывецкага выбару, а тое, што даступна, даражэе. І бягучая сітуацыя можа быць добрай нагодай каб, сама меней, адаптаваць дадзеную норму хаця б да стандартаў ЕЭАС, часткай якога Беларусь з’яўляецца.

З другога боку, застаюцца сумненні, што ўлады на гэта пойдуць. Гэтае пытанне ўздымалася неаднаразова раней, але заўседы знаходзіліся нейкія тлумачэнні, чаму нельга. Таму і зараз ёсць засцярогі, што гэтая норма застанецца на паперы ці ў дачыненні да яе будзе знойдзена нейкая супрацьвага». 

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Беларускія транспартнікі разлічваюць узбагаціцца на фоне еўрапейскіх санкцый супраць перавозчыкаў, і гэта магчыма. Тлумачым нюансы

«Увесь бізнэс проста стане». Што азначаюць новыя санкцыі для беларускіх перавозчыкаў

Клас
1
Панылы сорам
9
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1