Фота: Сергей Прыстаўка 

Фота: Сергей Прыстаўка 

«Калі не зʼяўлюся, то будзе крымінальная справа»

Юрыю 20 гадоў. Ён вучыцца за мяжой, у адной з польскіх ВНУ. З беларускага ўніверсітэта адлічыўся ў кастрычніку, тады ж атрымаў першую позву ў войска. З Беларусі Юрый выехаў, але пасля даведаўся, што яго зрабілі невыязным.

 «У мяне прызыўны ўзрост, і я падлягаю прызыву цяпер, — расказвае Юрый. — У Польшчы я ўжо шэсць месяцаў. Ваенкамат мне другую позву шле. Паводле яе, я 26 красавіка павінен зʼявіцца на мерапрыемствы прызыву. І калі я гэтага не зраблю, то будзе крымінальная справа. Так яны сказалі».

Юрый дадае, што супрацоўнікі ваенкамата размаўлялі з яго бацькам, пазванілі проста на мабільны нумар. Новую позву ніхто з яго родных у руках не трымаў і пад подпіс не браў.

«Яны нават не назваліся адразу, а распытвалі, дзе я знаходжуся і чым займаюся, — гаворыць Юрый. — Толькі пасля ўжо прызналіся, што гэта з ваенкамата. Прычым супрацоўнік так і не прадставіўся. Сказалі бацьку, што завядуць на мяне крымінальную справу. Прычым сказалі, што ведаюць, што я выехаў за мяжу, і калі я з універсітэта прышлю ім даведку пра тое, што я вучуся, то атрымаю яшчэ адну адтэрміноўку, другую. Прычым мая першая адтэрміноўка на вучобу скончылася ўжо, а закон дазваляе толькі адну».

Юрый кажа, што слаць ліст са свайго новага ўніверсітэта ў Беларусь не будзе. Вяртацца на радзіму ў хуткім часе не плануе таксама. Гаворыць, што проста не хоча паведамляць беларускім уладам, дзе ён дакладна цяпер знаходзіцца і якой спецыяльнасці вучыцца.

«Сказаў усім сваім родным, каб яны на пытанні пра мяне адказвалі, што нічога не ведаюць, — кажа Юрый. — Што згубілі са мной сувязь.

Як бацька зразумеў з размовы з прадстаўніком ваенкамата, у іх гэта цяпер масавая зʼява (адсутнасць прызыўнікоў у краіне. — РС) і яны не хочуць заводзіць столькі крымінальных спраў.

Я сам не супраць службы ў войску. Але пакуль у Беларусі такая ўлада, то я дакладна туды не пайду. Ідэалагічна мне непрыемна было б сёння асацыявацца з беларускімі сілавымі структурамі. Пры гэтым у мяне палова сям’і — вайскоўцы. Пасля змены ўлады я буду ў першых шэрагах тых, хто пойдзе ў беларускае войска».

 «Баюся ехаць у Беларусь»

Аляксандр жыве ў Літве ўжо некалькі гадоў, мае сталую працу. Выехаў яшчэ да падзей 2020-га. Ён падпадае пад прызыў па ўзросце, але позвы перасталі прыходзіць пасля адной з медкамісій, калі яго прызналі нягодным для службы ў мірны час. Сёлета ваенкамат зноў зацікавіўся мужчынам.

 «Прыйшла позва на адрас маёй рэгістрацыі ў Беларусі, — расказвае Аляксандр. — Запрашалі зʼявіцца ў ваенкамат у сувязі з пачаткам прызыву, дату прызначылі на канец сакавіка. Але я не паехаў, не хачу з імі звязвацца. Цяпер не ведаю, што будзе далей. Калі паеду ў Беларусь да родных, то магу не вярнуцца. Я не ведаю, што мне рабіць, баюся туды ехаць».

Аляксандр кажа, што адной з прычын нежадання зʼяўляцца ў ваенкамаце былі падзеі ва Украіне. Ён не верыць, што Беларусь магла б адправіць на вайну салдатаў тэрміновай службы, але ўсё адно вырашыў не рызыкаваць.

«Я проста вырашыў пакуль не ехаць, пасля будзе відаць, — кажа ён. — Позвы папрыходзілі не толькі мне. Я ведаю і іншыя выпадкі, калі хлопцам, якія ўжо даўно ў Літве жывуць і працуюць, таксама ў Беларусі прыходзілі запрашэнні зʼявіцца ў ваенкамат. Прычым і тым, хто ўжо адслужыў. Людзі цяпер чакаюць, што будзе далей. У Літве кажуць, што мяжу ўвогуле могуць зачыніць».

 «У ваенкамат не пайшоў, вырашыў зʼехаць»

Андрэй (імя змененае. — РС) вучыўся ў адной з «сілавых» ВНУ да 2021 года, калі яго спачатку забралі на допыт, а пасля адлічылі. Ён уладкаваўся на працу і да лютага 2022 года знаходзіўся ў Беларусі. Пакуль не атрымаў позву з ваенкамата на тэрміновыя зборы.

«Гэта было на пачатку лютага, — расказвае Андрэй. — Прыйсці ў ваенкамат мне трэба было 10 сакавіка, зборы прызначаліся на 22 сакавіка. Я не пайшоў туды, вырашыў проста выехаць за мяжу. Размаўляў з бацькамі, пакуль ніякай новай цікавасці да мяне няма. Але я вырашыў застацца за мяжой, буду спрабаваць працягнуць вучобу».

Андрэй расказвае, што спрабаваў даведацца, што гэта за вучэнні, чым яму там трэба будзе займацца. Яму патлумачылі, што зборы пройдуць недзе на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Але калі ва Украіне пачалася вайна, то ён вырашыў не чакаць і выехаў за мяжу. Час ад часу ён перапісваецца са сваімі былымі аднакурснікамі.

«Падтрымліваю кантакт з некалькімі людзьмі з былога месца вучобы, — гаворыць Андрэй. — Усе яны засталіся давучвацца. Кажуць, што ўсё спакойна, ездзілі на вучэнні».

Чытайце таксама:

«Пазваніў папрасіць лекаў ад ванітаў, падумалі — у палоне, а аказалася, што мые рускія танкі ад парэшткаў», — сваякі беларускага салдата

 

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0