Віталь Кім. Фота: Sipa USA

— Як цяпер праходзіць пасяўная?

— У стандартным рэжыме і з размініраваннем — колькасць плошчаў зменшылася да паловы. Нам не хапае тэхнікі і людзей.

Нашу вобласць мы падзяляем умоўна на дзве часткі: першая, куды акупанты не прыходзілі, і другая, дзе яны былі. На тэрыторыю апошняй выязджае МНС разам з вайскоўцамі. Яны ўсё правяраюць, размініруюць — і пасля гэтага пачынаюць працу трактары.

— Людзі цяпер вяртаюцца ў Мікалаеў ці ўсё ж пакуль яшчэ з'язджаюць?

— Людзі ўжо вызначыліся: хто можа выехаць, хто не можа, а хто хоча вярнуцца. Баланс на ад'езд і прыезд цяпер прыкладна нулявы. Тыя, хто стаміўся жыць па-за домам, у каго канчаюцца грошы — яны вяртаюцца.

— Кожную раніцу мы чытаем жахлівыя паведамленні пра тое, колькі дзяцей ужо загінула ва Украіне. У гэтай вайне ў вас ёсць нейкі асобны аспект, які абурае і злуе больш за ўсё?

— Гэта смерць людзей. За гэтым паказчыкам я сачу кожны дзень. Радуюся, калі няма загінулых. Трыццаць хвілін таму ў нас «гаўкнулі» два вялікія выбухі, цяпер разбіраюся, што гэта было.

Да гэтага два дні ў горадзе было спакойна. За апошнія суткі ў нас не было загінулых, за пазамінулыя — 6 параненых. Цяжкія баі ідуць у сёлах.

Разбураны гатэль у цэнтры Мікалаева. Фота: NURPHOTO

-— Чарнабаеўка (пасёлак за 60 км ад Мікалаева) — гэта ўжо ў нейкай ступені сумны мем. Вы можаце простай мовай растлумачыць, чаму сітуацыя там паўтараецца з разу ў раз?

— Гэта зручны пункт пад Херсонам для нападу ў бок Мікалаева. Там ёсць аэрадром. Яшчэ ў пачатку вайны расіяне пачалі везці туды тэхніку, але мы разбілі іх навалу. І яны перасталі туды яе накіроўваць.

Быў момант, калі там знаходзіўся іх камандны пункт, але мы таксама яго раздзяўблі. Потым тыдзень была цішыня — і яны зноў пачалі туды звозіць тэхніку. Лагістычна зразумела, чаму яны хочуць там апынуцца. Але мы да іх дастаём.

— Дзе вы былі, калі расіяне атакавалі абласную адміністрацыю?

— Раней я часам заставаўся начаваць там, але ў апошні час стараўся гэтага пазбягаць. Раніцай па дарозе на працу спыніўся, каб выпіць кавы на вуліцы, — тады і быў ракетны ўдар. Цяпер будынак стаіць разбураны, майго кабінета няма, загінулых людзей з-пад завалаў дасталі.

Адміністрацыя Мікалаеўскай вобласці пасля ракетнага ўдару. Фота: t.me/dsns_telegram

— Пад заваламі адміністрацыі знайшлі цела кіраўніка беларускага таварыства «Голас Радзімы» Таццяны Дзяменнікавай. Вы былі знаёмыя?

— Так, размаўлялі, але не блізка. Ведаю, што яна з Беларусі і прадстаўляла добры бок вашай краіны. Можна сказаць, што яна прадстаўляла мясцовую супольнасць.

Калі пачалася вайна, яна валанцёрыла і дапамагала Украіне. Яна не пастаянна знаходзілася ў будынку, прыйшла туды па працоўнаму пытанню.

— Калі вам было апошні раз страшна?

— Страшна было ў першыя два дні. Палохала ўсё: выбухі, страляніна, танкі, магчымы захоп у палон, страта тэрыторый. Цяпер страху няма, усе прызвычаіліся — чалавек такая істота, што прывыкае да ўсяго, акрамя холаду.

— А цяпер вы не баіцеся трапіць у палон?

— Баюся. Але мне няма калі думаць пра гэта. Я не тупы, я разумею, што такое пагрозы і рызыкі, але я таксама разумею, як імі кіраваць. Контрмеры на гэты выпадак у нас ёсць.

— Вы казалі, што «не бачыце хуткага завяршэння вайны». Чаму?

— Матывацыя. Для таго, каб скончыць вайну, абодва бакі канфлікту павінны быць задаволеныя. Улічваючы тое, што ў найбліжэйшай — нават аптымістычнай — перспектыве пытанне Крыма і Данбаса будзе падвешаным, незразумела, калі ўсё скончыцца.

Я не вайсковы эксперт, каб даваць прагнозы. Гэта больш заснавана на адчуваннях. Будуць мяняцца стадыі вайны або яе тып, але гэта будзе працягвацца. Расіянам трэба ўсвядоміць і змяніць сваё светаўспрыманне.

Гэта не адбываецца за адзін дзень. Ты раніцай прачнуўся і думаеш: «так, дакладна, мы не акупанты, х * * * * усё гэта пра нацыстаў, мы ж інтэлігентныя і дарослыя людзі». Не. Гэта мяняецца з часам.

Ва ўкраінцаў няма выбару, мы будзем стаяць, пакуль у нас ёсць сілы. Вы ж бачыце Марыупаль: без ежы, без патронаў, але ўсё роўна людзі стаяць. Мы будзем — да ўпору. Калі расіяне стамляюцца назіраць за гэтым шоў, якое ім паказваюць па тэлевізары, — а для іх гэта шоў: яны сядзяць на канапе ў майках і глядзяць на гэта, як на футбольны матч — калі яны стомяцца, калі ім гэта надакучыць, калі да іх будуць прыязджаць трупы, то тады яны могуць памяняць сваю рыторыку.

Калі людзі пачнуць бунтаваць, то кіраўніку трэба будзе турбавацца пра ўнутраную сітуацыю. Пакуль у Расіі ўсё спакойна, дыктатар можа рабіць усё, што хоча. Як толькі сітуацыя стане неспакойнай, у яго будзе на адну праблему больш.

— Мікалаеў — прарасійскі горад?

— У нас горад, дзе частка людзей любіла СССР і Расію, калі яна дзесьці там, за плотам. Але ніхто не любіць Расею, калі яна прыходзіць да нас са сваімі правіламі.

Магу расказаць анекдот. Хлопчык пытаецца: «Дзед, а табе калі больш падабалася: у 1941-м годзе ці ў 90-х?» Дзед адказвае: «У 1941-м». Хлопчык кажа: «Дзед, ты што, дурань? Там жа вайна была». Дзед: «А ў мяне ў 1941-м стаяў». Людзі памятаюць не СССР, людзі памятаюць сваю маладосць.

— Якая бліжэйшая будучыня ў Мікалаева?

— Светлая. Усё залежыць ад ваенных дзеянняў: ці будзем мы прыфрантавым горадам, ці вайна скончыцца. У нас былі вялікія планы на вялікае будаўніцтва і рост эканомікі. За час прэзідэнцтва Зяленскага мы вельмі моцна развіліся, быў велізарны скачок.

У плане інфраструктурных праектаў гэты год павінен быў быць вельмі сур'ёзным. Мы гэта ўсё вернем, адбудуем — і будзем працягваць развівацца.

Дзеці ля фантана ў даваенным Мікалаеве. Фота: Мікалаеўская гарадская рада

— Чым вы зоймецеся ў дзень, калі вайна скончыцца?

— Я не ведаю. У мяне настолькі загружаны мозг, што я зараз адключыўся ад іншых праблем: сямейных, эканамічных, бізнэсовых. Наогул няма думак. Калі гэты дзень прыйдзе, тады і вырашу, што рабіць. Я далей самой перамогі не думаю і не планую.

— Як вы зараз спіцё?

— Выдатна. Калі я сплю пяць гадзін, то гэта мала, калі сем, то гэта шмат. За шэсць я цяпер высыпаюся.

— Што б вы сказалі беларусам?

— Беларусам я б сказаў, што трэба змагацца. Трэба бараніць тое, што ў вас ёсць, каб не дапусціць таго, што адбываецца ў Расіі. Трэба змагацца і развівацца. Я вельмі перажываў за вас у 2020 годзе. Думаў: «Блін, клас. Беларусы таксама пойдуць у Еўропу, будуць цалкам свабоднымі».

Трэба змагацца. На сухой зямлі нічога не расце. Каб нешта атрымалася, трэба для гэтага падрыхтаваць глебу. Гэтая падрыхтоўка і ёсць барацьба за свае каштоўнасці, інтарэсы і свабоду. 

Клас
124
Панылы сорам
1
Ха-ха
Ого
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру